Куды звярнуцца беларусам за мяжой, каб арганізаваць імшы на беларускай мове?

«Пахвалёны Езус Хрыстус! Скажыце, калі ласка, хто адказны за душпастырства беларусаў за мяжой? Ёсць касцёл у Вільні і адбываюцца імшы на беларускай мове ў Варшаве. Але ў большасці еўрапейскіх краін такой магчымасці няма. Куды звярнуцца беларусам за мяжой, каб арганізаваць імшы на беларускай мове? Дзякуй і з Богам!»

Васіль

– Паважаны Васіль! Спачатку паспрабуем больш шырока паглядзець на Вашае пытанне, якое закранае феномен міграцыі.

Калі глядзець глабальна і ўважліва на міграцыю, то мы заўважым, што яна не з’яўляецца чымсьці новым. І ад пачатку свайго існавання Касцёл клапоціцца пра людзей, якія знаходзяцца “ў дарозе”. Войны, пераслед, пошукі лепшага жыцця і іншыя фактары паказваюць, што міграцыя стала не толькі магчымасцю пазнаёміцца з культурамі, знайсці лепшае жыццё, але і праблемай, каторая патрабуе адпаведных дзеянняў. А Касцёл, са свайго боку, заўсёды стараўся адказаць на гэты выклік.

Адным з прававых дакументаў Касцёла, у якім замацавалася новая форма душпастырскай дзейнасці, стаў Кодэкс кананічнага права 1917 года. Ён, у пэўным сэнсе, даваў магчымасць для развіцця душпастырства асоб, каторыя па розных прычынах апынуліся за мяжой сваёй Бацькаўшчыны. Аднак гаворка не ішла канкрэтна пра душпастырства мігрантаў. Апостальская Сталіца ў Кодэксе дала магчымасць існавання так званага этнічнага душпастырства.

Кодэкс браў пад увагу мігрантаў, што належалі да асобнай этнічнай групы, якой запэўнівалася адпаведнае для іх этнічнае душпастырства і над якім непасрэднае кіраўніцтва мела Апостальская Сталіца. І толькі яна мела выключнае права засноўваць, аднаўляць, зачыняць персанальныя парафіі, што вылучаліся асобнай мовай, нацыянальнай прыкметай ці абрадам. Стары Кодэкс таксама рэкамендаваў навучанне адмысловых святароў, якія б займаліся этнічным душпастырствам.

Згодна з кананічным правам, этнічнае душпастырства было арганізавана ў наступных формах: персанальная парафія, тэрытарыяльная этнічная парафія, парафіяльны вікарыят, рэктаральны касцёл, капеланіі. Існавала таксама магчымасць прызначэння прапаведніка, катэхэта, спаведніка, спаведніка на караблі і г.д.

Акрамя Кодэкса кананічнага права 1917 года існавалі таксама іншыя дакументы Касцёла, што рэгулявалі працу з этнічнымі групамі і мігрантамі. Адным з найважнейшых дакументаў была Канстытуцыя Exsul Familia, выдадзеная Папам Піем XII 1 жніўня 1952 года. Назва Канстытуцыі, дарэчы, адносіцца да Святой Сям’і, якая была змушана бегчы ў Егіпет і якая лічыцца архетыпам кожнай сям’і бежанцаў ці мігрантаў.

Штуршок для ўпарадкавання і аднаўлення душпастырства этнічных груп і мігрантаў даў Другі Ватыканскі Сабор. Юрыдычны агляд прадпісанняў Канстытуцыі Exsul Familia зрабілі Папа Павел VI, выдаючы 15 жніўня 1969 г. папскі рэскрыпт Pastoralis migratorum cura, а таксама Папа Ян Павел ІІ у Кодэксе кананічнага права 1983 г. З цягам часу была створана Папская Рада душпастырства вандроўнікаў і мігрантаў.

Разважаючы над міграцыйным феноменам, трэба адзначыць, што ён мае розныя бакі, якія, у сваю чаргу, нясуць розныя наступствы. Святы Ян Павел ІІ у Пасланні на Сусветны дзень мігранта ў 1985 годзе напісаў, што міграцыя з’яўляецца “неабходным злом”, таму што яна прыносіць страту для краіны паходжання мігранта, а таксама цягне за сабой асаблівую небяспеку. У першую чаргу, гаворка ідзе пра рызыку ізаляцыі ў новым асяроддзі, а таксама пра праявы ксенафобіі або крайняга нацыяналізму з боку асяроддзя мігрантаў. Заданнем жа Касцёла з’яўляецца прадухіліць гэтыя небяспекі. Разам з гэтым Папа бачыў у міграцыі і пазітыўны бок. Міграцыя, казаў ён, перадусім дае шанс духоўнага і чалавечага ўзбагачэння народаў праз сутыкненне розных культур.

У Пасланні на Сусветны дзень мігранта ў 1987 годзе Папа адзначыў, што кожны чалавек, які сутыкаецца з гэтым феноменам, уносіць у Касцёл свой “сэнс веры”, заснаваны на трох слупах – пакоры, вернасці і малітве, якія ўзбагачаюць мясцовую супольнасць. Міграцыя – з’ява, якая можа спрыяць знішчэнню прадузятасцяў і стварэнню сталай брацкай атмасферы паміж людзьмі.

Кардынал Вальтэр Каспер, былы сакратар Папскай Рады па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству, у артыкуле “Касцёл як супольнасць” піша, што Касцёл не існуе сам для сабе, і па гэтых прычынах евангелізацыйная місія ў асяроддзі мігрантаў з’яўляецца неад’емнай часткай усёй евангелізацыйнай справы Касцёла ў свеце. Згодна з вучэннем Другога Ватыканскага Сабору, Касцёл адчувае сябе цесна звязаным з Божым Народам, часткай якога з’яўляюцца таксама і мігранты.

У Кодэксе кананічнага права 1983 г. мігранты атрымалі пацвярджэнне і гарантыю роўнасці сваіх правоў з правамі іншых вернікаў – усіх чальцоў Каталіцкага Касцёла.

Згодна з прадпісаннямі канонаў 209-214 Кодэксу кананічнага права, як і ўсе вернікі, мігранты абавязаны падтрымліваць сувязь з Касцёлам. Такім чынам, яны павінны выконваць абавязкі, якімі яны звязаныя як з Паўсюдным Касцёлам, так і з партыкулярным, на тэрыторыі якога ім даводзіцца жыць. Яны маюць права прадстаўляць свае патрэбы пастырам, у асноўным духоўнага характару, маюць права атрымліваць святарскую дапамогу, якая паходзіць з духоўных дабротаў Касцёла, а асабліва з Божага Слова, яны маюць права адпраўляць Божы Культ у адпаведнасці з прадпісаннямі ўласнага абраду, зацверджанымі законнымі пастырамі Касцёла, і ісці шляхам свайго духоўнага жыцця, згодным з навукай Касцёла. Калі ўважліва прыгледзіцца, то бачна, што Кананічнае права ставіцца да мігрантаў так, як і да іншых вернікаў, не абцяжарваючы іх дадатковымі абавязкамі, але і не надаючы ім асаблівых прывілеяў.

У пасланні на Сусветны дзень мігранта 2001 г. Папа Ян Павел ІІ падкрэсліў, што для мігрантаў неабходна сістэматычнае, індывідуальнае і супольнае душпастырства, здольнае аказаць дапамогу ў самы цяжкі перыяд, пакуль яны цалкам не інтэгруюцца ў мясцовы Касцёл, і калі яны змогуць выкарыстоўваць звычайнае служэнне святароў тэрытарыяльнай парафіі мясцовага Касцёла.

22 лютага 2004 года Кангрэгацыя па справах біскупаў выдала Дырэкторый “Apostolorum successores”, з якога мы можам зразумець, хто павінен паклапаціцца пра душпастырства мігрантаў, калі існуе такая неабходнасць. “Біскуп павінен звярнуць асаблівую ўвагу на духоўныя патрэбы тых людзей, якія з-за ўмоў жыцця не могуць у дастатковай ступені карыстацца агульным і звычайным душпастырствам”. Зразумела, што гаворка ідзе пра дыяцэзіяльнага біскупа той дыяцэзіі, на тэрыторыі якой знаходзіцца пэўная група мігрантаў. Толькі ён мае выключнае права рэгуляваць душпастырскую дзейнасць у сваёй дыяцэзіі, вызначыць святара, які будзе цэлебраваць імшы, які будзе адказным за душпастырства мігрантаў, надаючы яму ўсе неабходныя дазволы для выканання гэтай функцыі (права хрысціць, спавядаць, цэлебраваць Эўхарыстыю, прапаведаваць і г.д).

Таму на Вашае пытанне, паважаны Васіль, можна адказаць наступным чынам: каб арганізаваць Імшу на беларускай мове, Вам неабходна звярнуцца да біскупа той дыяцэзіі, на тэрыторыі якой вы Вы маеце месца жыхарства.

Канон 102 §1 дзеючага Кодэкса кананічнага права прадугледжвае, што сталае месцажыхарства набываецца праз пражыванне на тэрыторыі якой-небудзь парафіі альбо дыяцэзіі, што звязана з намерам застацца там назаўсёды альбо працягнулася поўных пяць гадоў.

У другім параграфе таго ж самага канону гаворыцца, што часовае месцажыхарства набываецца праз пражыванне на тэрыторыі якой-небудзь парафіі альбо дыяцэзіі, якое звязана з намерам застацца там прынамсі на тры месяцы альбо фактычна працягнулася тры месяцы.

Таму кожны, хто знаходзіцца па-за межамі Бацькаўшчыны, раней ці пазней становіцца вернікам пэўнай парафіі, на тэрыторыі якой пражывае, у жыцці якой павінен прымаць актыўны ўдзел і падлягае юрысдыкцыі біскупа той дыяцэзіі, на тэрыторыі якой мае сталае або часовае месцажыхарства. Неабходна зразумець, што асноўнай мэтай функцыянавання душпастырскіх структур мігрантаў з’яўляецца стварэнне магчымасцей для інтэграцыі гэтай групы людзей у мясцовую парафіяльную і грамадскую супольнасць.

Кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі