Мінск і Міншчына ў перыяд 23.ІІ.1917-18.ІІІ.1921 ва ўспамінах ксяндза Браніслава Усаса

Хацелася б прапанаваць Вам новы фармат ужо традыцыйнай гістарычнай рубрыкі. Гэта публікацыя гістарычнага дакумента – успамінаў аднаго са святароў, які працаваў у Мінску ў 1917 – 1921 гадах – ксяндза Браніслава Усаса.

Успаміны як гістарычная крыніца важныя для нас тым, што дазваляюць паглядзець на гістарычныя падзеі вачыма іншага чалавека, удзельніка альбо відавочцы гэтых падзей. Варта падыходзіць да такіх крыніц крытычна: разумець, што апісаныя з’явы адлюстраваны праз прызму светаўспрыняцця інашага чалавека, яго агульных ведаў, паходжання, нацыянальнай прыналежнасці і нацыянальнай самасвядомасці, палітычных поглядаў і г.д. У сувязі з гэтым немагчыма казаць пра поўную аб’ектыўнасць адлюстравання тых з’яў, якія апісвае аўтар, а таксама пра тое, што разуменне ім гістарычных з’яў і працэсаў будзе адпавядаць агульнапрынятым трактоўкам той ці іншай гістарыяграфічнай школы. Адначасова заўсёды важна ўлічваць успаміны сучаснікаў пры даследаванні пэўнага гістарычнага перыяду. Адзначаны перыяд – 1917–1921 гг. – у гісторыі Беларусі вельмі важны: гэта і час заключнага перыяду і заканчэння І Сусветнай вайны, і час падзення манархіі ў Расійскай імперыі, у склад якой на той момант уваходзілі беларускія землі, і стварэнне беларускай дзяржаўнасці, і савецка-польская вайна, і падпісанне Рыжскай дамовы, якая падзяліла Беларусь на дзве часткі.

кс. Браніслаў Усас, намеснік старшыні польскай дэлегацыі ў Санкт-Пецярбургу. Фота AGAD

Аўтар успамінаў, Браніслаў Мятод Усас, нарадзіўся 30 чэрвеня 1885 г. у Пецярбургу. Яго бацька, Матэвуш, быў вядомым доктарам, а маці Аліна (з сям’і Савіцкіх) паходзіла з Магілёўскай губерні. У сям’і Усасаў было сямёра дзяцей. Усе яны атрымалі добрае, аднак не вельмі рэлігійнае выхаванне. У 1893-1903 гг. Браніслаў Усас вучыўся ў класічнай гімназіі, дзе добра засвоіў лацінскую мову. У 1903 г. паступіў на гістарычна-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе ў якасці спецыяльнасці абраў гісторыю. Таксама быў студэнтам археалагічнага інстытута. Пасля заканчэння вучобы працаваў у паліклініцы, якая належала яго бацьку, і адначасова працаваў у архівах і бібліятэках Пецярбурга.

У 30-гадовым узросце паступіў у духоўную семінарыю ў Пецярбургу і 11.02.1917 г. атрымаў святарскае пасвячэнне, пасля якога быў накіраваны на працу ў Мінск. Тут сярод іншага ён працаваў катэхетам у школе, капеланам сясцёр-бенедыктынак, а таксама спаўняў функцыі душпастыра ў шпіталі на Траецкай гары. У жніўні 1921 г. быў накіраваны ў Маскву як чалец Рэвіндыкацыйнай камісіі – як эксперт па архіўных і бібліятэчных пытаннях. У Мінску ён таксама займаўся справамі выяўлення дакументаў аб гісторыі скасаваных кляштараў у Беларусі.

10 лютага 1926 г. вярнуўся ў Польшчу. Ад таго моманту займаўся душпастырскай працай пры касцёле Св. Аляксандра. У 1930 г. па прапанове мітрапаліта львоўскага Андрэя Шаптыцкага займаўся інвентарызацыяй дакументаў па гісторыі Уніі ў архівах Варшавы, Вільні, Гродна і Любліна. У 1969 г. у сувязі з пагаршэннем здароўя пераехаў у дом састарэлых святароў у Атвоцку, дзе і памёр 6 снежня 1977 г.

