Вернікі парафіі Святой Тройцы 4 сакавіка сабраліся ва ўрочышчы Барок недалёка ад Глыбокага, каб ушанаваць памяць мучанікаў Другой сусветнай вайны, сярод якіх былі святары Мечыслаў Багаткевіч, Станіслаў Пыртак і Уладзіслаў Мацьковяк. Парафіяне прыбылі з нагоды 73-й гадавіны мучаніцкай смерці благаслаўлёных святароў, каб ушанаваць іх светлую памяць і праз іх заступніцтва прасіць Бога аб патрэбных ласках.
Жыхары Глыбокага штогод збіраюцца ва ўрочышчы Барок, каб ушанаваць памяць ахвяраў фашызму. У гэтым месцы пахаваны 27 тысяч ахвяраў канцэнтрацыйнага лагера і Халакосту. Таксама тут знаходзіцца магіла святароў, сярод якіх і благаслаўлёныя мучанікі з Беразвечча.
Святую Імшу цэлебраваў кс. Славамір Самковіч. Падчас гаміліі святар зазначыў, што закатаваныя святары, якія аддалі ў гэтым месцы сваё жыццё — гэта яскравы прыклад тых, аб якіх кажа Хрыстус Пан.
“На Глыбоцкай зямлі яны яскравыя сведкі. За ўсю вайну сваё жыццё аддалі шматлікія праваслаўныя і каталіцкія святары. Гэтыя благаслаўлёныя ксяндзы — гэта гераізм веры, веры Глыбоцкай зямлі, якую яны прадставілі, якую прадставілі тысячы людзей, якія не хацелі ў той час сваёй смерці. Але па словах Хрыста, праўдай гісторыі нашага збаўлення з’яўляецца тое, што атрымліваюць гэта месца тыя, каму яго вызначыў сам Бог. Наша жыццё з’яўляецца просьбай, мы просім аб збаўленні душы, аб ласцы навяртання. Гэта просьба, якую можна параўнаць да той радасці Валадарства Нябеснага.
Гэта гісторыя, якая запісана крывёю, гісторыя, якая ўжо 73 гады прамаўляе да нас. Тое, што мы сёння молімся на гэтым месцы – гэта памяць – найлепшае, што можа быць, а жыццё і ахвяра – гэта праяўленне найбольшай любові, да якой можа дайсці чалавек”, — такія словы скіраваў да прысутных святар і пасля адзначыў: “вельмі добра, што ёсць такая традыцыя збірацца на гэтым месцы, каб аддаваць пашану святарам”.
На заканчэнне Літургіі адбылася малітва да благаслаўлёных.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
для друку