Папа Францішак распавёў пра любімыя фільмы

Пантыфік любіць фільмы італьянскіх рэжысёраў-нэарэалістаў, паколькі яны распавядаюць пра трагедыю Другой сусветнай вайны і вучаць «бачыць не толькі гісторыю, але і душу чалавека».

У інтэрв’ю былому прэфекту Сакратарыята па камунікацыі, кс. Дарыё Вігано, апублікаваным у шэрагу італьянскіх выданняў, уключаючы La Repubblica і Corriere della Sera, Папа Францішак прызнаўся, што італьянскае кіно, як і оперу, для яго адкрылі бацькі, італьянскія эмігранты.

«Маёй кінематаграфічнай культуры я абавязаны сваім бацькам. Гэта частка маіх дзіцячых успамінаў. Яны навучылі мяне шанаваць мастацтва», — сказаў Святы Айцец.

У кінематографе яны асабліва вылучалі працы нэарэалістаў. «У 10-12 гадоў я перагледзеў усе фільмы з Ганнай Маньяні. Фільмы нэарэалізму сфарміравалі нашу душу, навучылі глядзець на рэальнасць іншымі вачыма. Для нас, дзяцей у Аргенціне, гэтыя фільмы былі важныя, таму што дапамаглі зразумець трагедыю вайны. У Буэнас-Айрэсе мы ведалі пра яе толькі ад эмігрантаў – з Італіі, Польшчы, Германіі», — падзяліўся Пантыфік.

Папа Францішак згадаў Віторыа Дэ Сіку, а таксама Федэрыка Феліні і яго Дарогу (La strada), якую «любіць больш за ўсё». «Мне вельмі блізкі гэты фільм. Феліні ведаў, як даць святло апошнім і абяздоленым», — прызнаўся Святы Айцец.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку