Папа: праз Святое Пісанне Бог размаўляе са сваім стварэннем

Сярод мноства Божых слоў, якія мы чуем кожны дзень на Імшы ці ў Літургіі гадзін, заўсёды ёсць адно, прызначанае спецыяльна для нас, — нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 12 чэрвеня 2024 года ў Ватыкане.

Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны Святому Духу, “які вядзе Касцёл да Хрыста, нашай надзеі”. “У мінулы раз мы разглядалі дзейнасць Духа ў стварэнні, а сёння мы ўбачым яе ў Аб’яўленні, натхнёным Богам, аўтарытэтным сведчаннем якога з’яўляецца Святое Пісанне”, — сказаў ён.

Святое Пісанне натхнёнае, каб натхняць

Пантыфік нагадаў словы святых апосталаў Паўла і Пятра, якія пісалі, што “ўсё Пісанне натхнёнае Богам” (2 Цім 3,16), і што “ад імя Бога абвяшчалі яго людзі, натхнёныя Святым Духам” (1 Пт 1,21). “Гэта вучэнне пра боскае натхненне Святога Пісання, якое мы абвяшчаем у Сімвале веры, калі кажам, што Святы Дух “прамаўляў праз прарокаў”, — патлумачыў Папа.

Папа Францішак заўважыў, што Святы Дух чыніць Святое Пісанне “вечна жывымі і дзейсным”. “Натхняючы, Ён робіць яго натхняльным”, а таксама працягвае ў Касцёле дзеянне Уваскрослага, які пасля Вялікадня, “адкрыў розум вучняў, каб яны разумелі Пісанне”, — падкрэсліў Святы Айцец.

“Здараецца так, што пэўны ўрывак Пісання, які мы чыталі шмат разоў без асаблівых эмоцый, аднойчы перачытваем у атмасферы веры і малітвы, і тады гэты тэкст раптам азараецца, ён прамаўляе да нас, пралівае святло на праблему, якую перажываем, або робіць зразумелай Божую волю для нас у пэўнай сітуацыі”, — сказаў Пантыфік. Ён адзначыў, што гэта перамена адбываецца дзякуючы святлу Святога Духа

Касцёл упаўнаважаны тлумачыць біблейскія тэксты

“Браты і сёстры, Касцёл сілкуецца духоўным чытаннем Святога Пісання, гэта значыць чытаннем пад кіраўніцтвам Духа Святога, які натхніў яго. У яго цэнтры, як маяк, які асвятляе ўсё навокал, знаходзіцца падзея смерці і ўваскрасення Хрыста, якая спаўняе задуму збаўлення, рэалізуе ўсе правобразы і прароцтвы, раскрывае ўсе схаваныя таямніцы і прапануе сапраўдны ключ да чытання ўсёй Бібліі. Смерць і ўваскрасенне Хрыста – гэта маяк, які асвятляе ўсю Біблію, а таксама наша жыццё”, — сказаў Папа, дадаючы, што “Касцёл, Нявеста Хрыстова, з’яўляецца ўпаўнаважаным тлумачальнікам натхнёнага тэксту, пасрэднікам яго сапраўднага абвяшчэння”.

Паколькі Касцёл мае Духа Святога, ён з’яўляецца “стаўпом і апірышчам праўды” (1 Цім 3,15), а “яго задача – дапамагаць вернікам і тым, што шукае ісціну, правільна разумець біблейскія тэксты”, — сцвердзіў Папа Францішак.

Слова, прызначанае для кожнага з нас

Папа Францішак нагадаў, што адным са спосабаў духоўнага чытання Божага слова з’яўляецца практыка lectio divina. Яна заключаецца ў тым, каб прысвяціць пэўны час дня асабістаму і медытатыўнаму чытанню ўрыўка з Пісання. У сувязі з гэтым Папа параіў заўсёды мець пры сабе кішэннае выданне Евангелля і чытаць яго, калі з’явіцца магчымасць.

Пантыфік адзначыў, што найбольшую важнасць мае супольнае чытанне Святога Пісання, якое здзяйсняецца ў літургіі, асабліва на Імшы. “Там мы бачым, як падзея або вучэнне, дадзенае ў Старым Запавеце, знаходзіць сваё поўнае спаўненне ў Евангеллі Хрыста”, сказаў ён, дадаючы, што “гамілія павінна дапамагчы перанесці Слова Божае з кнігі ў жыццё”. “Таму гамілія павінна быць кароткай: адзін вобраз, адна думка, адно пачуцце. Гамілія не павінна працягвацца больш за восем хвілін, бо потым губляецца ўвага і людзі засыпаюць, і маюць рацыю”, — сцвердзіў Пантыфік.

“Сярод мноства Божых слоў, якія мы чуем кожны дзень на Імшы ці ў Літургіі гадзін, заўсёды ёсць адно, прызначанае спецыяльна для нас. Нешта, што кранае наша сэрца. Прынятае ў сэрца, яно можа асвятліць наш дзень і натхніць на малітву. Галоўнае – не даць яму ўпасці ў пустату!”, — падкрэсліў Святы Айцец.

Святое Пісанне – ліст Усемагутнага Бога да свайго стварэння

“Напрыканцы прывядзём думку, якая можа дапамагчы закахацца ў Божае слова. Як і ў некаторых музычных творах, у Святым Пісанні ёсць матыў, які суправаджае яго ад пачатку да канца, і гэты матыў – Божая любоў. “Уся Біблія – заўважае святы Аўгусцін, – не што іншае, як апавяданне пра любоў Божую”. А святы Грыгорый Вялікі называў Пісанне “лістом Усемагутнага Бога да свайго стварэння”, падобна лісту Жаніха да яго нявесты, і заклікаў нас “навучыцца пазнаваць Божае сэрца ў Божых словах”. “У гэтым Аб’яўленні – кажа яшчэ Другі Ватыканскі Сабор – нябачны Бог у сваёй бязмернай любові звяртаецца да людзей, як да сяброў, і гаворыць з імі, каб запрасіць да супольнасці з Ім і прыняць да яе”, — сказаў Папа.

“Няхай жа Дух Святы, які натхніў Пісанне і цяпер дыхае з яго, дапаможа нам зразумець гэту Божую любоў у канкрэтных сітуацыях нашага жыцця”, — пажадаў на заканчэнне катэхезы Папа Францішак.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі