Папа: касцёльныя СМІ павінны ўвасабляць адзінства і дзяленне

Францішак высока ацаніў працу Дыкастэрыі па камунікацыі, адзначыўшы, што дзякуючы ёй ажыццяўляецца сапраўдны “цуд Пяцідзясятніцы”: тут працуюць амаль на сарака мовах.

“Дзякуючы вам, вучэнне Папы і Касцёла чытаюць у газетах, слухаюць па радыё, глядзяць па тэлевізары і ў інтэрнэце, дзеляцца ім праз сацыяльныя сеткі ва ўсё больш імклівым лічбавым свеце”, — адзначыў Святы Айцец у тэксце, адрасаваным членам Дыкастэрыі па камунікацыі.

23 верасня 2019 г. Святы Айцец прыняў калектыў самай вялікай па колькасці работнікаў структуры Святога Пасаду на аўдыенцыі ў Ватыкане ў першы дзень яе трохдзённай Пленарнай асамблеі.

Пантыфік заўважыў, што гэта яго першая сустрэча з прадстаўнікамі ўсіх структур ватыканскіх медыя з таго часу, як чатыры гады таму распачаўся працэс рэфармавання, які меў на мэце іх аб’яднанне ў складзе новай Дыкастэрыі Рымскай Курыі.

Папа заўважыў, што для Касцёла сродкі масавай камунікацыі – гэта місія, і ніякае інвеставанне ў справу распаўсюджвання Божага Слова не можа быць занадта вялікім. Францішак выказаў перакананне, што трэба мужна прымаць перамены і ніколі не знеахвочвацца, але зноў і зноў “выходзіць з уласнай падманнай стабільнасці насустрач выкліку будучыні”, не спадзеючыся выключна на свае сілы, але даручаючы сябе Богу і працуючы ў адзінстве з іншымі, каб дараваны Богам талент мог прыносіць багаты плён.

“Камунікацыя ў Касцёле не можа не вылучацца прынцыпам удзелу і дзялення. Камунікацыя сапраўды эфектыўная толькі тады, калі становіцца сведчаннем – удзелам у жыцці, якое падарыў нам Дух Святы, і дазваляе адчуць еднасць з іншымі, членамі адно аднаго (пар. Эф 4, 25)”, — сказаў Святы Айцец.

Францішак пажадаў работнікам ватыканскіх СМІ праз супрацоўніцтва са свецкімі вернікамі, манаскімі асобамі і святарамі розных краін станавіцца ўсё больш згуртаванай камандай. Ён заахвоціў іх шукаць спосабы ўзмацнення сувязяў з мясцовымі Касцёламі і спрыяць таму, каб лічбавая прастора заставалася месцам, якое не толькі злучае, але дзе нараджаецца камунікацыя.

“Няхай рэлігійныя сродкі камунікацыі будуць сапраўдным вобразам адзінага цела”, — пажадаў Святы Айцец.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі