11 красавіка парафія Святой Сям’і ў горадзе Ліда шчыра прыняла на чарговай сустрэчы медработнікаў Гродзенскай дыяцэзіі. Тэмай сустрэчы стала разважанне над медыцынскімі і духоўнымі аспектамі дэпрэсіі. Сустрэча ўключала тры канферэнцыі, Імшу ў інтэнцыі ўдзельнікаў, а таксама сюрпрыз ад дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага.
На пачатку выступіў арганізатар сустрэчы і каардынатар Душпастырства аховы здароўя ў г. Гродна кс. Мікалай Ціхановіч. Ён адзначыў, што дэпрэсія гэта не проста хвароба, а “духоўныя пакуты”. І вельмі важна, каб медыкі-хрысціяне навучыліся больш эфектыўна дапамагаць пацыентам з дэпрэсіяй.
Статыстыка дыктуе страшныя лічбы. Каля 20% сучаснага грамадства на працягу жыцця перажывала дэпрэсію. Яе называюць хваробай цывілізацыі і прагназуюць, што пасля 2020 году дэпрэсія стане хваробай нумар адзін, што вядзе да інваліднасці.
Канферэнцыю “Медыцынскія аспекты дэпрэсіі” правяла Карпюк Валянціна Аляксееўна, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, заг. кафедры псіхатэрапіі і наркалогіі Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Валянціна Аляксееўна пачала з таго, што дэпрэсія закладзена ў чалавеку на генетычным узроўні і “быццам спіць” да пэўнага моманту. Стрэс, хваляванні, нейкая значная падзея могуць “пабудзіць” у чалавеку псіхічнае захворванне. Калі дэпрэсію не лячыць, яна прыводзіць не толькі да эмацыйнага знясілення, але і да фізічнага. “У дэпрэсіі арганізм быццам застывае. Назіраецца зніжэнне настрою, узмацненне адмоўных эмоцый, узнікае “пачуццё страты пачуццяў”. Усе гэта можа прывесці чалавека да самагубства”, — адзначыла Карпюк. Доктар не раз акцэнтавала ўвагу слухачоў на тым, што важна правільна і тактычна накіраваць хворага на дэпрэсію да спецыяліста. Пры правільным падборы лекаў, ужо праз тыдзень пацыенту становіцца лепш.
Пасля канферэнцыі ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць задаць Валянціне Аляксееўне найбольш турбуючыя пытанні па агучанай тэме.
Пасля невялікага перапынку другую канферэнцую правяла вядомая ў рэлігійным асяроддзі с. Паўла Бобэр з Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і, магістр псіхалагічных і педагагічных навук. Тэма яе дакладу, як адзначыла і сама с. Паўла, гучала даволі дзіўна: “Дэпрэсія як этап ў працэсе росту асобы”. Але ў канцы дакладу ўсё разлажылася па паліцах. С. Паўла распавяла пра найбольш яскравыя сімптомы дэпрэсіі, а таксама адзначыла фактары, якія выхоўваюць у чалавеку гэтае псіхічнае захворванне. “Не варта блытаць стан гора і дэпрэсіі. Чалавек ў дэпрэсіі ўспрымае свет як нерэальны”, — заўважае с. Паўла.
“Чаму мы прыходзім на споведзь гадамі з тымі самымі грахамі? Бо страшна жыць без граху. Страшна быць “не такім як усе”, — гэтымі словамі сястра акцэнтавала ўвагу на тым, што страх ёсць адным з асноўных фактараў, што выклікае дэпрэсію. На прыканцы с. Паўла агучыла пра 5 крокаў, якія мусіць зрабіць чалавек, калі хоча вылечыцца:
1. Прыняць сябе
2. Быць сабой
3. Забыць пра сябе
4. Выбраць шлях
5. Належыць іншму чалавеку, супольнасці.
Пад час трэцяй Канферэнцыі “Паміж дэпрэсіяй і апантанасцю” кс. Мікалай Ціхановіч распавёў пра апантанасць, як выявіць апантанага чалавека, пра адрозненні “беснаватасці” і псіхічнага захворвання. Таксама раскрыў фактары, якія вабяць за сабой рызыку стаць апантаным (магія, акультызм, варажба і г.д.). “Такога вы на “пятиминутках” не пачуеце,” – усміхаючыся сказаў кс. Мікалай.
Пасля Святой Імшы, што ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, ўдзельнікаў сустрэчы чакаў маленькі, але вельмі прыемны сюрпрыз. Біскуп пажадаў затрымацца, неглядзячы на свой шчыльны графік, і ў нефармальнай абстаноўцы паразмаўляць з працаўнікамі медустаноў на даволі бытавыя тэмы.
Вельмі шмат залежыць ад блізкіх людзей і ад дактароў. Чаму? Бо хворы на дэпрэсію чалавек не можа сам ацаніць свой стан. Яму патрэбна дапамога. Будзьце ўважлівымі адзін да аднаго!
Вераніка Велігор, тэкст і фота
для друку