Па старонках старых газет: як у 1931 годзе асвячалі касцёл у Крулеўшчыне

Касцёл у Крулеўшчыне перад урачыстасцю асвячэння. 1931 год. Фота са збораў Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва.

На старонках старых газет можна знайсці шмат цікавых звестак пра мінулае нашага краю, пра тое, што адбывалася тут многія дзесяцігоддзі таму. І кароткія ўрадавыя і паліцэйскія зводкі, і тэксты прафесійных рэпарцёраў і публіцыстаў, і асабліва карэспандэнцыі жыхароў правінцыі дапамагаюць стварыць карціну таго, што адбывалася раней у гэтым краі.

Калі паглядзець, што пісала дзевяноста гадоў таму віленская штодзённая газета “Słowo”, то ў нумары 229 за 6 кастрычніка 1931 года можна знайсці апісанне ўрачыстага асвячэння касцёла ў Крулеўшчыне. Але перш чым даць слова рэпарцёру “Słowa”, коратка апішу гісторыю ўзнікнення Крулеўшчыны і ўзнікнення ў Крулеўшчыне каталіцкай парафіі.

Назва “Крулеўшчына” вядзе сваю гісторыю ад шэрагу засценкаў – невялікіх паселішчаў сялянаў або дробнай шляхты, якія знаходзіліся на прасторах паміж вёскамі Літоўцы і Верацеі і ў дакументах канца XVIII – сярэдзіны XIX стагоддзя называліся “Хрулеўшчына” або “Хрулі”. Менавіта так – “Хрулеўшчына, засценкаў восем” – называецца гэтая мясцовасць у апісанні Докшыцкай парафіі ў 1784 годзе. Назва, відавочна, паходзіць ад прозвішча або мянушкі Хруль.

Расійскія картографы, складаючы ў 60-я гады ХІХ стагоддзя тапаграфічную карту, памылкова падпісалі адзін з тых засценкаў “Крулевщизна”. У пачатку ХХ стагоддзя, падчас будаўніцтва стратэгічнай тысячакіламетровай Балагое-Сядлецкай чыгункі, гэтая назва трапіла на вочы камусьці з інжынераў, і яе прысвоілі пабудаванай недалёка станцыі. У 1914 годзе расійскія ўлады перайменвалі станцыю “Крулеўшчына” ў “Сеславіна” ў гонар расійскага генерала.

У жніўні 1919 года гэтую мясцовасць занялі польскія войскі. Станцыі была вернутая старая назва, але ўжо ў польскім гучанні: “Królewszczyzna” – “Круляўшчызна”. Стаў пашыраным гістарычны міф, што дадзеная назва паходзіць ад уладанняў колішніх каралёў Рэчы Паспалітай (тэрмінам “круляўшчызна” ў Рэчы Паспалітай сапраўды называлі каралеўскія маёнткі). Некаторыя звязвалі назву з асобай Стэфана Баторыя, які ў 1579 годзе праз Глыбокае ішоў вызваляць Полацк ад Івана Грознага.

Пасля 1919 года ў Крулеўшчыну, якая стала стратэгічна важным чыгуначным вузлом, было прыслана на працу шмат чыгуначнікаў з іншых рэгіёнаў, у тым ліку з Цэнтральнай Польшчы. Яны былі пераважна католікамі па веравызнанні. Таму пільнай стала патрэба заснавання касцёла ў Крулеўшчыне. Быў час, што святар прыязджаў і служыў Імшу проста ў будынку вакзала. Пасля абсталявалі пад капліцу адзін з будынкаў побач з вакзалам. У 1928 годзе заснавалі камітэт будаўніцтва касцёла, які праз тры гады скончыў сваю справу. Галоўная роля ў будаўніцтве касцёла належала мясцовым чыгуначнікам, а частку сродкаў на будоўлю дало Міністэрства камунікацыі.

У нядзелю, 4 кастрычніка 1931 года, а сёмай гадзіне раніцы з віленскага вакзала рушыў адмысловы цягнік, пасажырамі якога былі віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, дырэктар дзяржаўных чыгунак інжынер Казімір Фалькоўскі, святары, чыгуначныя чыноўнікі, артысты і журналісты. Сярод іх – рэпарцёр “Słowa”, які апісаў падзеі ў Крулеўшчыне, падпісаўшыся крыптонімам W. T.

“Крыху па адзінаццатай гадзіне – піша W. T., – мы на месцы. На пероне – узброеная рота вайсковай падрыхтоўкі чыгуначнікаў Крулеўшчыны са штандарам і аркестрам (штандар і аркестр з Вільні). Старшыня Фалькоўскі прымае даклад, праходзіць перад строем, вітаецца з чыгуначнай браціяй, пасля чаго цягнік рушыць крыху далей, затрымліваецца насупраць новапабудаванага касцёла.

Ідзе дождж, моцны вецер яшчэ больш пагаршае сітуацыю. Нягледзячы на гэта, натоўпы чакаюць архіпастыра перад трыумфальнай брамай. Дэлегацыя вітае яго хлебам і соллю. Выходзім алейкай, якая абсаджаная ялінкамі, да касцёла. Яго Эксцэленцыя ідзе пад бальдахінам, які нясуць чыгуначнікі.

Моладзь Крулеўшчыны на фоне касцёла. 1942 год. Фота з сямейнага архіва Крыстыны Кучыньскай

Пры ўваходзе ў касцёл сустракае Яго Эксцэленцыю мясцовы пробашч кс. Шадбэй і параф’янаўскі дзекан кс. Тэжык. У касцёле ўжо так цесна, што нашай немалой грамадцы гасцей з немалой цяжкасцю ўдаецца трапіць усярэдзіну. Праход, зроблены для архіпастыра, займаецца адразу пасля яго праходу. Парафіяне, якія тут сабраліся, відаць, лічаць, што ім належыць большае права быць на гэтым першым, урачыстым набажэнстве ў іх уласнай святыні. Іх уласнай, бо яны яе збудавалі. Аркестр і хор падымаюцца наверх.

Яго Эксцэленцыя асвячае касцёл, абыходзячы стацыі Панскай Мукі, пасля чаго выступае з прамовай, падкрэсліваючы вялікае значэнне гэтай святыні, а таксама заслугі ўсіх тых, праз чые сродкі і старанні паўстаў, на хвалу Пана на Нябёсах, гэты касцёл.

Пасля акту пасвячэння ксёндз-канцлер Савіцкі разам з ксяндзамі Матулевічам і Юдыцкім адслужылі Імшу. Падчас яе квартэт [спевакоў з “Агменя” чыгуначнікаў з Вільні] выконвае шэраг песень. З хораў вясковага касцёлка льюцца мелодыі рэлігійных твораў Шапэна. Чутно акампанемент струннага квартэта пад кіраўніцтвам Юзвяка.

Узнімаюцца галовы тых, хто моліцца. Вочы поўныя здзіўлення і захаплення. Многія з іх не чулі дагэтуль такіх прыгожых спеваў і такіх прыгожых галасоў.

Набажэнства скончанае. Яго Эксцэленцыя разам з госцьмі ідзе ў “Агмень” на абед, які падрыхтавалі мясцовыя чыгуначнікі.

Дождж зацята лье, страшны холад, таму з думкай пра талерку гарачага супу мы хутчэй крочым па гразі, якая месцамі нейтралізаваная вузкім драўляным ходнікам. Падчас вельмі смачнага абеда (адмысловая падзяка тут належыць гаспадыням з Крулеўшчыны) было сказана некалькі прамоваў. Першы ўзяў голас віцэ-старшыня камітэта будаўніцтва касцёла інжынер Швэнгрубэн.

З прамовы мы даведваемся дэталі гісторыі будаўніцтва касцёла. З прычыны таго, што ранейшая капліца не магла змясціць усіх парафіянаў, у 1928 годзе было вырашана будаваць касцёл. Праект быў прапанаваны, а потым рэалізаваны мясцовымі чыгуначнікамі. Яны энэргічна ўзяліся за працу. Сабраная неабходная для пачатку будаўніцтва сума, але толькі ў маі гэтага года пачалося будаўніцтва падмуркаў. Усё насельніцтва Крулеўшчыны прыняло актыўны ўдзел у працах, пераносячы будаўнічы матэрыял, капаючы траншэі пад падмуркі і г. д.

Кошт будаўніцтва дасягнуў 21800 злотых. Гэтую суму склалі: 5000 злотых – дапамога Міністэрства [камунікацыі], 5660 злотых – складкі чыгуначнікаў, 2345 злотых – складкі прыватных асобаў, 100 злотых – Мітрапаліцкая Курыя, 570 злотых – працэнты ад сумаў, пакладзеных у банку. Застаўся доўг у суме 6900 злотых.

Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп сардэчна падзякаваў чыгуначнікам за заснаванне гэтай духоўнай крэпасці, якая цяпер ёсць апорным пунктам каталіцкай грамадскасці. “Няхай жывуць чыгуначнікі і іх шляхетная, ахвярная справа”, – скончыў сваю прамову ксёндз-арцыбіскуп.

Пасля абеду прысутныя пайшлі на вакзал, дзе іх чакаў цягнік старшыні Фалькоўскага. Праз чатыры гадзіны цягнік спыніўся ўжо на віленскім вакзале”.

* * *

Аўтар гэтага рэпартажа, які працытаваны з невялікімі скарачэннямі, не ведаў, што праз няпоўныя восем гадоў – у верасні 1939 года – у Крулеўшчыну ўвойдуць савецкія войскі. Многія з чыгуначнікаў, якія пабудавалі касцёл, трапілі пад арышты і высылкі, а іншыя пераважна выехалі ў Польшчу. Касцёл быў зачынены ў 1947 годзе. У 1964 годзе – разабраны. Яго падмурак з магутных камянёў да сённяшняга дня стаіць у Крулеўшчыне. На месцы алтара пастаўлены жалезны крыж.

Кастусь Шыталь

для друку для друку