Пантыфік абвясціў Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру

Папа Францішак падчас Імшы на адкрыццё Сінода Біскупаў

Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце адбудзецца ў Касцёле 7 кастрычніка 2024 года, у першую гадавіну буйнога тэрарыстычнага нападу групоўкі ХАМАС на Ізраіль.

“Каб прасіць праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі аб дары міру, у бліжэйшую нядзелю я адпраўлюся ў базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе памалюся святы Ружанец і звярнуся да Найсвяцейшай Панны з гарачай просьбай”, — сказаў Папа Францішак 2 кастрычніка 2024 года падчас святой Імшы на адкрыццё Сінода Біскупаў. Ён заклікаў удзельнікаў сінадальнага сходу па магчымасці далучыцца да яго.

“А на наступны дзень, 7 кастрычніка, я прашу ўсіх правесці Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце”, — дадаў Святы Айцец.

Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру пройдзе па ініцыятыве Папы Францішка ўжо не ў першы раз. У мінулыя гады такія духоўныя акцыі адбываліся ў кантэксце канфліктаў у Сірыі, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Паўднёвага Судана, Лівана, Афганістана, Украіны і Святой Зямлі.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку