Пантыфікат Францішка даўжэйшы за пантыфікат Бэнэдыкта XVI

Пантыфікат Францішка трывае даўжэй за пантыфікат яго папярэдніка Бэнэдыкта XVI. На гэта звярнуў увагу былы кіраўнік нямецкамоўнай рэдакцыі Ватыканскага радыё, нямецкі езуіт Бернд Хагенкорд.

“Спражкай” паміж двума пантыфікатамі стала рашэнне Бэнэдыкта XVI у 2013 годзе падаць у адстаўку. Гэта наклала адбітак і на яго наступніка. Абодвум Пантыфікам давялося сутыкнуцца з нявырашанай пакуль да канца праблемай рэформ у Ватыкане. Паводле кс. Хагенкорда, выклік настолькі сур’ёзны, што з ім, магчыма, прыйдзецца сутыкнуцца яшчэ і наступнаму Папу.

Хоць у абодвух Пантыфікаў была адна мэта: пераемнасць св. Пятра ў менш уладнай і больш пастырскай форме, езуіт бачыць істотныя адрозненні паміж Папам з Германіі і Папам з Аргентыны. З 2013 года значна змяніўся стыль – Францішак у асноўным факусуецца на харызме, аўтэнтычнасці і прысутнасці ў сродках масавай інфармацыі, канцэнтруецца на Паўсюдным Касцёле.

“Пачынаючы з папскага імя, Ёзэф Ратцынгер быў класічным еўрапейскім Пантыфікам: ён здзейсніў 24 замежныя паездкі, у тым ліку ў многія краіны нашага кантынента. Францішак да гэтага часу рэалізаваў 31 замежнае падарожжа за фактычна карацейшы на год перыяд, паколькі пандэмія заблакіравала ўвесь 2020 год. У спіс краін, якія наведвае цяперашні Папа, не ўваходзяць найбольш важныя еўрапейскія, такія як Іспанія, Францыя ці Германія, тое ж мы бачым у прызначэннях кардыналаў”, — падкрэсліў кс. Хагенкорд у інтэрв’ю кёльнскаму Domradio. Такім чынам, на яго думку, па меншай меры на ўзроўні Святога Пасаду, Еўропа значна адстала па значнасці з пункту гледжання Паўсюднага Касцёла.

Эксперт прагназуе доўгі пантыфікат Францішка: “нягледзячы на сталы ўзрост і хваробы ў мінулым, Папа не слабы і не стомлены”. На думку былога кіраўніка нямецкамоўнай рэдакцыі Ватыканскага радыё, не зменяцца і асноўныя лініі, як у працягу, так і ў разыходжанні з папярэднім пантыфікатам.

Трэба звярнуць увагу, што з 11 студзеня 2021 года перыяд прабывання Бэнэдыкта XVI на пенсіі даўжэйшы за час яго кіравання Касцёлам. Яго пантыфікат працягваўся 2873 дні, а пазаўчора мінуў 2874-ы дзень з моманту, калі ён змяніў статус на “Папа-эмерыт”.

Бэнэдыкт XVI, ураджэнец Германіі, быў Пантыфікам з 19 красавіка 2005 года па 28 лютага 2013 года, калі падаў у адстаўку з Пасаду св. Пятра. У красавіку 2021 года яму споўніцца 94 гады.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку