На дадзены момант у Касцёле ў Беларусі вядзецца пяць беатыфікацыйных працэсаў: Эдварда Вайніловіча, а. Мельхіёра Фардона, а. Фабіяна Малішэўскага ОР (справа будзе ўзнаўляцца), біскупа Вінцэнта Ключынскага і біскупа Зыгмунта Лазінскага. Шлях да аб’яўлення бласлаўлёным апошняга з’яўляецца найбольш прасунутым.
На якім этапе знаходзіцца працэс і чаму справа беатыфікацыі біскупа Лазінскага з’яўляецца асабліва істотнай для мясцовай каталіцкай супольнасці, распавядае кс. Яўген Вінтоў. Святар пазнаёміўся з асобай Слугі Божага, калі пісаў магістарскую працу па гісторыі Касцёла на тэму каталіцкага духавенства ў Мінску ў 1900-1950 гг. Падчас вучобы ў семінарыі ў Драгічыне ён меў шчасце знайсці і дакрануцца да сутаны і піўскі біскупа, якія цяпер прадстаўленыя ў адмысловым музеі. Сёння кс. Яўген даследуе дакументацыю, звязаную з беатыфікацыйным працэсам.
Паскорыць вынясенне да хвалы алтара можа кожны з нас
“Працэс распачаўся ў 1957 г. Тады ў Пінскай дыяцэзіі быў прызначаны пастулятар, які займаўся дакументацыяй і кантраляваў ход справы. За пяць гадоў сабраныя ўсе факты, усё, што было напісана біскупам Лазінскім і пра яго, забяспечана ў архіве Пінскай дыяцэзіі ў Драгічыне і адпраўлена ў Кангрэгацыю кананізацыйных спраў у Ватыкан. На гэтым інфармацыйны працэс быў выкананы, закончаны яго дыяцэзіяльны этап. У 1993 годзе Папа Ян Павел ІІ выдаў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў біскупа Лазінскага: да тытула “Слуга Божы” быў дададзены прыметнік “шаноўны”, – тлумачыць кс. Яўген.
Тое, што працэс біскупа перайшоў на рымскі этап, і вылучае яго сярод іншых беларускіх спраў па беатыфікацыі, бо астатнія знаходзяцца на дыяцэзіяльным этапе. Да аб’яўлення біскупа Лазінскага бласлаўлёным застаецца апошні элемент – цуд.
“У нашым выпадку аздараўленне праз заступніцтва Слугі Божага адбылося ў Варшаўска-Праскай дыяцэзіі ў 1996 г. Гэта запратакалявана і даслана ў Рым”, – адзначае святар. – Ватыкан у сваю чаргу запрасіў канкрэтныя адказы на пытанні з медыцынскага пункту гледжання. Аднак на той момант кампетэнтных людзей не знайшлося”.
На гэты конт у адным з інтэрв’ю выказаўся дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Ён адзначыў, што ў адмысловай камісіі былі замененыя дактары, а новыя знайшлі нейкія прычыны, што не могуць гэты цуд прызнаць.
Інакш кажучы, справа стала. Зрэшты, прычыны хаваюцца больш у юрыдычных нюансах. Па-першае, на сённяшні дзень працэс біскупа Лазінскага не мае пастулятара: былы адказны а. Станіслаў Паўліна FDP памёр, а новы яшчэ не прызначаны. Па-другое, справа павінна весціся там, дзе пахаваны будучы бласлаўлёны. Труна біскупа Лазінскага знаходзіцца ў Пінску. Аднак цяпер Пінская дыяцэзія не мае Касцельнага суда, то бок не мае магчымасці падтрымаць працэс, хоць і зацікаўленая ў ім. Па-трэцяе, дакумент, у якім апісваецца здзейснены цуд, увогуле знаходзіцца ў Драгічыне, што раней геаграфічна належаў да Пінскай дыяцэзіі, а цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Драгічынскай дыяцэзіі ў Польшчы.
“Да гэтай крыніцы я неўзабаве дабяруся. А пакуль ведаю толькі тое, што пэўная жанчына і яе дзеці маліліся з просьбай да Слугі Божага, каб ацаліў ад хваробы бацьку іх сям’і. І той атрымаў палёгку, – распавядае кс. Яўген. – Шчыра кажучы, калі глядзець з боку кананічнага права, то лепш, каб адбыўся яшчэ адзін цуд. Тады справа будзе свежай, палегчыць прадстаўленне доказаў. Бо нават калі знойдзем першага аздароўленага чалавека, невядома, ці будзе ён яшчэ жывы”.
Разам з тым святар дадае, што нягледзячы на ўсе перыпетыі працэсу, у параўнанні з іншымі ён яшчэ з’яўляецца лёгкім: “Справа вядзецца паводле новых правілаў, устаноўленых пасля ІІ Ватыканскага сабору і паводле інструкцый Кангрэгацыі кананізацыйных спраў. Мы маем сведкаў, якія давалі паказанні. Маем усю дакументацыю. Пра яго жыве памяць не толькі ў Беларусі, але і па-за межамі. Клерыкі ў Драгічыне (Польшча), якія толькі чулі пра біскупа Лазінскага, ужо на працягу 30-ці гадоў моляцца праз яго заступніцтва”.
Беатыфікацыя як неабходнасць для духоўнага станаўлення вернікаў
Калі асобу аб’яўляюць бласлаўлёнай, гэта значыць, што пацвярджаецца актуальнасць яго навучання для лакальнага Касцёла. Наколькі пастырская паслуга біскупа Лазінскага на нашых землях можа з’яўляцца асновай для духоўнасці Касцёла ў Беларусі?
“Па-першае, калі глядзець на духоўную справу біскупа Лазінскага, то яго ўспрыняцце Марыі з’яўляецца ключом да разумення беларускага католіка, – распавядае кс. Яўген. – У пэўным інтэрв’ю арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што Беларусь – гэта зямля Маці Божай. У нас шмат марыйнай паэзіі, кожны іерарх мае аднясенне або сімвал Маці Божай Вастрабрамскай у гербе. Аднак, даследуючы марыялогію ў мясцовым Касцёле за апошнія 30 гадоў, я заўважыў, што ў гэтым напрамку хоць і зроблена шмат, ёсць пэўныя недахопы. Напрыклад, людзі ходзяць у пілігрымкі да Маці Божай, ведаюць, у якім стылі напісаныя абразы. Але дагматы (напр., беззаганнасць) ці біблійныя элементы тлумачацца толькі пры нагодзе святаў. Марыйнасць біскупа Лазінскага з яго разважаннямі, малітвамі і набажэнствамі магла б узбагаціць беларускую духоўнасць.
Па-другое, біскуп шмат увагі надаваў ідэнтычнасці народа, падкрэсліваў важнасць ведання яе як катэхізіса. Любоў да Айчыны ў аднайменнай фундаментальнай кнізе ён тлумачыў не як нейкі абавязак, але як адну з формаў любові да бліжняга. Як дар і цноту, каторыя чалавек атрымлівае і павінен у іх узрастаць. Клопат пра Радзіму з’яўляўся для яго адным з элементаў духоўнай фармацыі чалавека і канкрэтнай працай на карысць сваёй зямлі і землякоў.
Па-трэцяе, біскуп Лазінскі з’яўляецца важнай часткай нашай беларускай гісторыі. Ён нарадзіўся пад Навагрудкам і служыў пастырам на ніжэйшых і вышэйшых узроўнях дыяцэзій. Нават паспрыяў распачаццю беатыфікацыйнага працэсу а. Фабіяна Малішэўскага. Для яго было вельмі важным духоўнае развіццё нашых вернікаў і святароў”.
Даведка:
- Біскуп Зыгмунт Лазінскі паспрыяў рэлігійнаму развіццю і нацыянальнаму адраджэнню Беларусі. Ён стаў першым біскупам Пінскім, там жа заснаваў духоўную семінарыю. Цэлебраваў першую афіцыйную св. Імшу на беларускай мове ў мінскім катэдральным касцёле. Займаўся пашырэннем уніяцтва. Праславіўся як заўзяты змагар з камунізмам, за што яму давялося сядзець у сумна вядомай маскоўскай турме “Бутырка”. Іерарх адышоў у жыццё вечнае ў Вялікую суботу ў 1932 г. Народнае ўшанаванне яго мошчаў пачалося адразу пасля смерці.
- Існуюць тры падставы, у сувязі з якімі можна распачынаць працэс беатыфікацыі: мучаніцтва, ахвяраванне жыцця і гераічнасць цнотаў. Амаль у кожным працэсе апошнім з элементаў для завяршэння працэсу неабходны звышнатуральны знак (цуд).
- Беатыфікацыйны працэс з’яўляецца вельмі складанай, шматэтапнай справай, якая часам доўжыцца стагоддзямі. Адным з ключавых элементаў працэсу служыць усталяванне ў дыяцэзіі Беатыфікацыйнага Суда. З аднаго боку стаіць пастулятар, які збірае ўсе факты і сведчанні “за” беатыфікацыю. З другога – прамотар справядлівасці, якога некалі называлі “адвакатам д’ябла”. Ягоная роля – ставіць пад сумнеў доказы. Гэтая місія з’яўляецца вельмі важнай, бо дазваляе пазбегнуць ваганняў адносна святасці жыцця дадзенай асобы.
Ангеліна Марцішэўская
для друку