Папа скіраваў пасланне з нагоды адкрыцця Другой звычайнай сесіі Выканаўчага камітэту Сусветнай харчовай праграмы. На ёй будзе акрэслены план далейшых дзеянняў у сферы барацьбы з голадам.
Францішак звярнуў асаблівую ўвагу на праблему марнавання ежы і адсутнасці магчымасці дастатковага і здаровага харчавання ў людзей у розных часткай свету. “Гэты парадокс звязаны з павярхоўнасцю, нядбайнасцю і эгаізмам, якія знаходзяцца ў аснове культуры адкідвання”, — гаворыцца ў пасланні, абнародаваным 18 лістапада 2019 г.
Папа заклікаў стрымаць гэту культуру, за што адказныя “не толькі міжнародныя арганізацыі і ўрады, але кожны”. “Ніхто не можа лічыцца вызваленым ад неабходнасці змагацца з гэтай культурай, якая прыгнятае шмат людзей, асабліва бедных і неабароненых у грамадстве”, — сказаў ён.
Францішак звярнуў увагу на глабальную ініцыятыву Сусветнай харчовай праграмы пад назвай “Stop the Waste” (Спыніць адкіды), “якая паказвае, што марнаванне прадуктаў харчавання, абцяжарвае жыццё вялікай колькасці людзей і перашкаджае развіццю народаў”.
“Калі мы хочам пабудаваць будучыню, у якой ніхто не застанецца ззаду, мы павінны будаваць сучаснасць, якая будзе радыкальна не прымаць марнаванне прадуктаў харчавання. Разам, не губляючы часу, яднаючы рэсурсы і ідэі, мы можам даць пачатак такому ладу жыцця, у якім ежа набудзе тое месца, якое яна заслугоўвае. Гэты новы лад жыцця заключаецца ў належнай пашане да таго, чым маці зямля нас адорвае. Ён будзе мець уплыў на чалавецтва ў цэлым”, — перакананы Святы Айцец.
Францішак заўважыў, што Каталіцкі Касцёл жадае спрыяць салідарнасці паміж усімі людзьмі і супрацоўнічаць з Сусветнай харчовай праграмай, сцвярджаючы, што кожны чалавек мае права на здаровае і ўстойлівае харчаванне.
“Я хацеў бы, каб гэта кампанія дапамагла ўсіх, хто ў нашыя дні пакутуе ад наступстваў беднасці, а таксама, каб паказала, што кожны раз, калі чалавек ставіцца ў цэнтр палітычных і эканамічных рашэнняў, умацоўваюцца мір і стабільнасць паміж народамі, а таксама ўзрастае ўзаемнае разуменне – фундамент сапраўднага людскога прагрэсу”, — пажадаў Святы Айцец.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