У бібліятэцы Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта маюцца перададзеныя Браніславам Усасам дакументы, якія агульна называюцца “Зборы кс. Браніслава Усаса”. Яны складаюцца з шэрагу папак, сабраных даследчыкам. Папкі сфарміраваныя паводле тэматычнага прынцыпу і прысвечаныя разнастайным аспектам гісторыі каталіцкага касцёла ў Расійскай імперыі, Царстве Польскім, ІІ Рэчы Паспалітай, ПНР.

Асобную цікаваць уяўляюць уласна ўспаміны аўтара. Ён назваў іх “Успаміны 1885 – 1969”. Гэта машынапіс з фондаў спецыяльных збораў, пад нумарам 912. Дакумент на польскай мове складаецца з 55 друкаваных на машынцы аднабаковых старонак і 8 выдзеленых аўтарам частак:

  1. Дзяцінства, гімназіяльныя і ўніверсітэцкія гады (арк. 1-13);
  2. Побыт кс. Усаса ў Мінску Літоўскім у перыяд 23.ІІ.1917 – да 18.ІІІ. 1921 (арк. 14-28);
  3. Канфіскацыя літургічнай маёмасці расійскімі ўладамі ў 1922 г. у касцёле Св. Кацярыны ў Пецярбургу (арк. 29-35);
  4. Перанясенне труменкі з мошчамі караля Станіслава Ляшчынскага з касцёла Св. Кацярыны ў Петраградзе ў Польшчу. (арк. 36-43);
  5. Пасяленне (замешкане) ў Варшаве і праца пры касцёле Св. Аляксандра (арк. 44);
  6. Праца на пасадзе архівіста ў грэка-каталіцкага мітрапаліта А. Шэптыцкага (арк. 45-46);
  7. Пачатак прац рэвіндыкацыйных 22.12.1922 г. у Царскай Публічнай Бібліятэцы ў Пецярбургу і ліст ад 29.12. 1922 да Упаўнаважаных Расійска-Украінскай дэлегацыі праф. С. Платонава і М. Ліхачова. (арк. 47-51);
  8. Праца ў будаўніча-жыллёвым таварыстве “Osiedle na Skarpie” па вуліцы Бельгійскай, 3 у 1934-1969 гг. (арк. 52-55).

Ніжэй прыведзены аўтарскі пераклад другога раздзела ўспамінаў кс. Браніслава Усаса.

Раздзел ІІ

Побыт кс. Браніслава Усаса ў Мінску Літоўскім у перыяд 23.02.1917 – 18.03.1921

[арк. 14.] У нядзелю 11 лютага 1917 г. у дзень свята Маці Божай з Лурду адміністратар Магілёўскай архідыяцэзіі кс. біскуп-суфраган Я. Цепляк удзяліў мне ў рыма-каталіцкай катэдры ў Пецярбургу на вуліцы 1 Роты Ізмайлаўскага палка святарскае пасвячэнне. 18 лютага я адправіў першую св. Імшу ў касцёле Св. Станіслава ў Пецярбургу. Архідыяканам быў ксёндз-пралат Францішак Астроўскі, казанне прамовіў кс. доктар-канвертыт Дзіадор Калпінскі, які падчас сваёй прамовы казаў аб маёй працы сярод праваслаўных, зычачы мне далейшай плённай дзейнасці святара ў гэтым кірунку.

23 лютага на загад кс. біскупа Яна Цепляка я выехаў у Мінск Літоўскі для ўрэгулявання рэлігійнай і душпастырскай справы сярод т.зв. “беженцев”. Расійскія войскі, адступаючы ў глыб Расіі, гналі на ўсход каталіцкае насельніцтва Крэсаў. У Мінску ў той час жыло больш за 11000 палякаў – выгнанцаў з Канрэсоўкі і з польскіх Усходніх Крэсаў.

Праведзеныя мной перамовы па рэлігійных пытаннях т.зв. “беженцев” з галоўнакамандуючым і з грамадзянскімі ўладамі мелі добры вынік да задавальнення ксяндза-біскупа Цепляка. Мушу заўважыць, што гэта было ў апошні месяц царавання цара Мікалая ІІ. Непаспяховасць у бітвах з Германіяй, а таксма рост рэвалюцыйнага руху, нараканне насельніцтва на голад, вырашальна паўплывалі на пазітыўны вынік нашых размоў.

Пасля выбуху Лютаўскай рэвалюцыі адносіны Часовага расійскага ўраду да каталіцызму кардынальна змяніліся. Была арганізавана Польская ліквідацыйная камісія па справах Польскага Каралеўства, якая вельмі істотна спрычынілася да рэлігійнай талерантнасці. Разам з гэтым, расійскі ўрад па заяве ксяндза-біскупа Цепляка спыніў дзейнасць рыма-каталіцкай духоўнай калегіі ў Пецярбургу, а пасля аб’явіў пра ліквідацыю гэтага інстытуту і вярнуў некалькі касцёлаў, адабраных царскім урадам.

Да змены палітыкі ўраду ў адносінах да каталіцызму найбольш спрычыніліся новапрызначаны Луцка-Жытомірскі суфраган ксёндз-доктар Міхал Гадлеўскі, да таго часу шматгадовы выкладчык гісторыі касцёла ў Пецярбургу, ксёндз-біскуп Я.Цепляк і кс. Валеры Пласкевіч – былы канцлер мітрапалітальнай курыі ў Пецярбургу.

У ліпені 1917 г. кс. біскуп Я. Цепляк склікаў у Пецярбургу з’езд магілёўскага і мінскага духавенства для абмеркавання пытання, як павінна духавенства рэагаваць на змены ў Расіі. Сярод дэлегатаў, выбраных духавенствам Мінскай дыяцэзіі, аказаўся і я, беручы актыўны ўдзел у пасяджэннях [арк. 15] з’езду. Тым часам кс. біскуп Я. Цепляк у паразуменні з Часовым урадам да моманту намінацыі новага біскупа ў адроджаную Мінскую дыяцэзію прызначыў часовым Генеральным вікарыем былога пробашча парафіі ў Пецярбургу кс. Эдварда О’Рурка (O’Rourke), народжанага ў 1876 г. сына заможнага зямяніна мінскай зямлі.

кс. Эдвард О’Рурк, фота Narodowe Archiwum Cyfrowe

Пасля заканчэння палітэхнікі ў Рызе ён паехаў вывучаць тэалогію ў Інсбрук. Пасля атрымаў святарскае пасвячэнне і быў прызначаны капеланам мітрапаліта Вінцэнта Ключынскага, а пазней – прафесарам Духоўнай семінарыі ў Пецярбургу. Ксёндз-кардынал Аляксандр Какоўскі ў сваіх дагэтуль не апублікаваных успамінах, якія знаходзяцца ў бібліятэцы Духоўнай семінарыі ў Варшаве, так характарызуе кс. О’Рурка: “Сярод іншых святароў вызначаўся кс. О’Рурк, пробашч парафіі Св. Станіслава, сёння – першы біскуп Гданьскі: з палякамі – паляк, з расіянамі – расіянін, з немцамі – немец”, – цытую характарыстыку ў даслоўным гучанні. Тое, што думка ксяндза-кардынала Какоўскага не перабольшванне, а толькі адлюстраванне рэчаіснасці, сведчыць выданне календара “Annuaire Pontifical Catholique” (Paris 1928, s. 229), дзе на падставе сведчання самога О’Рурка выразна адзначана, што яго “la langue matternelle est russe”[1].

