Папа: святы Андрэй Кім Таэгон вучыць евангелізацыйнай мужнасці

Давайце падрыхтуемся прыняць Святога Духа ў бліжэйшую Пяцідзясятніцу і будзем прасіць Яго аб ласцы евангелізацыйнай адвагі, — заклікаў Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі, якая 24 мая 2023 года ў Ватыкане.

Папа Францішак звярнуў увагу на прыклад евангелізацыйнага запалу першага карэйскага святара і мучаніка, святога Андрэя Кіма Таэгона, жыццё якога “было і застаецца красамоўным сведчаннем руплівасці ў абвяшчэнні Евангелля”. Ён нагадаў, што каля 200 гадоў таму, карэйская зямля была арэнай вельмі жорсткага пераследу хрысціянскай веры, а вера ў Езуса Хрыста там азначала “гатоўнасць даць сведчанне да самай смерці”.

Папа звярнуў увагу на два аспекты жыцця Андрэя Кіма. У першую чаргу ён распавёў, што з прычыны небяспечнай сітуацыі святы быў вымушаны весці размовы з хрысціянамі непрыкметна і заўсёды ў прысутнасці іншых людзей. Каб выявіць хрысціянскую тоеснасць суразмоўцы Андрэй Кім спачатку карыстаўся таемным знакам, узгодненым загадзя, а потым пытаўся: “Ты вучань Езуса?”.

“Паколькі пры размове прысутнічалі іншыя людзі, святы павінен быў казаць гэта шэптам, прамаўляючы вельмі мала слоў, толькі самыя галоўныя. Такім чынам для Андрэя Кіма, выразам, які цалкам абагульняў хрысціянскую тоеснасць, быў выраз “вучань Езуса”, — патлумачыў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што быць вучнем Пана значыць наследаваць Яго, ісці Яго шляхам. “Такім чынам хрысціянін па сваёй прыродзе з’яўляецца тым, хто прапаведуе і сведчыць Езуса. Кожная хрысціянская супольнасць атрымлівае ад Святога Духа гэту тоеснасць, як і ўвесь Касцёл ад дня Пяцідзясятніцы”, — сказаў ён, падкрэсліваючы, што ад Святога Духа нараджаецца “евангелізацыйны і апостальскі запал, які набывае яшчэ большую каштоўнасць у неспрыяльным навакольным кантэксце”. “Святы Андрэй Кім і іншыя карэйскія вернікі паказалі, што сведчанне Евангелля ў час пераследу можа прынесці шмат духоўных плёнаў”, — дадаў Пантыфік.

Другі аспект жыцця святога Андрэя Кіма, на які звярнуў увагу Папа Францішак, тычыўся патаемнага прыняцця ім місіянераў з замежжа. Гэта было нялёгкае заданне, бо тагачасны рэжым строга забараняў замежнікам трапляць на карэйскую тэрыторыю. Па гэтай прычыне евангелізацыяй у Карэі займаліся свецкія.

Папа распавёў, што падчас адной з такіх місій, Андрэй Кім, стомлены доўгай дарогай, снежным надвор’ем і голадам, упаў на зямлю, рызыкуючы згубіць прытомнасць і замёрзнуць. Але раптам ён пачуў голас, які сказаў яму: “Устань і ідзі!”. Святы ўстаў і ўбачым перад сабой быццам цень, які вёў яго.

Пантыфік падкрэсліў, што гэты досвед вялікага карэйскага сведкі дапамагае нам зразумець вельмі важны аспект апостальскай руплівасці: адвагу, неабходную, каб уздымацца пасля падзення. “Якой бы цяжкай ні была сітуацыя, калі здаецца, што ў ёй няма месца для евангельскага паслання, мы не павінны здавацца і не павінны адмаўляцца ад самага важнага ў нашым хрысціянскім жыцці, а менавіта ад евангелізацыі”, — зазначыў Святы Айцец.

Папа Францішак заклікаў вернікаў углядацца ў прыклад святых і спрабаваць несці Евангелле ў свае штодзённыя асяроддзі: евангелізававаць сям’ю, евангелізаваць сяброў, казаць пра Езуса з сэрцам радасным і поўным энтузіязму. “Гэту здольнасць нам дае Святы Дух. Давайце падрыхтуемся прыняць Святога Духа ў бліжэйшую Пяцідзясятніцу і будзем прасіць Яго аб ласцы евангелізацыйнай адвагі, ласцы евангелізавання, каб заўсёды несці пасланне Езуса”, — сказаў на завяршэнне катэхезы Пантыфік.

Аляксандр Панчанка – беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі