Раззброіць мову, прыслухоўвацца да Божага слова і голасу людзей, якія пакутуюць, перажыць час пакаяння ў духу адзінства, — заклікаў Папа Леў XIV у сваім пасланні на Вялікі пост, які распачнецца ў Касцёле 18 лютага 2026 года.
“Вялікі пост – гэта час, калі Касцёл з мацярынскім клопатам запрашае нас вярнуць таямніцу Бога ў цэнтр нашага жыцця, каб наша вера зноў набыла запал, а сэрца не згубілася сярод штодзённых трывог і таго, што адцягвае нашу ўвагу”, — адзначыў Папа ў пасланні на тэму “Слухаць і пасціць. Вялікі пост як час навяртання”, якое было абнародавана 13 лютага 2026 года ў Ватыкане.
Пантыфік падкрэсліў, што “кожны шлях навяртання пачынаецца, калі мы дазваляем Божаму слову дасягнуць нас і прымаем яго з паслухмянасцю духа”. “Таму велікапосны шлях становіцца спрыяльнай нагодай, каб прыслухацца да голасу Пана і аднавіць рашэнне ісці за Хрыстом па шляху, які вядзе ў Ерузалем, дзе спаўняецца таямніца Яго мукі, смерці і ўваскрасення”, — напісаў Святы Айцец.
Слухаць
Папа Леў XIV адзначыў, што сёлета “хацеў бы звярнуць увагу, у першую чаргу, на важнасць стварэння прасторы для Божага слова праз слуханне, бо гатоўнасць слухаць – гэта першы знак, які выяўляе жаданне ўвайсці ў адносіны з іншым”.
Пантыфік нагадаў, што слуханне Божага слова ў літургіі вучыць нас больш ўважліва слухаць рэчаіснасць: “сярод мноства галасоў, якія пранізваюць наша асабістае і сацыяльнае жыццё, Святое Пісанне робіць нас здольнымі распазнаваць голас, якія ўздымаецца ад пакут і несправядлівасці, каб ён не заставаўся без адказу”.
Пасціць
Папа адзначыў, што прыняццю Божага слова спрыяе пост. “Устрыманне ад ежы з’яўляецца старажытнейшым і незаменным практыкаваннем на шляху навяртання. Закранаючы цела, яно робіць больш відавочным тое, чаго мы “прагнем” і што лічым неабходным для нашага існавання”, — нагадаў Пантыфік, адзначаючы таксама, што пост дапамагае ўпарадкаваць “апетыты”, захаваць голад і прагу справядлівасці, ператвараючы іх у малітву і адказнасць за іншага, накіроўвае нашы жаданні да Бога і добрых спраў.
“Аднак, каб пост захоўваў сваю евангельскую праўду і быў пазбаўлены спакусы напаўнення сэрца пыхай, ён павінен заўсёды перажывацца з верай і пакорай”, — папярэдзіў Святы Айцец, заклікаўшы практыкаваць таксама іншыя формы адмаўлення, накіраваныя на прыняцце “больш сціплага ладу жыцця”, бо “толькі аскетызм робіць моцным і сапраўдным хрысціянскае жыццё”.
“Таму я хацеў бы запрасіць вас да вельмі канкрэтнай і часта недаацэненай формы ўстрымання, а менавіта да ўстрымання ад слоў, якія ўдараюць і раняць бліжняга.
Давайце пачнём раззбройваць мову, адмаўляючыся ад вострых слоў, хуткіх суджэнняў, кепскіх слоў, пра тых, хто адсутнічае і не можа абараніць сябе ад паклёпу. Замест гэтага давайце паспрабуем навучыцца ўзважваць словы і развіваць ветлівасць: у сям’і, коле сяброў, на працоўных месцах, у сацыяльных сетках, палітычных дэбатах, сродках камунікацыі, хрысціянскіх супольнасцях. Тады многія словы нянавісці саступяць месца словам надзеі і міру”, — запэўніў Папа Леў XIV.
Разам
Святы Айцец звярнуў увагу таксама на супольнаснае вымярэнне Вялікага посту. “Нашы парафіі, сем’і, касцельныя групы і манаскія супольнасці пакліканы прайсці ў Вялікі пост супольны шлях, на якім слуханне Божага слова, а таксама воклічу бедных і зямлі, стане формай супольнага жыцця, а пост падтрымае рэальнае пакаянне”, — напісаў Папа.
Спрыяць будаванню цывілізацыі любові
“Дарагія, давайце папросім аб ласцы Вялікага посту, які зробіць наш слых больш уважлівым да Бога і абяздоленых. Давайце папросім аб сіле ўстрымання, што прасяквае таксама і мову, каб было менш слоў, якія раняць, і пашыралася прастора для голасу іншага. І давайце прыкладзём намаганні, каб нашы супольнасці станавіліся месцамі, дзе прымаюць крык тых, хто пакутуе, а слуханне стварае шляхі вызвалення, робячы нас больш гатовымі з руплівасцю будаваць цывілізацыю любові”, — завяршыў Папа Леў XIV сваё пасланне на Вялікі пост.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!