“Як выглядае штодзённае жыццё святара?” – такім пытаннем задаюцца многія нашы чытачы. Каб крыху прыадкрыць гэтую таямніцу, “Каталіцкі Веснік” накіраваўся ў вёску Барадзінічы, што ў Віцебскай дыяцэзіі. Там працуе кс. Юрый Ноцунь – святар ордэна сэрцанаў.
Як толькі пад’язджаем да плябаніі, нас радасным клёкатам вітае бусел. Ён стаіць на цяпліцы і з цікаўнасцю разглядае гасцей. Праўду кажучы, гэты малады буслік і быў адной з прычын, праз якую мы вырашылі завітаць менавіта ў Барадзенічы, каб бліжэй пабачыць штодзённы побыт вясковага святара.
На ганак плябаніі выходзіць жанчына старэйшага ўзросту і са здзіўленнем глядзіць на гасцей. “Мы да пробашча”, – кажам. Убачыўшы ў руках фотаапарат, яна хуценька знікае за дзвярыма. Праз хвіліну з’яўляецца сам кс. Юрый.
– Як Вам удалося прыручыць такога незвычайнага гадаванца? – ківаю галавой на бусляня.
– Я яго не прыручаў. Дзеці ўбачылі, як яго бацькі выкінулі з гнязда. – Пробашч паказвае на электрычны слуп, што стаіць ля касцёла:
– Бачыце? Вунь яго бацькі ўжо прыляцелі і рыхтуюцца выгадаваць новае патомства. А Фама быў зусім маленькі, такое белае пухнатае птушанятка. Мог і забіцца зусім. Але выжыў.
– Не спрабаваў паляцець ад Вас?
– Ды не. Я ж яго і лятаць вучыў. Падкіну ўгору і страхую, каб не пабіўся. Цяпер, калі падрос, пакружыць, бывае, над хатай і вяртаецца. Так ён у хляве і начуе, а мінулай зімой я яго дык наогул дахаты забраў, каб не замерз. Яму толькі два гады. Не выключаю, што ў будучыні зляціць ад нас, калі знойдзе сабе спадарожніцу жыцця. Я вельмі прывык да бусліка. Ходзіць за мной паўсюль. У касцёл праводзіць, сустракае на дарозе клёкатам. Але і без яго тут сумаваць не даводзіцца.
Ксёндз Юрый паказвае рукой на загарадзь, за якой ходзяць куры, гусі і качкі.
“У вас багата жыўнасці”, – кажу. – Гэта проста хобі такое, ці неабходнасць?”
Кс. Юрый усміхаецца: “Я з дзяцінства люблю жывёл. Сам родам з Польшчы, з-пад Вроцлава. Да семінарыі вучыўся ў ветэрынарнай вучэльні. А тут, у Барадзінічах, няпроста пражыць. Таму, бывае, некаторыя з тых стварэнняў Божых трапляюць да мяне на стол. Сёння, дарэчы, вас таксама пачастую вясковым абедам. Пачакайце хвілінку, зараз пакажу касцёл”.
Пакуль кс. Юрый ідзе па ключы, для сябе адзначаю вельмі высокі ўзровень беларускай мовы святара. Ён гаворыць амаль без акцэнту. У гэты час да нас падыходзяць дзве жанчыны. Даведаўшыся, што перад імі журналісты, наперабой радасна распавядаюць пра пробашча. “Вы ведаеце, кс. Юрый – душа-чалавек. Ён такі, як і мы. Вельмі просты, сам саджае, робіць, жывёлу даглядае. Трэба – і расадай падзеліцца. Ён жа і садавод, вунь колькі дрэўцаў сам прывіў. У кс. Юрыя 14 мая дзень святарства. Мы яго вельмі любім і віншуем. Любяць яго і дзеці. Ён жа і музыкант, на губным гармоніку, на гітары грае”.
Вяртаецца пробашч і мы ідзём у касцёл, які мае тытул св. Юзафа. Па дарозе пытаюся пра вернікаў. “Вёска вымірае, гэта ж бачна, але яшчэ трымаемся. На рараты, бывала, і па 25 дзетак прыходзіла. Я сам дзівіўся. Тройчы на тыдзень рана прыйсці ў касцёл – гэта не кожны захоча”.
У сцяне касцёла заўважаю памятную дошку з прозвішчам “Лапацінскі”. Кс. Юрый тлумачыць: “Лапацінскія тут фундатары. Я чуў такую легенду, што пан Лапацінскі ўсю маёмасць прайграў у карты і засталася ў яго толькі адна вёска – Барадзінічы, на якую і паставіў. Дык выйграў і адыграўся і таму зафундаваў тут касцёл. А ці праўда тое – не ведаю. На фэст св. Роха прыязджае шмат людзей. А так не надта людна”.
– Як утрымаць касцёл, плябанію, калі людзей не становіцца больш?
– Вернікі, канешне, ахвярныя, але што яны могуць, калі са студзеня заробку не атрымлівалі? Калі яны бедныя, то і я бедны. Святары жывуць з ахвяраванняў.
Выходзячы з касцёла, назіраем звыклую карціну беларускай вёскі: на вуліцы стаіць аўталаўка.
“Пачакайце, я мушу купіць хлеба дахаты”, – кажа кс. Юрый і ідзе да машыны. Прапусціўшы ўперад усіх вяскоўцаў, пробашч становіцца апошнім у чарзе. “Можа Вы што будзеце купляць”, – пытаецца ў мяне мужчына старэйшых гадоў. “Не, я на цэны пагляджу, – адказваю.
З-за аўтапрылаўка чую голас прадаўца, які спяшаецца запэўніць, што цэны, як і ў магазіне. Не маючы прычыны, каб не давяраць гэтым словам, разглядаю тавары. Ёсць каўбасы, рыба, макарона, малочныя прадукты. Цалкам прыстойны асартымент. “Як жыццё Вашае?” – пытаюся ў бабулькі побач. “Жыць можна, дзетка, добра, што пенсію хоць плацяць” – адказвае яна.
Зрабіўшы пакупкі, вяртаемся з кс. Юрыем на плябанію. З хаты навыперадкі да гаспадара лятуць дзве вясёлыя таксы. “Гэта мае любіміцы Лінда і Гера, – распавядае пробашч. – А яшчэ ёсць кот, шыншыла, 10 гусей, 2 украінскія качкі, 5 індакачак, 10 індзюкоў, 16 трусоў, пчолы і, безумоўна, бусел”. Аддаўшы хлеб гаспадыні, святар на нашую просьбу ўваходзіць за загарадзь і паказвае нам украінскіх качак. Усё гэта адбываецца пад гучны гогат гусей і іншых птушыных суродзічаў.
“Зараз вам яшчэ нешта пакажу”, – кажа ксёндз. Знікае на пару хвілін і прыносіць зялёныя яйкі. Задаволены нашым здзіўленнем, тлумачыць: “Не бойцеся, вазьміце сабе, яны свежыя. Гэта проста такая парода курэй. Яны нясуць менавіта яйкі з зялёным шалупіннем. Адну такую курыцу я суседу аддаў на развод. Бачыце, вельмі зручна. На Пасху і фарбаваць не трэба”, – жартуе пробашч.
У ксяндза ёсць кот, 2 сабакі, шыншыла, 10 гусей, 2 украінскія качкі, 5 індакачак, 10 індзюкоў, 16 трусоў, пчолы і бусел.
Абяцаны абед вельмі смачны, за што асабліва дзякуем гаспадыні – пані Франі, якая з’яўляецца надзейнай дапамогай кс. Юрыю ў плябаніі і ў жывым гаспадарскім маёнтку. Пры развітанні задаю пытанне святару: “А можа б, хацелі пераехаць куды ў іншую парафію, дзе больш людзей, можа, у горад?” Кс. Юрый, нават не задумваючыся, адказвае: “Не. Мне тут добра. Бывае, канешне, цяжкавата. Асабліва зімой. Але людзі тут вельмі добрыя, а Пан Бог блаславіць”.
Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
