“Не стварайце чысцец у сваіх дамах”. Дыяцэзіяльнае спатканне груп Апостальства дапамогі душам чысцовым адбылося ў Лепелі

26 кастрычніка ў касцёле святога Казіміра ў Лепелі прайшла трэцяя агульнадыяцэзіяльная сустрэча груп Апостальства дапамогі душам чыстцовым, якія дзейнічаюць у парафіях Віцебскай дыяцэзіі.

Сустрэча распачалася супольнай малітвай Апостальства, затым перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам быў час на малітву ў цішыні і сакрамант пакаяння.

Канферэнцыю «Да сустрэчы ў чыстцы» прамовіў кс. канонік Валерый Орсік, пробашч з Дзеркаўшчыны. “Калі пра Неба ўсе вераць, то на жаль з чыстцам зусім інакш. (…) Як жа мала гаворыцца пра чысцец. Чаму? Бо гэта не дагмат веры. Папа Францішак кажа, што чысцец — гэта месца пакаяння і ачышчэння”. Святар заклікаў звярнуць увагу і зразумець, што чысцец не мае часу. Чысцец – гэта стан душы. Далей кс. канонік Валерый распавёў шмат прыкладаў містыкаў, калі яны спатыкалі душы церпячыя і як рэагавалі на гэтыя сустрэчы. Напрыклад, св. Маргарыта Марыя Алякок малілася і дапамагала душы адной манахіні, якая доўгі час знаходзілася ў гэтым стане, бо за сваё жыццё была халоднай у Божай службе. “Чым больш ты халаднейшы да Ружанца, да св. Імшы, малітвы, тым больш ты будзеш цярпець у чыстцы з гэтых правінаў. Гэта адносіцца не толькі да святароў, але да кожнага з нас”, — дадаў прамоўца.

Далей кс. Валерый больш часу засяродзіў увагу на постаць святой Марыі Сімы, распавёўшы крыху яе гісторыю жыцця, сустрэчы з душамі і як выглядае чысцец са слоў містычкі.

Святар таксама даў падказкі як дапамагаць душам чыстцовым. Найперш і самае галоўнае – гэта святая Імша і Эўхарыстыя ў інтэнцыі душы. Далей не менш важнымі формамі з’яўляюцца духоўнае і фізічнае цярпенне за душу, ружанцовая малітва, набажэнства Крыжовай дарогі, адпусты, міласціна і добрыя ўчынкі, запальванне свечак на могілках і ў святынях (у адведзеных для гэтага месцах), акрапленне асвечанай вадой.

Падсумоўваючы прамоўленую навуку, кс. Валерый папрасіў, каб “мы не стваралі чысцец у сваіх дамах праз непаслухмянасць, злосць, расчараванне, гнеў, ляноту і розныя грахі”.

Галоўным пунктам праграмы сустрэчы была Святая Эўхарыстыя. Літургію ўзначаліў пробашч Лепельскай парафіі кс. Уладзімір Заянчкоўскі. У гэтым годзе парафія адзначае 420 год свайго існавання, таму святар пазнаёміў прысутных з гісторыяй супольнасці, а таксама з адметнасцю. У касцёле знаходзяцца 23 рэліквіярыі з рэліквіямі розных святых, якія шануюцца не толькі католікамі, але і братамі праваслаўнымі. Гэта зроблена для таго, каб сюды маглі прыехаць людзі рознага веравызнання і памаліцца.

Пачэснае месца ля алтара займаюць частка Святога Крыжа, акропленая Святой Крывёй Езуса, і кавалак адзення Хрыста. Пасля святой Імшы кожны ўдзельнік сустрэчы меў магчымасць падысці, дакрануцца і памаліцца ля рэліквій.

Напрыканцы Эўхарыстыі ксёндз Славамір Самковіч выказаў словы ўдзячнасці гаспадару кс. Уладзіміру Заянчкоўскаму за гасціннасць, кс. Валерыю Орсіку за прамоўленую канферэнцыю, і ўсім удзельнікам з розных куткоў нашай Віцебшчыны за прысутнасць і малітву.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку