Мультфільм “Містар Рыба. Падводная прыгода”

Напрыканцы лютага ў сусветны пракат выйшла анімацыйная поўнаметражная стужка “Містар Рыба. Падводная прыгода”. У аснову экранізацыі пакладзены сюжэт кнігі амерыканскай пісьменніцы Дэбары Дзізэн (арыгінальная назва “The Pout-Pout Fish”). Дарэчы, першая кніга серыі пабачыла свет у 2008 годзе, а сёння яна налічвае больш за 30 выданняў.

Спадарыня Дэбары Дзідзэн напісала самыя розныя кнігі пра прыгоды рыбы: гэта больш за 20 кніг з паўнавартаснымі сюжэтамі, напрыклад “Містар Рыба ідзе ў школу” або “Містар Рыба ў вялікай-вялікай цемры”. Таксама выходзяць кароткія гісторыі для самастойнага чытання малодшых школьнікаў. Сёння серыя пра Містара Рыбу працягвае папаўняцца, а выхад новых гісторый анансаваны на другую палову 2026 года. Дарэчы, рускамоўны пераклад шырока распаўсюджаны ў кнігарнях Беларусі.

У мультфільме сабраныя вельмі розныя героі. Яны быццам адлюстроўваюць сучасны рознабаковы свет людзей.

Містар Рыба – адзінокі і пануры, сумны і песімістычны. Ён упэўнены, што такі характар закладзены самой прыродай, якая “падаравала” рыбе “сумны рот”. Яго суседка Піпа – вясёлая і энергічная, аптымістычная прадстаўніца марскіх канькоў. Адной з легендаў падводнага свету з’яўляецца Марын – чырвоная каракаціца. Гэта лідар свайго клана, якая адказвае за жыццё і дабрабыт жыхароў. А яшчэ ў падводным свеце шмат цікавых, часта камічных герояў, якія ствараюць асаблівую атмасферу стужкі.

Аднойчы энергічнасць і весялосць Піпы прыводзіць да сумных наступстваў: Містар Рыба і сям’я марскіх канькоў страчваюць сваё жыллё. Вось тут і пачынаецца цудоўнае падарожжа. Піпа шчаслівая, бо наперадзе прыгоды, а вось Містар Рыба вымушаны выходзіць з зоны камфорту і пераадольваць страх перад невядомым.

Куды ж выпраўляюцца “напарнікі па волі лёсу”? – Шукаць таямнічую рыбу. Усе распавядаюць пра яе самыя неверагодныя гісторыі, амаль кожны з падводнага горада ведае, што рыбка Шымер чыніць цуды. Хтосьці нават бачыў, як яна выпраменьвае неверагоднае ззянне, але ніхто не бачыў тую дзівосную істоту. Піпа і Містар Рыба хочуць папрасіць у Шымер выканаць самае важнае жаданне – зноў здабыць свой уласны ўтульны дом.

На шляху да дзівоснай рыбкі іх чакае шмат выпрабаванняў, а таксама сітуацый, дзе трэба рабіць важны нялёгкі выбар. Толькі вось адна нечаканасць: раптам высвятляецца, што ў Шымер ёсць свая таямніца. Якая? – вы даведаецеся, паглядзеўшы кінастужку.

Увогуле гэта вельмі добрая гісторыя пра тое, як самыя розныя марскія істоты вучацца знаходзіць агульную мову, а таксама змяняюць свае погляды на свет. А ці ўмеем мы, хрысціяне, бачыць добрае ў кожным чалавеку, нават калі ён адрозніваецца ад нас? Ці гатовыя мы прыняць таго, хто здаецца нам вельмі панурым або занадта вясёлым? Ці задумваемся мы, што за кожным чалавекам стаіць доўгая таямнічая гісторыя пра тое, чаму ён такім стаў?

Вікторыя Філіпенка

для друку для друку