Папа Францішак рыхтуе дакумент аб абароне правоў дзяцей

Пасля заканчэння Сусветнага саміту па правах дзяцей Папа Францішак абвясціў пра падрыхтоўку новай апостальскай адгартацыі, прысвечанай дзецям.

3 лютага 2025 года ў Апостальскім палацы Папа сустрэўся з удзельнікамі міжнароднага саміту па правах дзяцей. У сваім выступленні Святы Айцец падзякаваў прысутным за іх удзел і працу падчас сустрэчы, якая ператварыла Ватыкан у своеасаблівы цэнтр вывучэння, дзе адлюстроўваецца сітуацыя дзяцей ва ўсім свеце – “дзяцей, якія, на вялікі жаль, часта пакутуюць ад гвалту, эксплуатацыі і адмаўлення іх правоў», — адзначыў Пантыфік у сваім выступленні.

Святы Айцец падкрэсліў, што прысутнасць удзельнікаў, іх вопыт і спачуванне ператварылі сустрэчу таксама ў майстэрню, дзе ў розных тэматычных групах былі распрацаваны прапановы па абароне правоў дзяцей.

Папа Францішак паведаміў пра свой намер падрыхтаваць апостальскую адгартацыю, прысвечаную дзецям, каб замацаваць гэтую ініцыятыву і спрыяць яе распаўсюджванню ва ўсім Касцёле. Гэта будзе першы папскі дакумент такога ўзроўню, цалкам прысвечаны тэме дзяцінства і правоў дзяцей.

“Уся гэтая праца служыць на хвалу Божую, і мы давяраем яе Пану, просячы, каб Дух Святы зрабіў яе плённай», — сказаў на заканчэнне Папа, удзяляючы благаслаўленне ўдзельнікам сустрэчы.

Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі