Летнік і Першая Святая Камунія адбыліся ў Лепелі

12-17 ліпеня 2021 г. пры парафіі Св. Казіміра ў Лепелі адбыўся летнік, арганізаваны Карытас Віцебскай дыяцэзіі.

Тыдзень быў вельмі спякотны, інтэнсіўны і насычаны падзеямі: гульні, спевы, фотасесія, купанне ў Лепельскім возеры, пачастунак поп-корнам і салодкай ватай, трэнінгі для дзяцей і бацькоў, якія праводзілі эксперты арганізацыі “Дзеці – не для гвалту”, сумесная паездка ў аквапарк.

Аднак самай важнай часткай летніку была падрыхтоўка да Першай Споведзі і Святой Камуніі: штодзённа дзеці ўдзельнічалі ў святой Імшы і катэхезе, якую праводзіла с. Дар’я Галубкова OV.

У нядзелю, 18 ліпеня, у парафіі адбылася радасная падзея: 20 асоб прыняло Першую Святую Камунію з рук пробашча кс. Уладзіміра Заянчкоўскага.

Бацькі выказваюць словы шчырай падзякі ксяндзу Уладзіміру, сястры Дар’і, а таксама кс. Андрэю Аніскевічу, дырэктару Карытас Віцебскай дыяцэзіі, за арганізацыю летніка і падрыхтоўку дзяцей да святых сакрамантаў.

С. Дар’я Галубкова OV, тэкст;
Аляксандр Астроўскі, с. Дар’я Галубкова OV, фота

для друку для друку