Папа Францішак: не рэлігія вядзе да вайны, але цемра ў сэрцах людзей

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота (Vatican Media)

Хто заклікае забіваць у імя Бога – блюзнерыць, падкрэсліў Пантыфік у пасланні з нагоды 25-годдзя тэрарыстычнага нападу на сядзібу Аргентынскай асацыяцыі яўрэйскай узаемадапамогі ў Буэнас-Айрэсе.

Святы Айцец скіраваў спецыяльны ліст на імя Хорхэ Кноблавіца, старшыні Дэлегацыі аргентынскіх яўрэйскіх арганізацый (DAIA). Ён запэўніў, што ў дзень успаміну трагедыі, заўсёды моліцца за загінулых і параненых у выніку тэракту.

“Гэта шаленства не абмежавалася Аргентынай. Вельмі часта за гэтыя 25 гадоў мы бачылі, як жыццё і надзея адымаюцца ў імя рэлігіі. Гэта “фрагментарная Трэцяя сусветная вайна” не ведае межаў і паказала сваё жорсткае аблічча на Усходзе і Захадзе. Яна зрабіла жонак удовамі, сыноў і дачок – сіротамі. І ўсё гэта – у імя Бога, па-блюзнерску выкарыстоўваючы імя Бога”, – заўважыў Папа.

“Мы добра ведаем, што не рэлігія падбухторвае і вядзе да вайны, але цемра ў сэрцах людзей, якія здзяйсняюць ірацыянальныя ўчынкі. Бог паклікаў нас жыць у братэрстве. Гэтае братэрства ахоплівае нас і яднае, нягледзячы на ўсе геаграфічныя ці ідэалагічныя межы. Усе разам мы складаем вялікую чалавечую сям’ю. Усведамленне гэтага братэрства мы павінны перадаць, разам з каштоўнасцямі павагі і талерантнасці, наступным пакаленням”, – сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец зазначыў, што “Бог стварыў нас роўнымі не толькі ў правах, але таксама ў годнасці і абавязках”. Таму “мір павінен быць не толькі нашым правам, але будаванне міру павінна быць таксама нашым абавязкам”, – падкрэсліў Францішак на заканчэнне свайго паслання.

Напад на сядзібу Аргентынскай асацыяцыі яўрэйскай узаемадапамогі (Associazione Mutualità Israelita Argentina) адбыўся 18 ліпеня 1994 года. Тэрарыст-смяротнік прывёў у дзеянне магутную бомбу, схаваную ў аўтамабілі, прыпаркаваным побач з будынкам культурнага цэнтра. У выніку трагедыі 86 чалавек загінулі, каля 200 атрымалі раненні.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку