Снежным лістападаўскім вечарам у Хрысціянскім сацыяльным цэнтры Добрага самараніна збіраліся сем’і. Прыгожыя жанчыны ў доўгіх святочных сукенках, годныя мужчыны, прыбраныя ў белыя кашулі і пальчаткі, класічная музыка, усмешкі, доўгачаканыя сустрэчы – усё гэта стварала неверагодную атмасферу чакання. Чакання сямейнага балю.
Мерапрыемства адбылося 19 лістапада. Ужо ў пяты раз сябры і ўдзельнікі руху Equipes Notre-Dame сустрэліся на сямейным балі. Яго арганізатарамі сталі сужонкі Валерый і Алена Шымак. Баль распачаўся прывітаннем і супольнай малітвай. А потым была цікавая праграма, напоўненая танцамі, гульнямі, перапынкам на абед і часам на размовы.
Асноўная ідэя балю – супольнае, прыгожае прабыванне сужонкаў. Танец – гэта магчымасць быць разам, магчымасць жанчыне даверыцца мужу, які ў пары, як і ў жыцці павінен кіраваць, магчымасць зазірнуць адзін аднаму ў вочы, аднавіць свае пачуцці, правесці вечар у добрай кампаніі.
Вясёлыя полькі, пяшчотныя вальсы, кантрадансы і народныя танцы – гэта не проста. Таму перад балем адбываліся рэпетыцыі. Увогуле баль – вынік працы кожнай сям’і. Кожны прыняў удзел у яго падрыхтоўцы: хтосьці арганізоўваў рэпетыцыі, хтосьці адказваў за пачастункі, упрыгожваў залю, рыхтаваў конкурсы і віктарыну. І, канешне ж, кожная сям’я давярала ў малітве гэтую справу Пану Богу – кіраўніку ўсяго нашага жыцця.
Найлепшым расповедам пра баль з’яўляюцца сведчанні яго ўдзельнікаў, якія прадстаўляем вашай увазе.
Уладзімір і Паліна Лукомскія:
«Гісторыя пачалася з таго, што мы з Вовам вырашылі, што на бал не ідзём. Смешна, але так было.
Дзякуючы канкрэтнай асобе мы падумалі і змянілі сваё рашэнне на правільнае!
Мы чакалі сустрэчы з сем’ямі, кантакту з імі, з сваёй суполкай. Зразумелі, што на нашым этапе ўваходу на шлях суполкі для нас гэта будзе важным.
Так і сталася, мелі шмат зносін з рознымі сем’ямі, іншых паглядзелі і сябе паказалі.
Насамрэч мы шчаслівыя, што ўдзельнічалі ў балі, нам было прыемна і хораша. Гэта быў час з іншымі сем’ямі, але таксама і наш асабісты час разам.
Таксама хочам выказаць сваю ўдзячнасць сям’і Шымак і іншым сем’ям, якія дапамагалі ў падрыхтоўцы, дзякуй за служэнне, за любоў, радасць і ўсмешкі.»
Андрэй і Вольга Луцэнка:
«У нас з мужам з’явілася цудоўная традыцыя — удзельнічаць у балі, на які нас запрашаюць сем’і з суполкі END. Мы ўдзельнічалі 4 разы і кожны баль быў незабыўны! Дапамога ў арганізацыі неабходная. Найчасцей гэта ўпрыгожванне залі, арганізацыя кава-паўзы, фатографы, настройка апаратуры і інш. Каб атмасфера была святочнай, трэба паклапаціцца, але калі ўсе разам, то ўсё атрымліваецца добра, як і ў гэты раз! Калі адбываліся рэпетыцыі перад першым балем, было шмат перажыванняў: ці атрымаецца вывучыць танцы, ці зможам станцаваць, але разам з тым, мы шмат смяяліся, радаваліся і больш пазнавалі адзін аднаго. Алена і Валерый Шымак вельмі даступна вучылі нас танцам, з вялікай цярплівасцю і падтрымкай, дзякуй ім за гэта! Яшчэ вельмі спадабалася тое, што і нашы святары па магчымасці ўдзельнічаюць у балі, перад ім нас бласлаўляюць! Кожны баль запамінаецца сюрпрызамі-падарункамі для кожнай пары, якія рыхтуе Людміла Чаган. Нават нягледзячы на тое, што мы суседзі і сябруем, яна ніколі не расказвае, што рыхтуе для нас і гэта вельмі прыемна! Конкурсы, цікавыя віктарыны з выкарыстаннем мультымедыя, творчыя пастановы, нават песні пад гітару, кожны раз нешта новае і цікавае вабяць прыйсці на баль.
Цяжкасць для мяне — паспець сабрацца, бо амаль заўсёды з’яўляюцца нейкія справы, якія забіраюць час! Муж не заўсёды з жаданнем згаджаецца пайсці на баль, але калі вяртаецца дадому, то кажа, што было супер і я была самая прыгожая! Найбольш запомнілася на гэты раз рамантычная атмасфера, прыгожыя, больш упэўненыя танцы, сюрпрызы, новыя знаёмствы! Дзякуй Богу за магчымасць быць на балі і за нашую цудоўную парафію з цудоўнымі людзьмі!»
Уладзімір і Кацярына Петрашкевіч:
«Гэта быў пяты баль для нашай сям’і. Вельмі падабаецца атмасфера, прыемныя людзі, нешта новае і незвычайнае ў нашым жыцці. Прыемна некаторы час адчуваць сябе дамай і кавалерам, адлучыцца ад хатніх клопатаў.
Цяжкасці сустракаюцца падчас саміх танцаў, парой блытаем схему танца.
Найбольш запомнілася прыемная атмасфера, позіркі і прыгажосць вакол нас.»
Павел і Людміла Чаган (сям’я, якая арганізавала ўпрыгожванне залю і сюрпрыз для сужонкаў, але не змагла прысутнічаць на балі):
«Баль — гэта яшчэ адна магчымасць славіць Госпада.
Чаму ўпрыгожваем зал? Для таго, каб стварыць святочны настрой сябрам, а можа каму-небудзь гэтыя ўпрыгожваннi падымуць настрой.
Аднаго разу нам з мужам захацелася не толькi зрабiць нешта прыемнае сябрам, aле i распавесцi аб тым, як моцна Пан Бог любiць кожнага, хацелася, каб сябры адчулi гэту бязмежную любоў. Мы не ведалi як гэта зрабiць, раiлicя з Госпадам, прасiлi ў Яго дапамогi. I першая думка, якая ўзнiкла, што найвялiкшая праява любовi Бога да чалавека, гэта тое, што Езус памёр на крыжы дзеля кожнага з нас, абмыў Сваёй крывёю кожнага. Крыж — знак бязмежнай Любовi Бога да блiжняга. Мы ведалi, што баль будзе ў Хрысцiянскiм сацыяльным цэнтры, там на сцяне вiciць крыж i вырашылi, што калi будзем распавядаць аб Божай Любовi, звярнуць чарговы раз увагу на гэты крыж.
Па-чалавечы хацелася неяк паказаць Божую Любоў яшчэ. Мы разумелi, што гэта могуць быць цёплыя словы, усмешкi, абдымкi, але хацелася паказаць яшчэ. Зноў жа сталi раiцца з Усявышнiм i прыйшла думка стварыць вялiкае сэрца. Мы разумелi, што якое б вялiкае сэрца мы не зрабiлi, яно не зможа паказаць бязмежную Божую Любоў, але, магчыма, камусьцi зможа прыуўзняць настрой… З Божай дапамогай удалося рэалiзаваць задумку, бо нiколi раней мы такого не рабiлi, i спадзяемся, хоць крышачку змаглi прыўзняць святочны настрой i дапамаглі іншым адчуць Божую Любоў.
У падарунак мужчыны атрымалi маленькiя сэрцайкi з цытатамi ад святых, а жанчыны — ружы з цукеркай унутры.
Хочам быць iнструментам у руках Божых, служыць Госпаду, славiць Яго як можам..
А зараз мы таксама рыхтавалi невялiчкi сюрпрыз, але не ўдалося яго рэалiзаваць з-за таго, што моцна захварэлi нашыя дзецi i iм патрэбна была наша дапамога. Мы спакойна прынялi гэту сiтуацыю, ведалi, што гэта Божая воля. Адчувалi Божую падтрымку i дапамогу, а таксама вялiкую радасць i супакой у сэрцы. Дзякуем Пану Богу за гэта!
Вельмi прыемна было ўбачыць фотаздымкi з балю i радавацца разам з сябрамi, хоць нас i не было фiзiчна разам.
Гэтым разам прыйшла думка аб тым, што кожнае сужэнства — гэта маленькi карабель. Амаль усе сужэнствы, якiя прысутнiчалi на балi — гэта сужэнствы, якiя належаць да руху ЭНД, i актыўныя парафiяне, якiя належаць да iншых рухауў i малiтоўных груп. Адным словам, гэта сужэнствы, якiя iмкнуцца духоўна ўзрастаць, icцi за Хрыстом, спаўняць Яго волю. Гэта не значыць, што ў іх няма праблем, канешне ёсць на пэўных этапах жыцця, але ўсе iмкнуцца з Божай дапамогай iх вырашаць i духоўна ўзрастаць, бо кожная сiтуацыя (добрая цi дрэнная) многаму вучыць. Узгадалicя зараз такiя словы, што Бог не абяцаў, што не будзе шторму, але калi Бог будзе ў вашай лодцы (караблi), то лодка не патоне.
Нашыя духоўныя дарадчыкi — гэта капiтаны вялiкix караблёў, якiя плывуць наперадзе, падсвечваюць нам дарогу маячкамi i дапамагаюць не збочыць з дарогi, не згубiць арыенцiр. Мэта ва ўсix адна — iмкнуцца да святасцi.
Нас нiхто не просiць упрыгожваць зал, мы гэта робiм па ўласнай iнiцыятыве на хвалу Божую.
Дзякуем Богу за нашых суседзяў (Луцэнка Вольгу i Андрэя, Петрашкевiч Кацярыну i Уладзiмiра), а таксама за сем’i руху ЭНД, якiя заўсёды адкрытыя на дапамогу.»
Скончыўся баль, сем’і раз’ехаліся па сваіх дамах, вярнуліся ў атмасферу штодзённасці, дзесьці мітуслівай, дзесьці руціннай, са сваімі абавязкамі і цяжкасцямі. Але ў сэрцах кожнай сям’і засталіся цёплыя ўспаміны рамантыкі, любові і радасці. Пяты баль адбыўся і ўсе мы ўпэўненыя – найкаштоўнейшы дар ад Пана – нашае бласлаўленае сужанства.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Кацярына Петрашкевіч, Людміла Чаган, фота