Папа Францішак да юрыстаў: служыце праўдзе і справядлівасці

Спрыяць вяршэнству закона і памятаць, што ў кожнага чалавека ёсць як правы, так і абавязкі ў адносінах да грамадства, — заклікаў Святы Айцец юрыстаў з еўрапейскіх краін.

21 жніўня 2023 года Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю юрыстаў з дзяржаў-членаў Савета Еўропы, якія 11 чэрвеня 2022 года падпісалі Венскую дэкларацыю аб вяршэнстве закона і незалежнасці судовай улады. У сваім звароце Папа падзякаваў юрыстам за іх важны ўклад у прасоўванне дэмакратыі і павагі да свабоды і чалавечай годнасці. Сацыяльна-эканамічны крызіс, а таксама крызісы ідэнтычнасці і бяспекі кідаюць выклік дэмакратычным краінам Захаду, патрабуючы ад іх эфектыўнага рэагавання. Пры гэтым яны павінны заставацца вернымі сваім прынцыпам, абарона якіх “патрабуе вялікай пільнасці”, — адзначыў Пантыфік.

Абарона чалавечай годнасці

Страх перад грамадзянскімі беспарадкамі, дэстабілізацыяй і насіллем могуць прывесці да спакусы абмежаваць, прынамсі часова, вяршэнства закона ў спробе знайсці простыя і неадкладныя рашэнні. Але вяршэнства закона не дапускае аніякіх выключэнняў, у тым ліку ў час крызісу, “бо стаіць на службе чалавека і накіравана на абарону годнасці кожнай асобы. Гэта прынцып”, — лічыць Пантыфік.

Цэнтральная роля асобы

На думку Папы, свабодзе і вяршэнству закона ў дэмакратычных краінах пагражаюць не толькі крызісы, але і памылковае ўяўленне аб чалавечай прыродзе. Асновай годнасці кожнай асобы з’яўляецца яе трансцэндэнтнае паходжанне, якое патрабуе павагі да цэнтральнай ролі асобы і забараняе любыя замахі на чалавечую годнасць. У адваротным выпадку ўсё залежыць ад капрызаў і выпадковых рашэнняў. Страта трансцэндэнтнага вымярэння пагражае Еўропе стратай яе «гуманістычнага духу», — папярэдзіў Святы Айцец.

Правы і абавязкі чалавека

Папа Францішак звярнуў увагу на тэндэнцыю сучаснага грамадства «патрабаваць усё больш і больш індывідуальных правоў, забываючы, што кожны чалавек з’яўляецца часткай сацыяльнага кантэксту, у якім яго правы і абавязкі звязаны з правамі і абавязкамі іншых, а таксама з агульным дабром усяго грамадства». Недакладнае разуменне канцэпцыі правоў чалавека могуць зрабіць людзей ахвярамі «дыктатуры рэлятывізму», «этычных сістэм, якім не хапае дабрыні, інтэлектуальных дыскурсаў, пазбаўленых мудрасці», — папярэдзіў Святы Айцец.

Адвакацкая таямніца

Папа разумее і падзяляе заклапочанасць юрыстаў у сувязі з парушэннямі фундаментальнага прынцыпу прафесійнай таямніцы у некаторых краінах. “Важна, каб наша грамадства захоўвала формы канфідэнцыйных зносін, у якіх людзі могуць сказаць праўду і скласці з сябе цяжар адказнасці”, — адзначыў Францішак, правёўшы паралель паміж таямніцай споведзі ў Касцёле і адвакацкай таямніцай.

Навакольнае асяроддзе

Папа падзякаваў еўрапейскім юрыстам за клопат па захаванню «Зямлі, нашага агульнага дома», а таксама за «гатоўнасць працаваць над нарматыўнай базай, накіраванай на абарону навакольнага асяроддзя». «Я працую над другой часткай Laudato si”, — дадаў ён.

Папа Францішак заклікаў еўрапейскіх юрыстаў «праяўляць настойлівасць у ажыццяўленні сваёй прафесіі, накіраванай на служэнне праўдзе і справядлівасці, неабходным для ўмацавання міру ва ўсім свеце і гармоніі ў нашым грамадстве».

Напрыканцы звароту Святы Айцец даверыў сваіх гасцей заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Іва, апекуна юрыстаў.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку