Навошта патрэбны скаўтынг? Бо проста катэхезы замала

“Калі б гадоў 25 таму мне сказалі пра скаўтаў, я б адказаў, што не ведаю, хто гэта такія. Сёння ж нельга ўявіць сабе Касцёл без іх”, – казаў калісьці арцыбіскуп Кандрусевіч. Лічыцца, што за два дзесяцігоддзі дзейнасці праз рух прайшлі больш за тысячу хлопцаў і дзяўчат. Чым хрысціянскі скаўтынг прыцягвае моладзь? Што стаіць за каляровымі гальштукамі і формай? Паспрабуем раскласці ўсё па палічках.

Пачатак

Канец 80-х ХХ ст. у БССР. На глебе адлігі паўстаюць шматлікія грамадскія ініцыятывы і арганізацыі. У гэтым віры ўтвараецца таксама Аб’яднанне беларускіх скаўтаў. Гэты рух не быў звязаны з хрысціянствам ці, тым больш, з рэлігійнымі арганізацыямі. Нягледзячы на гэта, грэка-каталіцкі святар а. Ян Матусевіч амаль з самага пачатку актыўна ўліваецца ў яго дзейнасць. “Айцу Яну падабалася ідэя руху і ён бачыў шмат сэнсу ў евангелізацыі гэтага асяроддзя”, – кажа Сяргей Раюнец, аўтар працы па гісторыі беларускага каталіцкага скаўтынгу і адзін з першых хрысціянскіх скаўтаў Беларусі.

Неўзабаве да дзейнасці айца Матусевіча далучаецца а. Андрэй Абламейка, таксама грэка-католік. У канцы 90-х становіцца відавочным, што існуе запатрабаванне арганізацыі скаўтаў, якія б рабілі ўхіл на хрысціянскія каштоўнасці. У 1999 г. ад агульнага руху аддзяляецца група “Гайсак”. Туды ўваходзяць скаўты, якія хацелі базаваць сваю дзейнасць менавіта на хрысціянстве. Прадстаўнікі “Гайсака” сустракаюцца з лідарамі Федэрацыі скаўтаў Еўропы (FSE) ці, прасцей, з Аб’яднаннем хрысціянскіх скаўтаў Еўропы. У 2001 г. на возеры Свір адбываецца першая фармальная сустрэча беларускіх хрысціянскіх скаўтаў. Так пачаўся скаўцкі рух у мясцовым Касцёле.

“Скаўтынг – гэта ўсебаковая фармацыя дзяцей і моладзі, якая неабходная ў парафіі, бо проста катэхезы замала, – кажа а. Алег Шпець SChr, нацыянальны душпастыр каталіцкіх скаўтаў Беларусі. – Думаю, што тыя, хто ў 90-я інвеставалі ў супольнасці, інвеставалі ў будучыню. Бо будучыня якраз у такой фармацыі, у людзях”.

“Выхаванне маладых праз маладых”

Нягледзячы на тое, што пачынальнікамі хрысціянскага скаўтынгу былі святары, яго развіццё залежала і залежыць ад свецкіх. Методыка і педагогіка скаўтаў базуюцца на пастаянных сустрэчах і выездах, падчас якіх ключавую ролю адыгрываюць самыя ўдзельнікі. Хлопцы і дзяўчаты павінны пастаянна дбаць пра самаарганізацыю і адказнасць кожнага. Шэфы руху не хаваюць: скаўтынг займае шмат часу. Духоўныя ж асобы адыгрываюць душпастырскую ролю. “Скаўт выхоўвае скаўта, старэйшы – малодшага, а святар адыгрывае толькі душпастырскую ролю. Роля свецкіх тут вельмі вялікая і фактычна, калі няма свецкіх, то і скаўтынгу няма. Ксёндз можа толькі дапамагаць”, – кажа а. Алег.

Аксана Южанінава

Аксана Южанінава, генеральны камісар скаўтак, мяркуе што адным з дасягненняў руху ў Беларусі з’яўляецца цэласнае разуменне яго педагогікі. “Спачатку гэта ўсё было навобмацак. Сёння ў нас ёсць скаўты, якія прайшлі поўную фармацыю – ад Божых Каровак (наймалодшая група скаўтаў — аўт.) да шэфаў. Гэта ўжо не проста свецкія людзі, якіх запрасілі ў рух, а падрыхтаваныя кіраўнікі, каторыя цэласна разумеюць нашу педагогіку, – кажа яна. – Мы ўжо гатовыя расці колькасна, аднак у сучасных умовах складана пра гэта думаць. Пакуль што мы спыніліся там, дзе ёсць”.

Сёння хрысціянскія скаўты ўжо маюць свае напрацоўкі і выдаюць уласныя кнігі.

Выдадзены ўласны цырыманіял, цяпер ідзе праца над дапаможнікамі. Усё базуецца на матэрыялах еўрапейскай федэрацыі, аднак дапасавана да беларускіх рэаліяў і традыцый мясцовага скаўтынгу.

Сёння каля дзесяці святароў з’яўляюцца скаўцкімі душпастырамі. Рух трымае сувязь непасрэдна з ардынарыямі і штогод дае справаздачу з дзейнасці. Для святароў, якія зацікаўленыя ў актыўнай працы з дзецьмі і моладдзю, скаўцкі рух таксама з’яўляецца істотнай эканоміяй часу. Прынцып выхавання дзяцей моладдзю і моладзі дарослымі фактычна дазваляе духоўніку сачыць за працэсам збоку і толькі накіроўваць яго як душпастыру.

Форма, знакі адрознення, сцягі і іншая атрыбутыка, з аднаго боку, робяць скаўтаў заўважнымі і запамінальнымі, а з іншага – ствараюць стэрэатып дзівакоў, за якім траціцца аб’ёмная педагогіка і методыка выхавання. Менавіта таму шэфы скаўтаў актыўна прымаюць удзел у розных каталіцкіх мерапрыемствах, каб тлумачыць і экспанаваць ідэі іх руху. “Пасля такіх размоў некаторыя кажуць, што пачынаюць глядзець на нас зусім інакш”, – сцвярджае сп-ня Южанінава.

Чым жывуць скаўты сёння

Цяпер рух налічвае каля пяцісот актыўных удзельнікаў і дзейнічае ў Гродне, Івянцы, Мінску і Полацку. Сярод іх найбольшая група – гэта хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце 12-16 гадоў. Каля траціны складаюць наймалодшыя “ваўчаняты” і “божыя кароўкі”, а шэфы руху, “вандроўнікі” і “правадніцы”, з’яўляюцца меншасцю. Аксана Южанінава мяркуе, што за 22 гады дзейнасці праз іх фармацыю прайшло больш за тысячу чалавек. У маштабах еўрапейскай федэрацыі ці параўноваючы з Італіяй, Францыяй або Польшчай, гэта кропля ў моры. Разам з гэтым беларускі рух колькасна большы за расійскі, украінскі ці літоўскі.

У беларускіх рэаліях скаўтынг цесна звязаны з Касцёлам. Кожная суполка фактычна з’яўляецца парафіяльнай групкай. Гэта адрознівае наш рух ад еўрапейскіх федэрацый, дзе скаўты звычайна зарэгістраваныя як асобныя свецкія арганізацыі, хоць і цесна супрацоўнічаюць з парафіямі і таксама маюць душпастыраў. “Таму госці-скаўты, якія да нас прыязджаюць, адзначаюць высокі ўзровень духоўнасці і сувязі з Касцёлам”, – кажа сп-ня Южанінава.

Генеральны сакратар скаўтак заўважае, што

адным з апошніх дасягненняў стала замацаванне руху ў Мінску.

“У сталіцы шмат чалавечага рэсурсу. Мы спрабавалі некалькі разоў тут заснавацца і, нарэшце, на працягу некалькі апошніх гадоў нам гэта ўдалося”, – канстатуе яна. Айцец Шпець гаворыць, што сёння важна адкрываць новыя скаўцкія адзінкі ў розных гарадах. “Быў такі момант, калі скаўтынг жыў у Мінску, а паўсюль усё “прымірала”. Найгоршае – гэта варыцца ва ўласным катле. Цяпер ажывае Гродна, Івянец актывізуецца. Ёсць надзея, што будзем развівацца”, – спадзяецца нацыянальны душпастыр.

Донары каталіцкіх актывістаў і лідараў

“У парафіях змяняюцца святары, і не кожны гатовы падтрымліваць скаўцкі рух, бо ён патрабуе шмат часу. Многае таксама залежыць ад дарослага свецкага шэфа. Таму, калі знікае толькі святар, то суполка можа пратрымацца. Такая сітуацыя, напрыклад, цяпер склалася ў Гродне. Святар атрымаў іншыя абавязкі, скаўты засталіся без адмысловага душпастыра, але дзейнасць працягваецца, і свецкія шэфы запрашаюць розных святароў. А вось у Гомелі пасля таго, як знік шэф, зніклі і скаўты. Калі ж не будзе ні святара, ні шэфа, то скаўцкая група знікне дакладна”, – сцвярджае Аксана Южанінава. Нягледзячы на агульны колькасны рост скаўтаў, лік мясцовасцяў, дзе яны прысутныя, хутчэй, звужаецца. Зніклі суполкі ў Лынтупах, Паставах, Гомелі, Барысаве, Лідзе.

Скаўцкі рух прыцягвае актыўную моладзь, аднак з гэтым таксама звязаны выклік для шэфаў руху. “Мы рыхтуем скаўтаў быць універсальнымі ва ўсіх сферах, а таму іх хутка “разбіраюць” у іншыя парафіяльныя групы, і такім чынам часта іх трацім”, – дзеліцца з намі суразмоўца. Разам з гэтым дэфіцыт адказных і актыўных людзей адчуваюць і скаўты. Найбольш яскрава гэта бачна на ўзроставай структуры руху ў Беларусі, бо большасць скаўтаў-падлеткаў не пераходзіць у т.зв. “чырвоныя”, ці групу шэфаў ва ўзросце 17+, якія нясуць асноўную адказнасць за дзейнасць. “Толькі 10% зялёных пераходзіць у «чырвоныя», але разам з гэтым шмат людзей пераходзіць у іншыя служэнні ў Касцёле. Не менш важныя. Хоць нам шкада, канешне, што губляюцца шэфы”, – рэзюмуе сп-ня Южанінава.

Цікава, што сярод “чырвоных” скаўтаў ёсць шмат паспяховых менеджараў у айці-сферы, бізнэсменаў, лекараў і іншых адмыслоўцаў. Некаторыя з іх дасягнулі поспеху дзякуючы скаўцкай загартоўцы, а некаторыя, наадварот, дасягнуўшы поспеху, адкрылі для сябе скаўтынг. “Скаўцкі дух служэння гартуе хрысціяніна, і мяне ён гартаваў. Гэта ўсё дапамагае асобе вырасці і адужаць у хрысціянскім сэнсе, таксама ў кантэксце Беларусі і Еўропы”, – кажа Сяргей Раюнец. Аксана Южанінава, у сваю чаргу, прызнаецца, што дзякуючы скаўтынгу яна таксама зрабіла важны крок у прафесійным развіцці: “Я была настаўнікам, а пасля пайшла ў айці з нуля. Менавіта скаўтынг навучыў мяне не баяцца новага”, – падсумавала суразмоўца.

Арцём Ткачук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі