Маргарыткі — кветкі-самасейкі. Штогод расквітаюць новыя суполкі малітоўнага руху, ўдзельнікі якога прагнуць духоўна падтрымаць сваіх душпастыраў. Як сабраць сваю суполку — чытайце ў гэтым матэрыяле.
«Маргарытка» — гэта міжнародны малітоўны рух, прысвечаны духоўнай падтрымцы святароў. Ён ўзнік пад натхненнем ад жыцця адной незвычайнай асобы – Маргарэт О’Донэл. Жанчына, якая была амаль цалкам паралізаваная, ахвяравала сваю пакуту, молячыся за сваю парафію, пробашча, святароў, ва ўсіх інтэнцыях, якія ёй былі давераныя. З кожным днём павялічвалася колькасць святароў, якія наведвалі Маргарэт, просячы яе аб малітве. Часам яна прымала па 20 чалавек за дзень.
Рух «Маргарытка» распачаў сваю гісторыю ў 1981 годзе ўжо пасля смерці Маргарэт, хутка выйшаў за межы Канады і распаўсюдзіўся па ўсім свеце. Дакладнай інфармацыі няма, але вядома, што першыя «Маргарыткі» у Беларусі з’явіліся напрыканцы 90-ых гадоў.
Калі вы распазналі, што Дух Святы натхняе вас на стварэнне сваёй суполкі «Маргарытка», то ніжэй можна прачытаць праклыдны план таго, як гэта магчыма ажыцявіць.
Крок 1: Знайдзіце аднадумцаў
Для «Маргарыткі» вам патрэбна «сям’я» з сямі чалавек, якія не супраць узяць на сябе «пялёсткавую» місію. Можна сабраць суполку ў сваёй парафіі, а можна падключыць сяброў, суседзяў і нават родных — галоўнае, каб ва ўсіх быў шчыры настрой. Калі знайсці патрэбную колькасць складана, падключыце тых, хто згодны маліцца адразу некалькі разоў на тыдзень, або арганізуйце некалькі сменаў.
Мадэратар апостальскага руху «Маргарытка» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Павел Эйсмант удакладняе: «Апостальскі рух “Маргарытка” прызнаны Каталіцкім Касцёлам як касцёльны рух. Таму няма абавязку пры стварэнні «Маргарыткі» пытаць дазвол у святара. Кожны вернік, нават калі ён яшчэ не моліцца ў «Маргарытцы», можа сабраць вакол сябе шэсць іншых вернікаў і стварыць новую суполку. Варта, аднак, хоць і неабавязкова, паінфармаваць дыяцэзіяльнага мадэратара руху пра новую “Маргарытку”».
Крок 2: Вызначце дні і абярыце святара
Назва «маргарытка» паходзіць не толькі ад імя Маргарэт О’Донэл: кожны з сямі «пялёсткаў» — гэта адзін з удзельнікаў суполкі. Такая малітоўная кветка распускаецца кожны дзень тыдня. Адзін дзень — адзін «пялёстак» — гэта чалавек, які ўзяў на сябе абавязак маліцца менавіта ў гэты дзень.
Гэта можа быць малітва за пробашча парафіі або проста душпастыра, які блізкі вашай малітоўнай групе. Калі выбар зрабіць цяжка, можна правесці галасаванне. Галоўнае — заставайцца вернымі свайму рашэнню.
Крок 3: Зрабіце карткі з маргарыткай
Мадэратар «Маргарыткі» ксёндз Павел Эйсмант таксама нагадаў, што ўдзельнікам суполкі трэба падрыхтаваць карткі: «Гэтыя 7 чалавек запісваюць свае імёны на картачку ў пялёсткі маргарыткі суадносна з кожным днём тыдня, а ў яе цэнтры змяшчаюць імя святара, за якога моляцца. Потым яны ўручаюць маргарытку святару».
Зрабіце для сваёй «Маргарыткі» такую картку з малітвай. Яе дадаткова можна змясціць у сваёй парафіі або раздрукаваць для ўсіх «пялёсткаў», каб яны маглі паставіць яе каля хатняга алтара.
Крок 4: Стварыце чат
Няхай ў вашай «маргарытцы» будзе групавы чат у мэсэнджэры. Праз яго вы можаце дзяліцца навінамі, змяняць расклад ці проста падбадрываць адно аднаго. Таксама можна заклікаць да асаблівых малітваў, калі ў святара складаны час, і ён патрабуе ўзмоцненай духоўнай апекі.
Крок 5: Рэгулярна сустракайцеся
Раз у месяц ці ў іншы зручны час можна ладзіць сустрэчы з гарбатай, каб разважаць над малітоўным жыццём суполкі, а таксамам дзяліцца думкамі і ўражаннямі. Гэта дадасць вам радасці і аб’яднае групу.
Крок 6: Сачыце за духоўнымі вынікамі
З часам будзе цікава назіраць, як жыццё абранага вашай суполкой святара напаўняецца Божымі ласкамі. Магчыма, вы заўважыце, што яго казанні сталі глыбейшымі, а настрой — лепшым.
Крок 7: Падзяліцеся вопытам і прыцягніце новых удзельнікаў
Калі ваша «Маргарытка» у выніку «прыжывецца», раскажыце пра яе іншым. Падтрымка святароў — важная місія, і чым больш кветак — тым прыгажэйшы букет. Гэта будзе выдатная магчымасць натхніць людзей на асаблівую форму малітоўнай супрацы, накіраванай на падтрымку душпастыраў у іх нялёгкім служэнні.
Аляксандра Шпілеўская
Фота: Instagram
