Пазіцыя каталіцкага духавенства на тэрыторыі Беларусі падчас войнаў і грамадска-палітычных узрушэнняў першай паловы ХІХ ст.

Вокладка манаграфіі

Гістарычныя артыкулы ў мінулых артыкулах “Каталіцкага Весніка” знаёмілі чытачоў з пісьмовымі і візуальнымі крыніцамі. У гэтым матэрыяле хочам заахвоціць вас самастойна знаёміцца таксама і з навуковай літаратурай, прысвечанай гісторыі канфесій у Беларусі.

У 2015 годзе ў выдавецтве “Беларуская навука” была выдадзена калектыўная манаграфія “Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (канец XVIII – пачатак XX ст.)”. Аўтары манаграфіі – калектыў прафесійных гісторыкаў: Н.В. Анофранка, С.М. Васовіч, Р.У. Зянюк, С.В. Марозава, А.Э. Сакольчык, А.М. Філатава, В.В. Яноўская. Навуковую рэдакцыю тэксту ажыццявіла В.В. Яноўская.

У манаграфіі асвятляюцца разнастайныя аспекты канфесійнага жыцця беларускіх зямель: пытанні ўключэння праваслаўнай і рымска-каталіцкай цэркваў у прававую сістэму Расійскай імперыі, эвалюцыя імперскай палітыкі ў адносінах да ўніяцкай царквы, даследуеццца адукацыйная дзейнасць розных канфесій, а таксама ўдзел цэркваў у дабрачыннасці і выдавецкай справе. Манаграфія складаецца з пяці раздзелаў. Першы прысвечаны агляду гістарыяграфіі і крыніц, другі мае назву “Шляхі адаптацыі хрысціянскіх і нехрысціянскіх канфесій у прававой структуры Расійскай імперыі”, трэці – “Канфесійны фактар у перыяд сацыяльных узрушэнняў і глабальных геапалітычных канфліктаў”, чацвёрты – “Канфесіі і фарміраванне новай соцыякультурнай прасторы. Праблема захавання традцыйных духоўных каштоўнасцей”.

Хацелася б прапанаваць чытачам вытрымкі з трэцяга раздзела гэтай манаграфіі (з першага параграфа – “Пазіцыя духавенства падчас вайны 1812 г.” (старонкі 216-228 манаграфіі) і з другога параграфа – “Духавенства ў паўстанні 1830-1831 гг.” (старонкі 228-241 манаграфіі). Аўтарам першага параграфа гэтага раздзела з’яўляецца А.М. Філатава, а другога параграфа – Н.В. Анофранка.

Што датычыць пазіцыі духавенства падчас вайны 1812 года, А.М. Філатава адзначае, што ў асяродку каталіцкага духавенства адзінства не было. У пачатку вайны 1812 г. Мітрапаліт рымска-каталіцкай царквы у Расійскай імперыі С. Богуш-Сестранцэвіч у лісце да кіраўніка Галоўнага Упраўлення духоўных спраў розных веравызнанняў князя А. Галіцына выказаўся наконт падначаленага яму духавенства такім чынам: «принять за них на себя полную ответственность я не могу». Гэта было праўдай, паколькі частка каталіцкага і ўніяцкага духавенства падтрымала Напалеона. Сярод тых, хто аказаўся на баку французаў, былі прадстаўнікі вышэйшага каталіцкага духавенства: Мінскі біскуп Я. Дэдэрка, Віленскі прэлат М. Длускі; Самагіцкі біскуп-каад’ютар Ю. Гедройц, Курляндскі суфраган І. Касакоўскі, уніяцкія біскупы – А. Галаўня, І. Булгак і іншыя. Найбольш заангажаваным у патрыятычнай дзейнасці з каталіцкіх біскупаў стаў Мінскі каталіцкі біскуп Я. Дэдэрка, які прыняў удзел у падпісанні акта мінскіх абывацелей у Глыбокім. Ён прынёс прысягу на вернасць Напалеону ў Глыбокім, далучыўся да Мінскай канфедэрацыі, якую абвясціў у кафедральным касцёле 19 ліпеня 1812 г. Віленскі прэлат М. Длускі ў сваіх казаннях падтрымліваў Напалеона.

Кляштар кармелітаў у Глыбокім, дзе падчас наступлення на Маскву спыняўся Напалеон Банапарт

Непрыхільнымі да Напалеона былі езуіты. На думку А.М. Філатавай, прычынай такога стаўлення было тое, што ўсе езуіцкія калегіі былі занятыя французамі пад вайсковыя шпіталі і казармы, нанесеная шкода асобным кляштарам і касцёлам.

Як сам Напалеон, так і яго генералы па меры захопу тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў абавязкова прысутнічалі на набажэнствах у каталіцкіх і ўніяцкіх касцёлах, сустракаліся і размаўлялі з прадстаўнікамі духавенства. Так, у сувязі з прыездам Напалеона ў Вільню Віленскі біскуп-суфраган Т. Кундзіч у капліцы пры палацы адслужыў імшу ў прысутнасці французскага імператара, які падарыў яму пярсцёнак і ахвяраваў касцёлу 300 напалеандораў. Аглядаючы горад, Напалеон доўгі час размаўляў з ксяндзом-піярам Глагоўскім, які суправаджаў яго па горадзе. Касцёлы і кляштары Вільні выкарыстоўваліся для шпіталяў. Пры адступленні французскага войска гэтыя памяшканні былі перапоўненыя параненымі.

На шляху да Масквы Напалеон на шэсць дзён затрымаўся у Глыбокім у кармеліцкім кляштары, дзе размаўляў з яго настаяцелем Пасецкім. Імператар цікавіўся шляхамі зносін, рэкамі і наколькі далёка знаходзіцца Масква. 8 ліпеня войскі французскага маршала Даву занялі Мінск. Па паведамленні іераманаха Логіна, французы вялі сябе не як ворагі, а як саюзнікі: нічога не рабавалі і «никаких следов не было открыто впоследствии, чтобы французы были участниками произведенных в крае разорений», акрамя натуральнага спусташэння пры прыходзе вялікага войска. Нават фураж французы не збіралі самі, а патрабавалі яго ад «польскага ўрада».

На баку французаў ваявалі прадстаўнікі і іншых хрысціянскіх канфесій: каталіцкага, уніяцкага, праваслаўнага. У жніўні 1812 г. сын уніяцкага святара в. Цялядавічы Слуцкага павета А. Наркевіч уступіў у 22-гі Мінскі пяхотны полк пад камандаваннем палкоўніка С. Чапскага. Пасля вызвалення тэрыторыі ён вярнуўся да навучання ў школе пры Жыровіцкім базыльянскім кляштары. Дзячок пукаўскай Георгіеўскай праваслаўнай царквы Ігуменскага павета Мінскай губерні І. Мітроўскі таксама ўступіў у французскае войска. На баку Наполеона змагалася і частка татар-мусульман, якія знаходзіліся ў татарскім палку. Адзін з яго стваральнікаў – С. Улан, – застаючыся афіцэрам, выконваў і абавязкі мулы.

Акрамя ўскладзеных абавязковых кантрыбуцый духавенства рабіла ахвяраванні на карысць французскай арміі. Так, 19 жніўня «Tymczasowa gazeta Mińska» паведамляла, што мінскі каталіцкі біскуп Я. Дэдэрка ахвяраваў на карысць вайсковага шпіталя ў Мінску 200 гарнцаў гарэлкі, а 8 лістапада пісала, што ксяндзы-місіянеры са Свіслачы далі тры бочкі жытняй мукі і дзве бараны.

15 жніўня Мінск адзначаў дзень імянін Напалеона, пра што паведаміла «Tymczasowa gazeta Mińskа» у №10 ад 19 жніўня 1812 г. А сёмай гадзіне раніцы зазванілі званы ўсіх касцёлаў горада і пачаліся малебны. Духавенства кляштараў справіла малебны за доўгі век і шчаслівае панаванне «найсвятлейшага цэзара і караля». А 10-й гадзіне французскі губернатар М. Бранікоўскі учыніў агляд мясцовага гарнізона, а затым разам з іншымі прадстаўнікамі гарадской улады пайшоў на імшу, якую справіў Мінскі каталіцкі біскуп Я. Дэдэрка. Паводле ўказа Напалеона і загада Я. Дэдэркі ва ўсіх касцёлах Мінскай каталіцкай дыяцэзіі адбываліся ўрачыстыя набажэнствы ў гонар французскіх перамог і захопу Масквы.

Графіня Эмілія Плятэр, беларуская Жанна д’Арк, удзельніца паўстання 1830-1831гг. Вырасла ў маёнтку Ліксна Дынабургскага павета Беларуска-Віцебскай губерні, дзе цікавілася і збірала фальклор. Падчас паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве ўзначаліла невялікі паўстанцкі атрад, удзельнічала ў некалькіх баях, атрымала званне капітана ў паўстанцкіх войсках

А.М. Філатава робіць выснову, што ў час вайны 1812 г. духавенства ўсіх канфесій, як і іншыя саслоўі, аказалася расколатым на некалькі частак: а) на баку Расійскай імперыі, акрамя праваслаўных, выступалі ўніяты Полацкай ўніяцкай епархіі, чальцы езуіцкага каталіцкага ордэна, стараверы, хасіды; б) нязначная часта каталіцкага і ўніяцкага духавенства падтрымала Напалеона; в) праваслаўнае духавенства, якое па розных абставінах не паспела эвакуявацца, апынулася ў даволі складаным становішчы і вымушана было прыносіць прысягу на вернасць Напалеону; г) частка духавенства імкнулася застацца ў баку ад вайны, што не заўсёды было магчыма. Ваеннае духавенства варожых бакоў, разам з арміямі, прымала ўдзел у баях. Пасля вызвалення акупаванай тэрыторыі, нягледзячы на маніфест Аляксандра І аб памілаванні, у першую чаргу ўлады імкнуліся пакараць прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства, бо яны разглядаліся як здраднікі, у адрозненне ад каталіцкага і ўніяцкага, якія былі прадстаўнікамі замежных веравызнанняў.

Пазіцыю духавенства (у тым ліку каталіцкага) падчас паўстання 1830-1831 гг. асвятліла ў другім параграфе трэцяга раздзела Н.В. Анофранка. Даследчыца кажа, што, як бачна з даносаў, святары ў большасці выпадкаў абвінавачваліся ў антыімперскай прапагандзе, якая быццам адбывалася ў час набажэнстваў ці ў публічных месцах. Аднак матэрыялы Мінскай следчай камісіі (не называючы крыніцы даносаў) даюць больш шырокі спектр абвінавачванняў. Іераманах Глускага бернардзінскага манастыра Б. Баратынскі абвінавачваўся ў распаўсюджванні чутак. Манахі Бярэзінскага бернардзінскага манастыра абвінавачваліся ў намеры далучыцца да мяцежнікаў і маліліся за палякаў. Уніяцкі святар І. Марціноўскі абвінавачваўся ў агалашэнні паўстанцкіх актаў. Прыходскі ўніяцкі святар вёскі Парпліца І. Камінскі і ўніяцкі святар прыходскай царквы вёскі Сікота М. Ляснеўскі былі абвінавачаны ў тым, што, абяцаючы вольнасць, угаворвалі людзей збіраць косы і іншую зброю і рыхтавацца да ўдзелу ў паўстанні. Іераманах Браслаўскага базыльянскага манастыра В. Кучынскі абвінавачваўся ў тым, што хаваў у сябе ад пераследу расійскіх войск памешчыка Кудоміна, які «отдал в мятеж двух своих сыновей и трех крестьян». Уніяцкі святар Турчыновіч быў абвінавачаны ў тым, што сустракаў мяцежнікаў у святарскім строі. Прыёр дамініканскага манастыра Скіндэр абвінавачваўся ў тым, што быў святаром у атрадзе вілейскіх мяцежнікаў. У ходзе следства ўсе гэтыя святары былі прызнаныя невінаватымі. У спісах Віленскай следчай камісіі таксама прысутнічалі прадстаўнікі каталіцкага святарства, якія ў выніку тайнай праверкі або афіцыйнага следства былі прызнаныя недатычнымі да паўстання.

На актыўнасць каталіцкіх і ўніяцкіх святароў у паўстанні аказвалі ўплыў розныя фактары. Па падліках В. Гарбачовай, у беларуска-літоўскіх губернях у паўстанні ўзялі ўдзел католiкаў – 101 чал., унiятаў – 18 чал. У Гродзенскай губерні да следства былі прыцягнутыя 33 каталіцкія святары. У Мінскай губерні да следства прыцягнулі прадстаўнікоў каталіцкай царквы – 35 чал., унiятаў – 5 чал. У Віленскай губерні было выяўлена 37 прадстаўнікоў духавенства – 33 католiкі i 4 унiяты. На тэрыторыі Віцебскай і Магілёўскай губерняў, зыходзячы з дадзеных В. Гарбачовай, святары да следства не прыцягваліся.

Формы ўдзелу святароў у паўстанні былі наступныя: пасіўныя (адмаўленне выконваць распараджэнні вышэйшага духоўнага і свецкага кіраўніцтва), агітацыйна-прапагандысцкія (абвяшчэнне паўстанцкіх дакументаў у парафіях і агучванне распараджэнняў паўстанцкіх улад), наладжванне сувязей і дапамога паўстанцам, а таксама непасрэдны ўдзел у паўстанцкіх органах ці ў якасці капеланаў і правадыроў узброеных атрадаў. Гэтыя формы частка камбінаваліся. Былі выпадкі, калі агітацыя спалучалася з іншымі дзеяннямі. Так, завілейскі каталіцкі святар К. Каверскі чытаў з амбоны паўстанцкія пракламацыі, а таксама на загад паўстанцаў даў са свайго маёнтка восем кантаністаў. У Глыбокім святары не толькі агітавалі за паўстанне, але і вучылі сялян карыстацца рознай зброяй «для присоединения их к толпе мятежников».

Дастаткова распаўсюджанай формай удзелу святароў у паўстанні было прывядзенне да прысягi на адданасць паўстанцкаму ўраду. Напрыклад, Ф. Жалязоўскi і Ф. Плюцынскi, унiяцкiя святары з Пружанскага i Ваўкавыскага паветаў, неаднаразова наведвалi паўстанцаў у Белавежскай пушчы і прыводзiлi iх да прысягi.

Распаўсюджанай формай была матэрыяльная падтрымка паўстанцаў. Некаторыя святары аказвалі паўстанцам дапамогу ў выглядзе грашовых ахвяраванняў, збіралі зброю, харчаванне, амунiцыю. Таксама святары перадавалі паўстанцам інфармацыю. Напрыклад, манах магілёўскага бернардзінскага манастыра Дробыш абвінавачваўся не толькі ў антыўрадавай агітацыі сярод насельніцтва, але і ў шпіянажы на карысць паўстанцаў.

Да актыўных формаў удзелу святароў у паўстанні належыць іх знаходжанне ў паўстанцкіх атрадах. У першую чаргу, святары знаходзіліся там у якасці капеланаў. Пакаранне за такую дзейнасць было дастаткова суровае. Напрыклад, уніяцкі святар Дзісненскага павета І. Яленскі ў паўстанцкім атрадзе спавядаў паўстанцаў, а таксама займаўся іншымі царкоўнымі абрадамі. За гэта быў не толькі пазбаўлены царкоўнага сану, але і высланы на пасяленне ў Сібір.

Знаходзячыся ў паўстанцкіх атрадах, святары акрамя выканання духоўных функцый, удзельнічалі ва ўзброенай барацьбе. Разам з тым можна вылучыць толькі адзінкавыя выпадкі, калі прадстаўнікі каталіцкага духавенства не толькі падтрымалі паўстанне ці выконвалі распараджэнне паўстанцкіх уладаў, але і бралі ўдзел у арганізацыйнай дзейнасці. Так, вікарый радашковiцкага касцёла Ш. Вайткевiч быў кiраўнiком выступлення ў мястэчку Радашковiчы, раздаваў народу зброю, заклiкаючы ўсіх да паўстання. Па звестках Мінскай следчай камісіі, з пачаткам паўстання ён імкнуўся распаўсюдзіць яго і на Вілейскі павет. Самі ж дзеянні вікарыя насілі гвалтоўны характар. Так, ён напаў на паштовую станцыю, захапіў у палон паліцмайстра Галіеўскага і пад прымусам адвёз яго ў Вілейку, куды даставіў і двух яго сыноў. Там жа гвалтоўна запісаў іх у паўстанцкі атрад. У Радашковічах дзейнічаў і Ш. Паразінскі, прэлат рымска-каталіцкага касцёла. Ён даў прысягу паўстанцам, прывёў да прысягі жыхароў і ўзначаліў у Радашковічах «мятежные действия».

У Завілейскім павеце адным з першых зачыншчыкаў паўстання быў настаяцель Мыхтунскага каталіцкага прыхода В. Завадскі. Ён быў чальцом створанага паўстанцамі Завілейскага ўрадавага камітэта, дзе ўзначальваў паліцэйскую і распарадчую часткі.

Актыўную пазіцыю ў адносінах да паўстання заняў таксама канонік К. Тадайскі, які за актыўную агітацыю супраць імператара і расійскага ўрада быў пакараны зняволеннем у крэпасці. Святар піярскага манастыра ў Лужках А. Татур актыўна працаваў у камітэце канфедэрацыі, выконваючы абавязкі сакратара па грамадзянскай частцы. Пасля задушэння паўстання А. Татур прызнаўся ў сваёй актыўнай паўстанцкай дзейнасці перад магілёўскім грамадзянскі губернатарам М. Мураўёвым. Быў залічаны нараўне «с предводителями и зачинщиками мятежа» да першага разраду дзяржаўных злачынцаў і павінен быў быць расстраляны. Аднак праз тое, што добраахвотна з’явіўся з пакаяннем, яму было дадзена імператарскае дараванне.

Аналіз дакументаў Мінскай следчай камісіі паказаў, што дзеянні з боку святароў на карысць паўстанцаў не заўсёды насілі свядомы і добраахвотны характар, часам яны былі прадыктаваныя ваенна-палітычнымі абставінамі. Так, манах маладзечанскага трынітарскага манастыра на загад паўстанцаў прыводзіў народ да прысягі. Мінская следчая камісія гэтыя дзеянні прызнала вымушанымі і не залічыла манаха ў разрад дзяржаўных злачынцаў. Парафіяльны святар даўгінаўскай каталіцкай царквы Ф. Леліговіч па патрабаванні паўстанцаў са свайго фундушавага маёнтка паставіў сем кантаністаў, загадаў вырабіць для іх сем пік і тры пары ботаў. Свайму брату, вікарыю таго ж касцёла, загадаў прывесці народ да прысягі на вернасць паўстанцам. Следчая камісія вырашыла, што дзеянні братоў былі абумоўленыя прымусам з боку паўстанцаў і вызваліла іх ад следства.

У дакументах Віленскай следчай камісіі таксама прысутнічаюць падобныя факты. Так, ксёндз Свянцянскага павета Жырневіч быў прымушаны паўстанцамі да супрацоўніцтва, ксёндз Шавельскага павета Пётр Качарэўскі пад ціскам паўстанцаў чытаў у касцёле «мятежные бумаги». Ксёндз Цяльшэўскага павета Іосіф Кукевіч абвінавачваўся ў тым, што збіраў грошы «в пользу метяжа», прыводзіў народ да незаконнай прысягі і разам з паўстанцамі «отлучался в разные места из своего прихода». Іосіф Кукевіч патлумачыў, што ўсё гэта ён рабіў на загад «главных бунтовщиков» і атрымаў імператарскае памілаванне.

Па сведчанні архіўных дакументаў, больш актыўны ўдзел у паўстанні каталіцкае і ўніяцкае святарства брала на тэрыторыі, занятай паўстанцамі. Пры гэтым найбольш актыўнымі былі манахі розных каталіцкіх манастыроў. Адзначалася актыўнасць манахаў піярскага манастыра ў Лужках. Кіраўнік манастыра В. Гусціневіч абвінавачваўся ў тым, што падпісаў прысягу паўстанцаў і аддаў ім зброю, а таксама што манахі яго манастыра далучыліся да паўстанцаў. Святар І. Адамовіч быў абвінавачаны ў арганізацыі паўстанцаў і іх узбраенні ў маёнтку памешчыка П. Вазгурда, а таксама ў тым, што сустракаў паўстанцаў з крыжам у святарскім строі і прамаўляў «возмутительную речь». Аднак следчай камісіяй віна В. Гусціневіча і І. Адамовіча была прызнана нязначнай і абвінавачанні знялі. У адрозненні ад іх манах С. Заленскі за тое, што далучыўся да паўстанцаў і ў паўстанцкім атрадзе выконваў функцыі святара, следчай камісіяй быў залічаны ў 2-гі разрад дзяржаўных злачынцаў, пазбаўлены сану і высланы ў Сібір.

Праявілі актыўнасць манахі глыбоцкага кармеліцкага манастыра. Прыёр манастыра У. Казакевіч абвінавачваўся ў тым, што быў капеланам у паўстанцкім атрадзе і ў захаванні боепрыпасаў. Аднак у час следства ўстанавілі, што Казакевіч толькі выканаў загад паўстанцкага камітэта і аддаў з манастырскага маёнтка кантаністаў у паўстанцкі атрад. Па нязначнасці віны ён быў вызвалены ад следства. Два інакі – М. Гурскі і К. Корсак – уступілі ў паўстанцкі атрад і ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях. Манах Н. Валынскі не толькі прысягнуў паўстанцам, але і даваў парады адносна пастаноў канфедэрацыі. Ён таксама браў удзел у баявых дзеяннях.

Адзначалася актыўнасць манахаў манастыра ў Бярозе. Адзін з картузаў, Геній, з кіраванага ім манастырскага маёнтка выдзеліў у атрад Ц. Пуслоўскага дзесяць узброеных людзей, восем коней і грашовую суму. Манах Ф. Камінскі добраахвотна далучыўся да атрада Ц. Пуслоўскага, браў удзел у баявых дзеяннях і быў паранены. Дакументы адзначаюць актыўнасць манахаў лідскага піярскага і кармеліцкага манастыроў, навагрудскага дамініканскага манастыра, а таксама дзярэчынскага дамініканскага манастыра.

Паказальным з’яўляецца тое, што, нягледзячы на абмежавальныя меры з боку расійскага ўрада ў адносінах да каталіцкага і ўніяцкага духавенства, якія былі ўведзеныя на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў вясной 1831 г., частка святароў усё ж удзельнічала ў паўстанні. Таму для выяўлення нядобранадзейных святароў і манахаў, а таксама непасрэдных удзельнікаў у канцы 1831 г. забарона на перамяшчэнне манахаў па беларуска-літоўскіх губернях была ўзмоцненая. Духоўнаму начальству прадпісвалася, каб без крайняй патрэбы ніхто з манахаў нікуды не адлучаўся. У выпадку неабходнасці той, хто адпраўляўся ў іншы павет, павінен быў мець дазвол епархіяльнага начальства і дакумент на праезд ад грамадзянскай адміністрацыі. Той жа, хто з манастыра адлучаўся ў межах свайго павета, павінен быў мець пісьмовы дазвол ад дэкана. У сувязі з дзейнасцю следчых камісій па зборы звестак пра паводзіны святарства ў час паўстання са жніўня 1832 г., перамяшчэнне асоб духоўнага звання з манастыра ў манастыр дазвалялася толькі па распараджэнні рымска-каталіцкай кансісторыі. Грамадзянскім губернатарам было загадана спыніць выдачу «білетаў» на перамяшчэнне манахаў з аднаго манастыра ў іншы па ўсіх губернях.

Н.В. Анофранка робіць выснову, што актыўнасць духавенства і вернікаў розных канфесій у паўстанні была неаднолькавай. Найбольшую актыўнасць праявіла каталіцкае і ўніяцкае духавенства. Прадстаўнікі гэтых канфесій дастаткова часта сустракаюцца ў дакументах расійскай адміністрацыі і ў спісах следчых камісій. Гэта было звязана не толькі з іх свядомым удзелам у антыўрадавых выступленнях, але і з вымушаным характарам супрацоўніцтва з паўстанцамі, а таксама з павышанай падазронасцю да гэтай катэгорыі з боку расійскага ўрада. Пратэстанцкае духавенства, мусульманскае і яўрэйскае індыферэнтна паставіліся да паўстання, што было абумоўлена іх адасобленым ладам жыцця і неўмяшаннем расійскага ўрада ў рэлігійнае жыццё гэтых груп. Праўрадавай пазіцыі прытрымлівалася значная частка праваслаўнага святарства і стараверы. Пры гэтым стараверы занялі актыўную антыпаўстанцкую пазіцыю, удзельнічаючы ў мерапрыемствах, накіраваных супраць паўстанцаў.

Каталіцкае духавенства ў спісах удзельнікаў паўстання 1830-1831 гг. (Дакументы Каўнаскага акруговага архіва):

 

Запрашаем пазнаёміцца з поўным тэкстам манаграфіі: Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (канец XVIII – пачатак ХХ стст.) / В.В. Яноўская [і інш.]. Навук. рэд. В.В. Яноўская. – Мінск : Беларуская навука, 2015 – 496 с.

Падрыхтавала Раіса Зянюк

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі