Пантыфік даў інтэрв’ю амерыканскаму езуіцкаму часопісу

Фота America Media

Папа Францішак даў інтэрв’ю амерыканскаму езуіцкаму часопісу America, падчас якога адказаў на пытанні, якія тычыліся шырокага спектру праблем: ад ролі жанчын у Касцёле да вайны ва Украіне.

У цэнтры размовы Папы з журналістамі, якая адбылася 22 лістапада 2022 года ў Ватыкане, была сітуацыя каталіцкай супольнасці ў ЗША. Пантыфік выказаў занепакоенасць палярызацыяй пастыраў і членаў Касцёла і пажадаў, каб падзел быў як мага хутчэй пераадолены. Ён нагадаў, што святары і біскупы з’яўляюцца пастырамі, а не палітыкамі, а таксама папярэдзіў амерыканцаў пра небяспеку падзелаў на ідэалагічныя лагеры, што шкодзіць як грамадству, так і Касцёлу ў прыватнасці.

У ходзе гутаркі закраналася і праблема расізму ў амерыканскім грамадстве. “Я хацеў бы сказаць афраамерыканскім католікам, што Папа ведае пра іх пакуты, што ён іх вельмі любіць”, — сцвердзіў Францішак, дадаючы, што “расізм — гэта недапушчальны грэх супраць Бога”.

Адносна вайны ва Украіне Папа Францішак паўтарыў, што Святы Пасад гатовы выступіць пасрэднікам, калі аб гэтым папросяць. У адказ на крытыку, якую ён атрымаў за тое, што не асуджаў непасрэдна Уладзіміра Пуціна, Папа патлумачыў: “Чаму я не называю імя Пуціна? Таму што гэта не абавязкова; усім вядомая мая пазіцыя, якая не залежыць ад таго, ці назаву я Пуціна па імені ці не”.

Святы Айцец пракаментаваў таксама абвінавачванні ў маўчанні адносна парушэння правоў чалавека ў гэтай краіне, дзеля падтрымання адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай. “Справа не ў тым, каб гаварыць ці маўчаць. Справа ў тым, ці весці дыялог ці не. А дыялог вядзецца да таго пункту, да якога яго весці магчыма”, — сказаў ён.

Пантыфік падзяліўся думкамі пра ролю жанчын у Касцёле. “Касцёл – гэта больш, чым тыя, хто выконвае святарскае служэнне. Касцёл – гэта ўвесь народ Божы. Касцёл – гэта жанчына. Касцёл – нявеста. І гэта ўздымае годнасць кожнай жанчыны”, — зазначыў ён.

Нарэшце, абмяркоўвалася таксама стаўленне Папы да эканамічных працэсаў, якія адбываюцца ў свеце. Ён сказаў, што, калі гаворыць на гэтыя тэмы, імкнецца кіравацца Евангеллем, у прыватнасці благаслаўленнямі і словамі з 25-га раздзела Евангелля ад Мацвея, дзе Езус кажа, што прысутнічае ў галодным, прагнучым, хворым, вязню… Францішак заўважыў, што клапаціцца пра гэтых людзей – гэта не камунізм, а хрысціянская пазіцыя.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі