Папа Францішак афіцыйна ўстановіць у Касцёле служэнне катэхета

У Ватыкане будзе прадстаўлены новы Апостальскі ліст Францішка ў форме motu proprio аб інстытуцыяналізацыі ў Каталіцкім Касцёле служэння катэхета.

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што прэзентацыя новага дакумента Святога Айца пройдзе 11 мая 2021 г. Яго назва – Antiquum ministerium. Прадставяць motu proprio арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, і біскуп Франц-Пэтэр Тэбартц-ван Эльст, дэлегат па пытаннях катэхізацыі пры гэтай ватыканскай дыкастэрыі.

Рашэнне Пантыфіка выспявала некалькі гадоў. Яшчэ ў 2018 г., у відэапасланні да ўдзельнікаў Міжнароднага катэхетычнага кангрэсу, ён выразна казаў пра тое, што “быць катэхетам – гэта пакліканне”, а не толькі праца. Папа падкрэсліваў, што “такая форма паслугі патрабуе прызнання ў якасці сапраўднага і праўдзівага служэння ў Касцёле”.

Аляксандр Панчанка, Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку