Зімовая лютаўская раніца. На гадзінніку 4.30, цёмнае сіняе неба без ніякіх прыкмет світанку. У рэдкіх вокнах шматпавярховікаў гарыць святло. Спіць прырода, спяць людзі. Паўсюль пануе глыбокая цішыня і супакой.
Напэўна такая ж цішыня панавала і восемдзесят год таму на ўскрайку Беларусі. Толькі раптам яе разарвалі крыкі і енкі людзей: жанчын, дзяцей, старых.
Гэта распачалася страшная карная экспедыцыя. “Зімовае чараўніцтва” – цынічная назва акцыі, напраўленай супраць партызанаў. Мэта яе была стварыць 40-кіламетровую зону без людзей і населеных пунктаў. Каб дасягнуць сваёй мэты, карнікі спалілі больш за 300 вёсак на тэрыторыі Беларусі.
Кагосьці з людзей забівалі адразу на месцы, а большасць зганялі ў Росіцкі касцёл. Там разгубленых, галосячых, напужаных людзей сустракалі айцы марыяне — Антоній Ляшчэвіч і Юры Кашыра. Святары былі адзінымі з прысутных людзей, якім дазвалялі выходзіць з храма. Таму яны дапамагалі як маглі: прыносілі ежу для дзяцей, распальвалі вогнішча, вялі перамовы з фашыстамі.
Але галоўнае, што яны маглі даць людзям, была бясцэнная духоўная падтрымка: суцяшэнне ў роспачы, супольная малітва, удзяленне сакрамантаў, падрыхтоўка да сустрэчы з Панам у Нябесным Валадарстве.
Цягам некалькіх дзён людзей у храме станавілася ўсё менш – адбывалася нялюдская сарціроўка. Адных карнікі пакідалі, каб адвезці на працу ў Германію, а другіх каб спаліць зажыва. Айцы Юры і Антоній маглі ўратаваць сваё жыццё, але засталіся з паствай, якую даверыў ім Хрыстос. Засталіся да канца, да смерці ў палаючым агні.
Сюды, у маленькую вёску на ўскрайку Беларусі, штогод прыязджаюць пілігрымы, каб ушанаваць памяць загінулых, каб разважаць над подзвігам росіцкіх святароў, каб маліцца і праз заступніцтва блаславёных Юрыя і Антонія прасіць у Пана дару мудрасці, мужнасці і нястомнай веры.
18 лютага адбыліся чарговыя ўрачыстасці ў Росіцы. Зноў вялізны касцёл напоўніўся людзьмі. Гэта святары, кансэкраваныя асобы і вернікі са шматлікіх куточкаў Беларусі, якія пераадолелі, часам, не адну сотню кіламетраў.
Урачыстасці распачаліся выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту і малітвай на ружанцы. Кленчачы на халоднай падлозе, яднаючыся ў думках з тымі, хто таксама маліўся тут і 80 год таму, прысутныя разважалі над святым Пісаннем і аддавалі Богу ў малітве найбольш цяжкія моманты свайго жыцця.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.
Падчас гаміліі ён засяродзіўся над словамі з Евангелля паводле Мацвея (10, 28) “Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не можа забіць”.
“Сёння мы як штогод збіраемся на гэтым месцы, каб маліцца за тых, хто загінуў. Але і ўглядацца ў прыклад мужнасці і адвагі. Бо менавіта такія трагічныя моманты агаляюць тое, што ёсць у чалавека. І не толькі сведчаць пра злосць, нянавісць і агіду людской сапсаванай натуры, але і паказваюць прыклады гераізму і вернасці аднойчы дадзенаму слову. Вернасці свайму пакліканню”, – зазначыў біскуп.
Напрыканцы ардынарый пажадаў, каб дарога ў Росіцу ніколі не была забытая, каб храм заўсёды прыцягваў сваёй прыгажосцю, а бласлаўлёныя Юры і Антоній выпрошвалі для кожнага прысутнага так патрэбны супакой. Супакой у нашай краіне, у нашых сем’ях, супакой у нашых сэрцах.
Як і восемдзесят год таму, сёння Росіцкай парафіяй апякуюцца айцы марыяне. Гэта святары, для якіх бласлаўлёныя айцы назаўжды застануцца прыкладам ахвярнага служэння. Прысутных вітаў кусташ санктуарыя айцец Аляксандр Жарнасек. Ён запрасіў прыязджаць у Росіцу і надалей, удзельнічаць у набажэнствах і пілігрымках, а таксама захапляцца прыгажосцю гэтага цудоўнага месца.
Пасля святой Імшы ўсе накіраваліся на пляц мучаніцтва. Месца страшнай трагедыі, але разам з тым – вялікай Боскай Хвалы.
Пасля кароткай малітвы кожны мог укленчыць і ўшанаваць Хрыстовы Крыж – знак збаўлення для ўсіх хрысціянаў. Месца, дзе загінула паўтары тысячы людзей, каб кожны жывы чалавек цаніў кожны дзень жыцця і прысвячаў яго Богу.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык і Марына Сінкевіч, фота
Вялікі фотарэпатраж па спасылцы>>