На жаль, прызначэнне кс. О’Рурка Генеральным вікарыем у тыя вірлівыя рэвалюцыйныя часы выклікала для Мінскай дыяцэзіі шмат цяжкасцяў і болю з-за яго няўдалых распараджэнняў. Як канкрэтны прыклад прывяду справу рэвіндыкацыі падамініканскага касцёла насуперак выразнай забароне кс. О’Рурка, але здзейсненую мной у красавіку 1918 г. у Мінску Літоўскім. Духавенства Мінскай дыяцэзіі на 80% складалася з ксяндзоў, пераследаваных у свой час расійскімі ўладамі, і адзначалася вялікім патрыятызмам. Доказы гэтаму можам знайсці ў “Wspomnieniach lekarza” атэіста праф. Вінсэнта Тамашэвіча (выданне PIW Варшава, 1965, с. 105-106). На сходзе, скліканым кс. О’Руркам у лютым 1918 г., абмяркоўваліся справы адносін духавенства да ўраду і пытанне, якія цяпер мы павінны выставіць умовы. У сходзе ўдзельнічала каля сарака чалавек. Апошнім дакладчыкам быў я. Складзены кароткі спіс абмежаванняў канфіскацый царскага ўраду ў адносінах да каталіцкага насельніцтва на Крэсах. І як вынік я прапанаваў праект звароту да ўраду з патрабаваннем вяртання пакляштарных будынкаў, якія на дадзены момант не выкарыстоўваюцца. Мой даклад выклікаў гучныя апладысменты маіх канфратраў[2], але, на жаль, рэакцыя ксяндза О’Рурка была нечакана абуральнай: ён ледзь даў мне магчымасць скончыць прамову і наўпрост сказаў, што не толькі я, але і ўсе ксяндзы, [арк. 16] якія тут прысутныя, у выпадку вяртання царскай улады будуць зняволеныя і сасланыя. Пасля гэтай заявы ён закрыў пасяджэнне, паведаміўшы, што пра тэрмін наступнай сустрэчы святарам паведамяць спецыяльна.

Тым часам мой праект прадугледжваў заняцце падамініканскага будынка, які на той момант быў абсалютна нежылы. Перад гэтым яго занялі царскія войскі. У тым будынку на апошнім паверсе знаходзілася капліца для жаўнераў-католікаў, арганізаваная са згоды царскіх уладаў двума ваеннымі капеланамі – ксяндзом Юзафам Ранцанам і ксяндзом Францішкам Руткоўскім, а таму доступ да будынку быў вольны і заняцце яго групай людзей у колькасці 64 асоб, якія належалі да Саюзу хрысціянскай дэмакратыі, Польскай вайсковай арганізацыі і харцэраў – у тым ліку 17 жанчын, – не ўяўляла ніякіх цяжкасцяў. Бо панавала безуладдзе, гэта давала гарантыі, што заняцце падамініканскіх будынкаў не выкліча ніякіх складанасцяў. Толькі праз некалькі дзён ад рэалізацыі рэвіндыкацыі павінен быў адбыцца ўваход немцаў у Мінск, якія будуць лічыцца з ужо здзейсненым фактам.

Не паспеў я прыйсці дадому са сходу, як атрымаў ліст ад кс. О’Рурка да мяне з настолькі скандальным зместам, што прыводжу яго даслоўна: “Ксяндзы мне казалі, што нібыта Ксёндз плануе ў нядзелю арганізаваць выступленне з людзьмі для заняцця пабернардзінскага касцёла. Таму я папярэджваю, што ў дадзены момант ніякіх непарадкаў у горадзе быць не можа, і я не спынюся нават перад суспенсацыяй, калі б Ксяндзы да чагосьці такога падгаворвалі людзей. Кс. Э. О’ Рурк”.

У адказе на гэты ліст я напісаў, што вяртаюся ў Пецярбург, адмаўляючыся ад душпастырскай працы ў Мінску. Аднак пасля даўжэйшага роздуму і абмеркавання з канфратрамі, мы вырашылі заняць падамініканскія будынкі.

А 18-й гадзіне мы прыйшлі да будынка (касцёла). Пасля кароткай маёй прамовы да групы і супольнай малітвы ўзяліся за выбіванне штучнага сховішча і драўляных перагародак. І тады з-пад тоўстага пласта тынкоўкі пачало выглядаць сапраўднае аблічча святыні.

Неўзабаве наступіла заняцце Мінска немцамі. Пасля маіх кароткіх перамоваў з галоўным камандаваннем ад нямецкага генерала Брэдофа (Bredoff) я атрымаў два аўсвайсы з датамі 14 сакавіка і 15 мая 1918 г. з наступным зместам: 1) “У дамініканскім касцёле першы і другі паверх у правым крыле належыць пакінуць на патрэбы войска” і 2) “Левы бок каталіцкага касцёла аб’яднаны з шасцю памяшканнямі першага паверха ў дамініканскім кляштары – яны не будуць занятыя нямецкімі войскамі”. Гэтыя пасведчанні прымусілі магістрат г. Мінска пераканацца, што нямецкія ўлады прызналі мяне за законнага гаспадара і адміністратара падамініканскіх будынкаў.

17 сакавіка адбылося асвячэнне будынкаў, на якое кс. О’ Рурк пагадзіўся пасля вельмі гарачай размовы, паколькі я звярнуў яго ўвагу, што [арк. 17] у выпадку адмовы я буду вымушаны сам асвяціць будынкі, а каталіцкая грамадскасць будзе абураная баязлівасцю і лакействам перад расійскімі ўладамі. Пасля доўгай размовы ён пагадзіўся асвяціць будынкі, але пры ўмове, каб падчас імшы не было ніякага казання. На гэта я адрэагаваў маўчаннем, паколькі папярэдне дамовіўся з ксяндзом-доктарам Юзафам Гергетам (Hergietem), што ў момант, калі кс. О’Рурк адвернецца да людзей па Credo, кс. Гергет з імправізаванай амбоны прамовіць казанне (а хутчэй, патрыятычную прамову), у якой падкрэсліць, што мінскае духавенства ў час рэвалюцыі аказалася на вышыні і вярнула жыхарам горада прыгожую гістарычныю святыню.

У дзень 17 кастрычніка касцёл быў ужо адрамантаваны да такой ступені, што магло наступіць урачыстае асвячэнне будынка ксяндзом-біскупам Мінскай дыяцэзіі Зыгмунтам Лазінскім.

Касцёл у стылі барока меў тры нефы і 14 алтароў, нагадваючы інтэр’ер касцёла айцоў-дамініканцаў у Варшаве на вуліцы Фрэта.

На працягу няпоўных двух гадоў я сабраў на аднаўленне касцёла 200 тысяч рублёў. Быў нязмерна шчаслівы, што акрамя аднаўлення самога касцёла, у пакляштарных будынках удалося размясціць наступныя інстытуты:

  1. Саюз польскай хрысціянскай дэмкаратыі;
  2. Дзяржаўны камітэт дапамогі для дзяцей, які апякаў 65 тысяч дзяцей на Міншчыне, не зважаючы на іх веравызнанне;
  3. Саюз крэсовай моладзі;
  4. Дом скаўтаў;
  5. Таварыства аматараў навукі;
  6. Асацыяцыя польскіх тэхнікаў;
  7. Швейная майстэрня бялізны для войска, дзе працавала каля 200 жанчын.

З іншых касцельных спраў пры перамовах з немцамі заслугоўвае ўвагі канферэнцыя каталіцкага і праваслаўнага духавенства, скліканая нямецкім генералам Брэдофам. Адносіны немцаў да палякаў былі незычлівыя, а нават пагардлівыя. Праваслаўных расіян немцы фаварытызавалі. У канферэнцыі з праваслаўнага расійскага боку ўдзельнічалі тры асобы: мінскі праваслаўны біскуп Ежы (Юрый), пратаіерэй Ачапаўскі і праваслаўны святар Хэрашка, румын па паходжанні, пробашч праваслаўнай чыгуначнай царквы ў Мінску. Каталіцкі польскі бок прадстаўлялі кс. Эдвард О’Рурк, адміністратар дыяцэзіі, кс. Юзаф Міцэвіч – канцлер курыі, і я, рэктар падамініканскага касцёла ў Мінску. Канферэнцыю распачаў ген. Брэдофф, [сказаўшы], што збірае прадстаўнікоў двух веравызнанняў, каб нармалізаваць узаемныя польска-расійскія адносіны, і даў слова біскупу Юрыю[3], які ў кароткай прамове [арк. 18] заявіў, што са свайго боку з радасцю будзе імкнуцца да паразумення. У сваю чаргу пратаіерэй Ачапоўскі наўпрост адзначыў даслоўна: “Раней мы вас прыгняталі, цяпер вы нас будзеце прыгнятаць”. Разам з тым кс. Хэрашка, чалавек высокай культуры і інтэлігентнасці, сказаў, што цяперашні час спрыяе распрацоўцы новых спосабаў паводзін. Далей слова ўзяў кс. О’Рурк, катораму па яго просьбе я абазначыў кароткі план тэмы, якую я лічыў адпаведнай падняць у той момант. Выбраў дэвізам словы айца царквы Тэртуліяна, а менавіта: “In necessariis unitas in dubiis libertas, sed in omnibus caritas”. Кс. Міцэвіч абмежаваўся кароткай, але вельмі змястоўнай прамовай, лічачы, што віну за ненармальныя праваслаўна-каталіцкія адносіны нясуць выключна праваслаўныя.

Апошнім дакладчыкам быў я. Вяртаючыся да вышэйпрыведзеных словаў айца Тэртуліяна, я сказаў, што ўжо даўно мы павінны былі б перастаць лічыць усе крыўды, нанесеныя адным бокам другому, паколькі ўсе мы – вызнаўцы Хрыста. І мы павінны лічыць сябе братамі, якіх не можа дзяліць асобная інтэрпрэтацыя Евангелля, і ні ў якой меры ў нас не павінна ўзнікаць адчуванне незычлівасці, а тым больш варожасці. Палякі-католікі з канца XVI ст., г.зн. ад падпісання ўніі ў Брэсце, паказваюць прыклад пошуку адзінства і рэлігійнай талерантнасці. На маю думку, перашкоды ў імкненні да аб’яднання стварала не столькі праваслаўнае духавенства, колькі братазабойчая палітыка былога царскага ўраду. Як канкрэтны доказ, што мае цяперашнія словы я лічу адпаведнымі рэчаіснасці, я далучыў імя віленскага праваслаўнага архіепіскапа Макарыя. На жаль, значная частка праваслаўнага духавенства паддалася варожым дзеянням царскага ўраду, што выклікала ненармальны стан польска-расійскіх адносін. Таксама я ўспомніў, што некалькі гадоў таму ў штомесячніку “Слово истины”, выдаваным у Пецярбургу па-руску, я заклікаў да адмовы ад даўнейшых узаемных крыўдаў, а ўсю энергію, запал і гарлівасць раіў прысвяціць нармалізацыі каталіцка-праваслаўных адносін на прынцыпах талерантнасці.

Добрая ініцыятыва нямецкіх уладаў нармалізаваць рэлігійныя польска-расійскія адносіны не прынесла ніякага выніку. Праз рост недаверу акупацыйных улад да польскага насельніцтва, якое пражывала на Усходніх Крэсах, немцы ні разу больш не збіралі канферэнцыю абодвух веравызнанняў. З-за гэтага польска-расійскія адносіны развіваліся і далей ва ўзаемнай [арк. 19] незычлівасці і нават варожасці.

Немцы былі ў Мінску да пачатку 1919 г.[4]

Працяг будзе.

Пераклад і падрыхтоўка да друку Раісы Зянюк


[1] “яго родная мова — руская” (пераклад з фр. – аўт.)

[2] Con frater, сабрат, тут – таксама святароў.

[3] Усас выкарыстоўвае Ежы

[4] Дата закрэслена і напісана рукой – лістапада 1918 г.

для друку для друку