Папа: авіяцыя не можа выкарыстоўвацца як інструмент смерці

Падчас жудаснай вайны ва Украіне, штодня адзначанай бамбёжкамі з паветра, менавіта авіяцыя выкарыстоўваецца як інструмент нападу, знішчэння і смерці, — адзначыў Папа.

13 мая 2022 года Папа Францішак сустрэўся ў Ватыкане з прадстаўнікамі італьянскага Нацыянальнага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі.

Сваю прамову Святы Айцец распачаў са слоў падтрымкі ў бок сектара паветранага транспарту, які значна пацярпеў у выніку пандэміі. Ён лічыць, што яму патрэбна падтрымка дзяржавы, паколькі грамадзянская авіяцыя ўносіць значны ўклад у развіццё сучаснага свету, збліжаючы народы, якія знаходзяцца далёка ад сябе, дапамагаючы ім пазнаць адно аднаго.

“Фактычна, сваёй працай вы прапануеце незаменную паслугу народам і іх грамадзянам, уносячы значны ўклад у развіццё іх еўрапейскага і сусветнага паклікання. Тысячы пасажыраў могуць дабрацца да іншых гарадоў і краін, для працы, для турызму, для сямейных спраў, такім чынам збліжаючы розныя культуры і традыцыі. Дзякуючы гэтаму, развіваюцца веды, супрацоўніцтва і ўзаемны абмен у культурнай, эканамічнай і рэлігійнай сферах. Як жа важная ваша праца для развіцця гэтых чалавечых і грамадскіх адносін на міжнародным узроўні! Сутыкаючыся з пастаяннай спакусай вяртання да ўзвядзення нацыянальных бар’ераў, яшчэ больш яскрава бачна тое, што ваша праца служыць сустрэчы і братэрству”, — заявіў Папа Францішак.

“Рэзка кантрастуюць з гэтым пунктам гледжання выпадкі, калі авіяцыя выкарыстоўваецца як інструмент нападу, знішчэння, смерці. На жаль, мы назіраем гэта падчас жудаснай вайны ва Украіне, штодня адзначанай бамбёжкамі з паветра. Сутыкнуўшыся з гэтым змрочным сцэнарыем, у нашым сэрцы дужэе надзея на тое, што неба заўсёды і выключна будзе небам міру, прасторай, дзе можна спакойна лятаць, наладжваючы і ўмацоўваючы сяброўскія адносіны. Авіяцыя – гэта сяброўства, гэта – сустрэча!” — падкрэсліў Пантыфік.

Папа заклікаў авіятараў натхняцца прыкладам Багародзіцы, якая вучыць цвёрда ступаць па зямлі, “падзяляючы радасці і пакуты тых, хто навокал”, а ў той жа час, узнімаць позірк да неба, “з адкрытым сэрцам на Бога і Яго збаўчую ласку”.

Папа Францішак запрасіў сваіх гасцей “працаваць паміж сабой у духу салідарнасці, шчырасці і сяброўства, развіваць узаемныя адносіны, якія дапамогуць з упэўненасцю перажыць самыя цяжкія моманты”.

Кс. Аляксандр Амяльчэня,  беларуская рэдакцыя Vatican News

 

для друку для друку