Квебек: вернікі пераадольваюць холад і снегапад, каб узяць удзел у св. Імшы пад адкрытым небам

З-за закрыцця касцёлаў у канадскай правінцыі Квебек з улікам узмацнення каранавірусных абмежаванняў вернікі і святары робяць усё магчымае, каб не застацца без сакрамантаў.

Непагадзь не перашкодзіла рашучасці вернікаў з касцёла Нотр-Дам-дзю-Кап наведаць святую Імшу пад адкрытым небам.

У нядзелю, 9 студзеня, каля 120 верных сабраліся на плошчы перад касцёлам Нотр-Дам-дзю-Кап, каб прыняць удзел у святой Імшы. Гэтая лічба не ўлічвае тых вернікаў, што на працягу набажэнства сядзелі ў сваіх аўтамабілях.

А. Фрэдэрык і а. Жыль Раберж — парафіяльныя святары, якія арганізавалі Эўхарыстыю пад адкрытым небам. «Мы шчаслівыя, што змаглі разам перажыць гэтае выдатнае свята», — напісалі яны ў Фэйсбуку і падзяліліся некалькімі фотаздымкамі святой Імшы.

Спрабуючы спыніць распаўсюджванне штаму каранавіруса Амікрон, урад Квебека абвясціў аб шэрагу дадатковых абмежавальных мер, якія ўступілі ў сілу 31 снежня 2021 г. Сярод іх — закрыццё месцаў культу, у прыватнасці касцёлаў, за выключэннем пахавальных Імшаў, колькасць прысутных на якіх не павінна перавышаць 25 чалавек. Набажэнствы могуць праводзіцца пад адкрытым небам пры ўмове захавання неабходных санітарных мерапрыемстваў.

CREDO са спасылкай на Aleteia
пераклад Catholicnews.by

для друку для друку