Падтрымайма святара, які ў вязніцы!

Ксяндза Віцебскай дыяцэзіі, пробашча Лынтупскай парафіі кс. Аляксандра Барана, суд у Паставах 4 красавіка прысудзіў да 10 сутак пазбаўлення волі.

Яго асудзілі за дзеянні ў сацсетках паводле двух адміністрацыйных артыкулаў — 24.23 «несанкцыянаванае пікетаванне» (за выяву бел-чырвона-белага сцяга разам з украінскім сцягам на аватарцы) і 19.11 «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (лайкі і каментары пад публікацыямі інфармацыйных старонак, абвешчаных «экстрэмісцкімі»).

Святара затрымалі 25 сакавіка.  Адразу склалі пратакол за «незаконнае пікетаванне» па арт. 24.23 КаАП. Нагодай стала тое, што ў фота на профілі ў сацсетцы ксёндз Аляксандр размясціў сцяг Украіны і бел-чырвона-белы сцяг 24 лютага — у дзень пачатку вайны Расіі супраць Украіны.

«Для мяне, як і для іншых хрысціян, — гэта знак Хрыста ўваскрослага, які нясе мір. А сцяг Украіны я размясціў таму, што служыў там, у мяне засталіся сябры і сваякі ва Украіне, і такім чынам я хацеў паказаць, што памятаю пра іх і люблю»,тлумачыць святар.

Ксяндза адразу затрымалі і адправілі за краты. У выніку ў ізалятары ён правёў шэсць дзён:

«Цяпер мы перажываем Вялікі пост, і для мяне гэта былі вельмі добрыя рэкалекцыі: строгі пост на хлебе і вадзе, шмат малітвы. Дзякуй Богу, мне дазволілі перадаць акуляры і Брэвіярый — каб я мог маліцца. Умовы ў ізалятары — як у сярэднявеччы. Да таго, як да мяне дапусцілі адваката, стаўленне да мяне было хамскім. Я зразумеў, што перажывалі святары падчас сталінскіх рэпрэсій у 1930-х гадах, якіх гэтак жа кідалі за краты».

Калі прайшло трое сутак пасля затрымання, і па законе святара абавязаны былі альбо судзіць, альбо вызваліць, на яго склалі новы пратакол і такім чынам змаглі падоўжыць арышт яшчэ на тры дні. На гэты раз абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» па артыкуле 19.11 КаАП:

«На маіх старонках знайшлі «лайкі» за 2020 год пад публікацыямі інфармацыйных каналаў, якія пазней прызналі «экстрэмісцкімі». І ў гэтым мяне абвінавацілі. Я ім спрабаваў растлумачыць, што сотні тысяч беларусаў у той час ставілі такія ж «лайкі» — атрымліваецца, іх усіх таксама трэба судзіць? Чаму святар не можа цікавіцца падзеямі, якія адбываюцца ў краіне і свеце, чэрпаць інфармацыю з розных крыніц? Але яны гэта не ўспрымалі».

Ксёндз Аляксандр мяркуе, што такімі дзеяннямі спрабуюць дыскрэдытаваць святароў, якія маюць аўтарытэт сярод вернікаў:

«Я ім сказаў, што якая б ні была ўлада, Каталіцкая Царква заўсёды будзе рабіць адно — абвяшчаць праўду Евангелля Божага, а не палітыку якіх-небудзь партый. І не Касцёл улазіць у палітыку, а наадварот — яны сваёй палітыкай лезуць у жыццё кожнага чалавека, у жыццё Касцёла, хочуць знішчыць яго аўтарытэт, закрыць раты».

4 красавіка суд праходзіў у Паставах. Падтрымаць ксяндза Аляксандра прыехалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, святары дыяцэзіі, законная сястра і парафіянін. Katolik.life паразмаўляў з тымі, хто прысутнічаў на судзе:

«Па логіцы, абвінавачваць абсалютна не было ў чым. Ксёндз Аляксандр цалкам адмаўляў несправядлівае абвінавачванне, тлумачыў усё з пазіцыі хрысціянства: што ягоная місія — быць разам з людзьмі, што бел-чырвона-белы сцяг — гэта знак перамогі уваскрослага Хрыста, што ён не меў ніякіх палітычных намераў. Адвакат цалкам разбіў абвінавачванні, тлумачыў, што яны беспадстаўныя, спасылаўся на Канстытуцыю, і пасля ягонай прамовы была надзея, што ксяндза Аляксандра апраўдаюць. Але…»

Пасля абвяшчэння рашэння святара не затрымалі адразу ў зале суда, а далі гадзіну на тое, каб самому прыйсці для адбывання пакарання. Ксёндз Аляксандр з пакорай так і зрабіў.

6 сутак святар ужо правёў за кратамі, таму засталося адбыць яшчэ 4 сутак. На свабоду ён павінен выйсці 8 красавіка, напярэдадні Пальмовай нядзелі.

Заахвочваем нашых чытачоў маліцца за святара, каб падтрымаць яго. Наша хрысціянская салідарнасць неабходная асабліва ў хвіліну вялікіх выпрабаванняў.

Паводле матэрыялаў Katolik.life

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі