Паважаныя святары, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
У Папяльцовую Сераду мы распачалі час падрыхтоўкі да Вялікодных свят, які традыцыйна мае назву Вялікага Посту. Гэта асаблівы час затрымання, задумы над сваім жыццём, адносінамі з Богам і бліжнімі. Разам з тым, гэта час пакаяння і навяртання да духоўных каштоўнасцей і ўсведамлення свайго месца ў гэтым жыцці і перад Богам. Вымоўным знакам на пачатку Вялікага Посту з’яўляецца попел, якім пасыпаем нашыя галовы як напамін пра тое, з чаго мы створаны і чаго варты гэты свет ў вачах Створцы. Ва ўсе часы гэты знак быў выразам пакаяння і цвёрдага намеру змяніць сваё жыццё і адносіны з Богам, які насамрэч і з’яўляецца канчатковай мэтай існавання чалавека.
Таму мэтай Вялікага Посту з’яўляецца паяднанне з Богам, умацаванне адносін з Ім праз апанаванне сваёй слабой натуры, сапсаванай першародным грахом, а таксама да прымірэння з сабой і бліжнімі. Гэтыя рэчы сцісла звязаныя між сабой, бо «…той, хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць. І мы маем ад Яго такую запаведзь, каб той, хто любіць Бога, любіў і свайго брата” (1Ян 4, 20-21).
Дасягненню гэтай мэты служаць так добра вядомыя нам тры Евангельскія парады: малітва, міластыня і, непасрэдна, пост. Паміж імі таксама існуе вельмі сціслая сувязь, бо толькі сумеснае іх практыкаванне вядзе да духоўнай адновы чалавека. Як гэтая практыка павінна выглядаць, вучыць нас сам Езус у Евангеллі паводле св. Мацвея ў 6 раздзеле, і можам сабе яшчэ раз прыгадаць, адкрыўшы старонкі Святога Пісання. Важна, каб гэтыя парады практыкаваць, а не толькі ведаць іх тэарэтычна! Прыкладам гэтаму служыць нам сам Езус Хрыстус, Які не толькі навучае, але рэалізуе іх уласным жыццём. Хоць сам, вядома, не патрабаваў ні ачышчэння, ні пакаяння, аднак, прыняўшы на сябе людскія грахі, пакутаваў за іх сорак дзён без ежы і піцця ўжо ў пустыні, падобна ахвярнай жывёле, якую габрэі выганялі ў пустыню, сімвалічна пазбаўляючыся такім чынам сваіх грахоў.
Таму сорак дзён пакаяння – гэта сродак, які дае нам сам Збаўца, каб між іншым набыць моц супрацьстаяння спакусам злога духа. Пра гэта распавядае нам сённяшні фрагмент Евангелля св. Лукі. Тое, што прапанаваў д’ябал Езусу Хрысту, неаднойчы прапануе таксама і нам: мець заўсёды на першым месцы заспакаенне цялесных патрэбаў, дагаджаць свайму эгаізму і, нярэдка, хворым амбіцыям, нават коштам людской годнасці, нарэшце, як жа прывабная прапанова злоўжывання не толькі дабротамі гэтага свету, але і выкарыстання чалавека, марнавання Божай ласкі і натхнення. Усяму гэтаму Езус супрацьставіць вернасць Божаму Слову і Ягонай волі. Адсюль мы маем зброю супрацьдзеяння спакусам злога духа: жыць Словам, што выходзіць з вуснаў Божых, не выпрабоўваць Пана Бога і толькі Яму пакланяцца і Яму служыць. (пар. Мц 4, 1-11).
Гэты Вялікі Пост мае асаблівае вымярэнне, бо перажываем яго ў Юбілейны Год паўсюднага Касцёла. Гэта надае асаблівы накірунак нашым духоўным практыкам. Папа Францішак у сваім пасланні на Вялікі Пост кажа так: “Юбілейны дэвіз “Пілігрымы надзеі” прыводзіць на думку доўгую дарогу Ізраэля да Абяцанай зямлі, пра што распавядае Кніга Выйсця: цяжкая дарога з няволі да свабоды, пажаданай і вызначанай Панам, Які любіць свой народ і застаецца заўсёды верны яму… Адсюль вынікае першы заклік да навяртання, бо ўсе мы з’яўляемся пілігрымамі на зямлі… Ці ўсведамляю, што я ў дарозе, ці можа “спаралізаваны”, статычны, поўны страху і безнадзейнасці, або маю выгоднае ўладкаванне ў сваёй зоне камфорту? Ці шукаю шляху вызвалення з сітуацыі граху і недахопу пачуцця годнасці?” (Пасланне на ВП 2025).
Стаць на гэты шлях магчыма толькі абудзіўшы сваю веру і адкрываючы сэрца на праўду Евангелля, шукаючы магчымасці паяднання з Богам, наноў адкрываючы ў сабе сваю хрысціянскую годнасць. У Езусе Хрысце Бог не проста чакае нашага навяртання, але Сам выходзіць нам насустрач, як міласэрны айцец з прыповесці пра марнатраўнага сына або Добрага Пастыра, які пакідае дзевяноста дзевяць авечак, каб шукаць адну загубленую. Каб скарыстаць са збаўлення, нам застаецца толькі прызнаць свой стан загубленасці і сітуацыю чалавека, які ў сваім жыцці змарнаваў шмат Божых дароў, і зрабіць крок насустрач Богу.
Такім бачным знакам перамены няхай стане нашае жаданне адкрыць Божае аблічча ў маім бліжнім. Перадусім у тым, з кім цяжка будаваць адносіны і прымаць такім, які ёсць. Бо наш лёс у гэтым свеце – крочыць побач з іншым чалавекам. Як кажа далей Папа Францішак у сваім пасланні: “Хрысціяне, пакліканыя да пераадольвання дарогі разам, ніколі не з’яўляюцца самотнымі падарожнікамі. Дух Святы пабуджае нас да таго, каб выходзіць па-за саміх сябе, каб ісці да Бога а таксама да братоў і сясцёр, але ніколі не замыкацца ў сабе. Ісці разам – гэта азначае быць “ткачамі” адзінства, распачынаючы ад супольнай годнасці дзяцей Божых” (Там жа).
Адным з праяўленняў нашага навяртання ў гэтым годзе няхай стануць таксама вандроўкі да Юбілейных святыняў, якіх у нашай дыяцэзіі маем восем: у Паставах (касцёл св. Антонія), Удзеле, Браславе, Верхнядвінску, Лепелі, Наваполацку, Віцебску (Катэдральны касцёл), Оршы. Існуе магчымасць наведваць і іншыя Юбілейныя святыні не толькі ў нас у Беларусі, але таксама і ў Рыме, перадусім Базыліку св. Пятра. Гэтыя пілігрымкі няхай паспрыяюць умацаванню нашай веры і наноў адкрыюць шлях для асаблівай Божай ласкі праз атрыманне адпусту. У гэтым праяўляецца веліч Божай Міласэрнасці, праз якую наш нябесны Айцец прагне ўсіх прывесці да свайго Валадарства, вызваляючы з усялякіх пакутаў пасмяротнага стану ачышчэння.
Заахвочваю ўсіх душпастыраў паклапаціцца аб арганізацыі такіх пілігрымак для сваіх вернікаў. А ў Юбілейных святынях няхай будзе арганізавана сталая магчымасць споведзі і рэгулярная малітва ў інтэнцыях святога Айца дзеля атрымання адпусту.
Няхай час Вялікага Посту дапаможа нам аднавіць духоўныя сілы і напоўніць нашыя сэрцы сапраўднай радасцю і надзеяй, якія нясе з сабой наш Уваскрослы Збаўца.
На плённае перажыванне Вялікага Посту ад усяго сэрца бласлаўляю.
+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Гэты ліст павінен быць прачытаны ў І нядзелю Вялікага Посту на кожнай святой Імшы.
