Парафіяльная ўрачыстасць у Глыбокім

12 чэрвеня Каталіцкі Касцёл адзначыў урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Вернікі ў Глыбокім, дзе касцёл носіць такі тытул, святкавалі парафіяльны фэст, які ўзначаліў мясцовы пробашч і дэкан Глыбоцкага дэканату кс. Мікалай Ціхановіч. Прыбылі таксама святары з дэканату і іншых суседніх парафій, некаторыя з іх неслі паслугу ў сакраманце пакуты ў канфесіяналах.

“Мы, як парафіяльная сям’я, хочам асаблівым чынам славіць Бога жывога. Сёння людзі пакланяюцца розным ідалам. Няма іншых багоў, апроч адзінага Бога ў Святой Тройцы. І мы павінны гэтым ганарыцца і ўсім сэрцам сцерагчы веру ў жывога і сапраўднага Бога”, – звярнуў увагу пробашч Мікалай.

Гамілію, якую прамовіў афіцыял Біскупскага суда кс. Аляксей Ляшко, святар прысвяціў тэме таямніцы Святой Тройцы. “Касцёл жыве Тройцай, жыве ў Тройцы, жыве для Тройцы”, — падкрэсліў святар.

Пасля святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія на пляцы паміж касцёлам і царквой. Усе прысутныя святары, сёстры законныя і вернікі пад гукі звона выйшлі з касцёла, каб падзяліцца з жыхарамі Глыбокага сваёй святочнай радасцю.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі