На працягу жніўня Святы Айцец заклікае маліцца за палітычных лідараў

На працягу жніўня Святы Айцец заклікае маліцца за палітычных лідараў. Ён абвясціў сваю інтэнцыю ў відэароліку, апублікаваным 30 ліпеня 2024 года Папскай сусветнай сеткай малітвы.

“Сёння ў палітыкі не самая лепшая рэпутацыя: карупцыя, скандалы, адарванасць ад штодзённага жыцця людзей. Але ці можам мы прасоўвацца на шляху да ўсеагульнага братэрства без добрай палітыкі? – Не. Як казаў Павел VI, палітыка – адна з найвышэйшых формаў любові, бо яна шукае агульнага дабра. Я кажу пра Палітыку з вялікай літары, а не пра палітыканства. Я кажу пра палітыку, якая прыслухоўваецца да рэчаіснасці і служыць бедным, а не пра тую, што зачынена ў вялікіх будынках з доўгімі калідорамі. Я кажу пра палітыку, якая клапоціцца пра беспрацоўных і цудоўна разумее, наколькі сумнай можа быць нядзеля, калі панядзелак – гэта яшчэ адзін дзень без магчымасці пайсці на працу. У такім святле палітыка значна больш высакародная, чым здаецца. Давайце падзякуем шматлікім палітыкам, якія выконваюць свае абавязкі ў духу служэння, а не панавання, за ўсе іх намаганні на карысць агульнага дабра”, — сказаў Пантыфік.

“Будзем маліцца, каб палітычныя лідары служылі свайму народу, працуючы дзеля цэласнага чалавечага развіцця і агульнага дабра, клапоцячыся пра тых, хто страціў працу, і надаючы перавагу самым бедным”, — агучыў малітоўную інтэнцыю на жнівень Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі