Па старонках старых газет. Асвячэнне касцёла ў Падсвіллі

Паштоўка з выявай касцёла ў Падсвіллі. У авале – партрэт віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага

На старонках старых перыядычных выданняў можна знайсці шмат карэспандэнцый з нашага рэгіёна. Апісанні падзей, якія дзесяцігоддзі таму былі навінамі, цяпер з’яўляюцца каштоўнымі гістарычнымі крыніцамі. Сёння мы зазірнём у “Dziennik Wileński”, №33 за 11 лютага 1932 года і згадаем асвячэнне касцёла ў Падсвіллі, якое адбылося роўна дзевяноста гадоў таму на Грамніцы.

Але перш крыху ўзгадаем, адкуль узялося Падсвілле. Яшчэ 120 гадоў таму на картах нельга было знайсці населены пункт з такой назвай. У 1902-1906 гадах расійскі ўрад будаваў стратэгічную чыгуначную лінію, якая мела злучыць станцыю Балагое паміж Пецярбургам і Масквой з горадам Седльцы ў Польшчы. Адна са станцый гэтай чыгункі была збудаваная за некалькі кіламетраў ад вёскі Свіла. Шляхам дадання прыстаўкі ўтварылася назва новай станцыі – Падсвілле.

Першыя два дзесяцігоддзі Падсвілле было пасёлкам з некалькіх дамоў пры чыгуначнай станцыі. Змены ў жыццё гэтай ваколіцы прыйшлі з польска-савецкай вайной і ўсталяваннем у сакавіку 1921 года паводле Рыжскага міру мяжы паміж Польшчай і СССР. У 1924 годзе для аховы мяжы і ўтрымання бяспекі на памежжы польскія ўлады стварылі Корпус Аховы Памежжа (КАП). Адразу на беразе возера Алоізберг, за два кіламетры ад станцыі Падсвілле, пачалося ўзвядзенне будынкаў гарнізона КАП.

У 1925 годзе будаўніцтва вайсковых аб’ектаў скончылі. У Падсвіллі размясцілася камандванне 7 батальёна КАП, які ахоўваў польска-савецкую мяжу ў раёне Галубіцкай пушчы. Вакол будынкаў гарнізона пачаў разрастацца новы населены пункт. Праз некалькі гадоў як вайсковае камандванне, так і мясцовыя жыхары заняліся справай заснавання ў Падсвіллі каталіцкай святыні. Яе будаўніцтва прыпала на эканамічна цяжкі час – у першай палове 30-х гадоў ХХ стагоддзя Заходнюю Беларусь моцна закрануў сусветны эканамічны крызіс.

У лютым 1932 года касцёл асвяцілі. Гэтай радаснай навіной падзяліўся з чытачамі двух перыядычных выданняў – штодзённіка “Dziennik Wileński” і пазнанскага тыднёвіка “Przewodnik katolicki” – невядомы мясцовы жыхар, які падпісаўся крыптонімам W.

“Падсвілле – дзе ж яно, тое Падсвілле? Так з пэўнасцю падумае кожны чытач і шукаць будзе ў закутках свайго розуму, ці не чуў пра такую вёсачку. Толькі паляўнічым можа прыпомніцца Падсвілле – малая станцыйка, прыязны начальнік станцыі, некалькі беларусаў, у якіх і вачэй з-пад шапкі не ўбачыш, кажух і лапці, ну і некалькі габрэяў як дадатак да краявіду. Паляўнічыя ведаюць, што тут рай для іх, проста абяцаная зямля – ваўкі, глушцы, цецерукі, курапаткі.

Жаўнеры Корпуса Аховы Памежжа на фоне будынка гарнізона ў Падсвіллі, 20-я гады ХХ ст.

Сёння Падсвілле – гэта малы гарнізон, прыгожыя будынкі КАПа змянілі краявід у лепшы бок. Капаўцы не закрыліся ў службовых рамках, але выйшлі з іх на карысць мясцовага грамадства. Не далі спакою дзейным капаўцам раскіданыя па лясах і балотах могілкі іх братоў-жаўнераў, якія палеглі ў змаганні з чырвоным суседам. Папрасілі пані Мацкевічаву, уладальніцу маёнтка Алоізберг, якая з радасцю дала зямлю, каб годна спачылі тыя, хто паклаў жыццё на гэтай зямлі. Стварылі могілкі, на якіх годна спачываюць вялікія сыны Айчыны, пачынаючы ад героя 1863 года святой памяці паручніка Фалькоўскага[1].

Пасля могілак падумалі нашы капаўцы пра касцёл. Што? У гэтых цяжкіх часах заняпаду, стагнацыі, зніжэння цэнаў на сельскагаспадарчую прадукцыю, без гроша… А так, менавіта так, бо, як казаў старшыня камітэта, маючы грошы, не штука пабудаваць нават і катэдру, але трэба ўмець пабудаваць касцёл на ўскраінах дзяржавы, сярод беднага насельніцтва – і без грошай.

Быў заснаваны камітэт будаўніцтва касцёла, у які ўвайшлі афіцэры і падафіцэры 7 батальёна КАП, прадстаўнікі абшарнікаў, вайсковых асаднікаў, а таксама нават тых бедных без зямлі. Два гады змагаўся камітэт, а грамадскасць дапамагала яму паводле магчымасці. Пісалі, жабравалі часам вельмі моцна… І зноў зямлю дала пані Мацкевічава. Будаўнічы матэрыял і грашовыя ахвяры – камандзір КАП, Ян Аскерка[2], Казакевіч, Суліма Самуйла[3], Буйніцкія[4], Шчэпаньскі і шмат, шмат іншых, якіх немагчыма пералічыць пайменна.

Такім чынам, у дзень 2 лютага 1932 года наш касцёл асвяціў шаноўны ксёндз доктар Ян Элерт з Вільні, які пасвячэнне здзейніў па даручэнні Яго Эксцэленцыі Арцыбіскупа Ялбжыкоўскага. Першае казанне прамовіў ксёндз-магістр Новак, пробашч вайсковай парафіі Новая Вілейка.

Не магу паўтарыць тут тых залатых слоў, якія былі сказаныя з нашай сціплай казальніцы – слоў, якія, можа, тут яшчэ не былі чутыя. Іх ацанілі ўдзячныя слухачы, ацаніў малітоўны народ, які, узрушаны да глыбіні, не хаваў сваіх слёзаў. А поўна было тут людзей, касцёл не мог іх змясціць. Былі ўсе прадстаўнікі адміністрацыйнай улады, войска на чале са сваім камандзірам палка палкоўнікам Богушам-Шышка, усе навакольныя абшарнікі і народ.

Пашана ўсім дабрадзеям і ахвярадаўцам, якія дапамаглі ў будаўніцтве гэтай крэпасці веры і лацінскай культуры тут, на ўскраінах, асабліва шаноўнаму нашаму духавенству. Пашана жанчынам, жонкам афіцэраў і падафіцэрам, і ўсім жанчынам з секцыі касцельных шатаў, якія на ўзор даўніх часоў забяспечылі касцёл патрэбнымі касцельнымі рэчамі. Пашана афіцэрскаму корпусу 7 батальёна “Падсвілле” за выяўленую гасціннасць”, – так заканчвае карэспандэнт свой допіс.

Хутка пасля таго, як скончылі касцёл, падсвільскія памежнікі дапамаглі грашыма і працай з будаўніцтвам школы, якая была адчыненая ў 1935 годзе. А летам 1939 года многіх з іх перакінулі на заходнія межы Польшчы, дзе яны 1 верасня таго ж года прынялі бой з гітлераўскай Нямеччынай. 17 верасня 1939 года польска-савецкую мяжу перайшла Чырвоная армія. Памежнікі з Падсвілля адступілі на тэрыторыю Латвіі. Некаторыя з памежнікаў, як, напрыклад, Стэфан Палчыньскі, камандзір стражніцы “Каменны Воз”, загінулі ў баі, прыкрываючы адступленне сваіх таварышаў.

Па-рознаму склаліся лёсы асобаў, што прысутнічалі на той падсвільскай урачыстасці ў 1932 годзе. Палкоўнік Стэфан Богуш-Шышка ў верасні 1939 года бараніў ад нацыстаў Варшаву, пазней служыў у арміі Андэрса, вызваляючы Заходнюю Еўропу. Ксёндз Эдмунд Новак, які прамаўляў казанне, у верасні 1939 года быў вайсковым капеланам, трапіў у палон да саветаў, расстраляны ў 1940 годзе ў Цвяры. Ксёндз Ян Элерт, які асвячаў касцёл, сядзеў у турмах і пры нацыстах, і пры камуністах, памёр у 1962 годзе ў Вільні. У 50-я гады ён уратаваў, схаваўшы ад камуністаў, абраз Езуса Міласэрнага, які быў намаляваны паводле візіі святой Фаустыны Кавальскай.

Падсвілле ў 1944-1960 гадах было цэнтрам Пліскага раёна. Гэтаму паспрыяла наяўнасць чыгункі і будынкі, што засталіся з даваенных часоў, у якіх можна было размясціць адміністрацыйныя ўстановы. Камуністычныя ўлады зачынілі касцёл, зрабілі ў ім склад, а ў 80-я гады ХХ стагоддзя разабралі. Цяпер ад старога касцёла застаўся толькі падмурак, а на ім – камень з памятным надпісам. Новы касцёл быў збудаваны на іншым месцы і асвечаны ў ліпені 2011 года. Вайсковыя могілкі захаваліся і былі грунтоўна адноўленыя за сродкі польскага ўрада ў 2019 годзе.

Кастусь Шыталь

[1] Міхал Фалькоўскі, удзельнік паўстання 1863 года, уладальнік фальварка Свіла. Памёр у 1930 годзе.

[2] Ян Аскерка – уладальнік маёнткаў Азерцы і Будслаў. Памёр у Вільні ў 1934 годзе.

[3] Баляслаў Суліма-Самуйла – уладальнік маёнтка Белакор’е.

[4] Мікалай Буйніцкі – уладальнік маёнткаў Юстынова, Лотышы, Вострава, Шоша, Вуглы ў Празароцкай гміне. Сваяк заснавальніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі