Папа Францішак заклікае маліцца аб большай прысутнасці жанчын у кіраванні Касцёлам

Папа Францішак заклікаў на працягу кастрычніка маліцца за свецкіх вернікаў, асабліва за жанчын, каб іх прысутнасць была больш шырокай у кіраўнічых структурах Касцёла.

“Ніхто з нас не быў ахрышчаны як святар ці біскуп: мы ўсе атрымалі хрост як свецкія. Свецкія вернікі і верніцы – галоўныя дзеючыя асобы ў Касцёле. Да гэтага часу існуе патрэба ў пашырэнні магчымасцей для больш выразнай жаночай прысутнасці ў Касцёле”, — сказаў Пантыфік у відэароліку, які 8 кастрычніка 2020 г. быў распаўсюджаны Сусветнай сеткай малітвы.

Святы Айцец заўважыў, што важнай з’яўляецца дзейнасць свецкіх вернікаў у цэлым, але асабліва звярнуў увагу на сітуацыю жанчын, якія нярэдка адсоўваюцца на другі план.

“Mолімся, каб свецкія вернікі, а асабліва жанчыны, моцай хросту ў большай ступені прысутнічалі ў кіраўнічых структурах Касцёла, не паддаючыся пры гэтым клерыкалізму, які знішчае свецкі харызмат”, — агучыў малітоўную інтэнцыю на кастрычнік Святы Айцец.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку