Пачатак жніўня адзначаецца ўшанаваннем мучанікаў з Росіцы – бласлаўлёных Юрыя і Антонія, айцоў марыянаў, якія прыкладам сваёй адданасці, мужнасці ў веры прыцягваюць вернікаў да гэтага святога месца, нягледзячы на розныя перашкоды. Адчуваецца тут Божая прысутнасць, так як праз гэтых двух святароў людзі на трагічным заканчэнні свайго жыцця адчувалі праз іх прысутнасць Бога. І гэта давала ім сілы да вытрывання, давала моц і веру, што жыццё не заканчваецца пасля смерці.
7 жніўня святую Імшу апоўначы разам з прысутнымі святарамі канцэлебраваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У святочнай Літургіі таксама прыняў удзел Апостальскі візітатар грэка-каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей Гаек.
Пра адчуванне блізкасці Бога ў жыцці чалавека разважаў падчас гаміліі іерарх.
Перад бласлаўленнем а. Вадзім Мізер зачытаў словы духоўнай блізкасці ад правінцыяла польскай правінцыі ордэна айцоў марыянаў а. Тамаша Навачыка МІС, які з-за пандэміі і закрытых межаў не змог прысутнічаць і маліцца разам.
Айцец Вадзім таксама падзякаваў усім святарам і пілігрымам, якія «кожны па-свойму “захварэлі” Росіцай, гэтым духам, які заўсёды нас сюды вабіць. Няхай гэты “росіцкі вірус” ніколі не знікае з вашага арганізма. Прыязджайце, прыходзьце сюды і няхай Бог вам бласлаўляе».
Пасля Імшы святары, законныя сёстры разам з вернікамі вырушылі працэсіяй на месца мучаніцтва і смерці росіцкіх жыхароў разам з бласлаўлёнымі айцамі Юрыем і Антоніем. Пасля малітвы за душы замучаных людзей біскуп Алег звярнуўся да прысутных з кароткай прамовай: «Напэўна нельга быць цалкам вольным ад страху, гэта быў бы чалавек псіхічна хворы, каб не адчуваў страху. Гэта натуральнае пачуццё, але дзеля таго дадзены чалавеку дух, каб панаваць над пачуццямі і эмоцыямі, а таксама і над страхам. Вось менавіта ў гэтым нам дапамагае наша вера. Можа, у першую чаргу, страх перад смерцю, які мае кожны чалавек. Чаму? Бо баімся перадусім таго, чаго не ведаем, не ведаем, што ёсць за той брамай. Брамай, якая для двух тысяч чалавек сталася апошняй на гэтым месцы. Але, каб прайсці праз гэту браму, людзі мелі адвагу, дзякуючы прысутнасці Божай, якую адчувалі праз паслугу святароў. Вось менавіта гэтая прысутнасць Божая дае адвагу нам у шматлікіх складаных жыццёвых сітуацыях. Важна, каб мы прайшоўшы свой жыццёвы шлях, як зараз прайшлі ад касцёла сюды, як калісьці зрабілі людзі прыгнаныя варожай сілай, каб напрыканцы жыцця мы з адвагай маглі прайсці праз гэту браму смерці, якая чакае кожнага з нас. На гэтым месцы просім, каб у той момант мы мелі знак прысутнасці Божай».
Напрыканцы святары і вернікі ўшанавалі крыж, што ўсталяваны на месцы мучаніцкай смерці жыхароў Росіцы і паставілі запаленыя знічы як знак нашай памяці.
Марына Сінкевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, Леанід Юрык, больш фота па спасылцы >>