Папа Францішак да дыпламатаў пра крызісы, выкліканыя пандэміяй

“Братэрства — сапраўдны лек ад пандэміі і шматлікіх бед, якія нас напаткалі”, — падкрэсліў Папа Францішак 8 лютага, сустракаючыся з дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным пры Апостальскай Сталіцай.

Пантыфік прааналізаваў крызісы, выкліканыя або ўзмоцненыя пандэміяй каранавірусу: санітарны, экалагічны, эканамічна-грамадскі, міграцыйны, палітычны і міжасобасны. Ён звярнуў увагу на магчымасці, якія яны прапануюць у плане пабудовы больш чалавечага, справядлівага, адзінага і мірнага свету.

Гаворачы аб санітарным крызісе, Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што, на жаль, пад маркай забеспячэння меркаваных суб’ектыўных правоў усё большая колькасць заканадаўцаў ва ўсім свеце адыходзіць ад асноўнага абавязацельства абараняць жыццё чалавека на кожным этапе. Ён заклікаў кіраўніцтва краін забяспечыць кожнаму чалавеку доступ да асноўнай медыцынскай дапамогі і адзначыў неабходнасць вытворчасці эфектыўных вакцын супраць каранавірусу ў кароткія тэрміны.

Гаворачы аб экалагічным крызісе, Папа Францішак падкрэсліў, што хворы не толькі чалавек, але і наша зямля. Ён звярнуў увагу на праблему змянення клімату, для вырашэння якой неабходна міжнароднае супрацоўніцтва.

Аналізуючы эканамічна-грамадскі крызіс, Пантыфік адзначыў, што ён вылучыў яшчэ адну хваробу: эканоміку, заснаваную на эксплуатацыі і марнаванні чалавека і прыродных рэсурсаў. У гэтым кантэксце Святы Айцец звярнуў увагу на неабходнасць салідарнасці і іншых каштоўнасцей, якія дазваляюць эканоміцы служыць інтэгральнаму чалавечаму развіццю, а не асобным інтарэсам.

Папа нагадаў, што закрыццё межаў у сувязі з пандэміяй разам з эканамічным крызісам таксама абвастрылі гуманітарны крызіс як у зонах канфліктаў, так і ў рэгіёнах, якія пацярпелі ад змянення клімату і засухі, а таксама ў лагерах бежанцаў і мігрантаў.

Святы Айцец адзначыў, што гуманітарны крызіс узмацняецца таксама эканамічнымі санкцыямі, якія закранаюць у асноўным уразлівыя групы насельніцтва, а не тых, хто нясе палітычную адказнасць. Таму, разумеючы логіку санкцый, Апостальская Сталіца не бачыць іх эфектыўнасці і спадзяецца на іх аслабленне, таксама з мэтай стымуляваць паток гуманітарнай дапамогі, асабліва лекаў і медыцынскага абсталявання, надзвычай неабходных падчас пандэміі.

Папа Францішак заклікаў скасаваць або, па меншай меры, скараціць запазычанасць, якая абцяжарвае самыя бедныя краіны, што фактычна перашкаджае іх рэканструкцыі і поўнаму развіццю.

Гаворачы аб міграцыйным крызісе, Пантыфік звярнуў увагу на тое, што ў выніку масавага прытоку мігрантаў таксама павялічылася колькасць незаконных высылак, мэта якіх – перашкодзіць мігрантам звярнуцца з просьбай аб прытулку, што парушае іх асноўныя правы.

Гаворачы аб палітычным крызісе, драматычны характар якога падкрэсліла пандэмія, Папа Рымскі адзначыў, што адным з паказальных фактараў тут з’яўляецца павышэнне ўзроўню палітычных супярэчнасцей, адсутнасць пошуку агульнага і сумяшчальнага рашэння праблем, якія закранаюць планету. Ён падкрэсліў, што такая тэндэнцыя распаўсюджваецца на ўсе краіны: вялікія яны ці малыя, эканамічна развітыя ці тыя, якія развіваюцца.

У канцы разважанняў Папа Францішак звярнуў увагу на крызіс міжасобасных адносін, што стаў выразам агульнага антрапалагічнага крызісу, які тычыцца самой канцэпцыі чалавечай асобы і яе трансцэндэнтнай годнасці. Пандэмія, якая прымусіла людзей праводзіць месяцы ў ізаляцыі і часта ў адзіноце, выявіла патрэбу ў чалавечых адносінах.

Ён адзначыў, што неабходнасць стрымліваць распаўсюджванне вірусу таксама мае наступствы для розных асноўных свабод, уключаючы свабоду веравызнання, шляхам абмежавання набажэнстваў, адукацыйнай і дабрачыннай дзейнасці рэлігійных супольнасцей.

Пантыфік падкрэсліў, што рэлігійнае вымярэнне – гэта фундаментальны аспект чалавечай асобы і грамадства, і, нягледзячы на намаганні абараніць жыццё чалавека ад распаўсюджвання вірусу, духоўнае і маральнае вымярэнні нельга лічыць другаснымі ў адносінах да фізічнага здароўя.

У заключэнне Папа Францішак сказаў: “Братэрства з’яўляецца сапраўдным лекам ад пандэміі і шматлікіх няшчасцяў, якія нас напаткалі. Братэрства і надзея – гэта лекі, патрэбныя сёння свету на адным узроўні з вакцынамі”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку