Куба абвясціла аб вызваленні 553 зняволеных у сувязі са Святым 2025 годам. Рашэнне прынята ў адказ на заклік Папы Францішка да ўрадаў свету аб амністыі і памілаванні.
Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль паведаміў пра такое рашэнне ў лісце да Пантыфіка ў пачатку студзеня 2025 года. Міністэрства замежных спраў Кубы падкрэслівае, што гэты крок з’яўляецца вынікам «цесных і актыўных адносін” са Святым Пасадам.
«Мы падтрымліваем паважлівыя, адкрытыя і канструктыўныя адносіны з Ватыканам і Святым Айцом», — гаворыцца ў заяве кубінскага МЗС, апублікаванай 15 студзеня 2025 года.
Папа Францішак у буле Spes non confundit заклікаў урады да «ініцыятыў, якія вяртаюць надзею, уключаючы амністыю і памілаванне, каб дапамагчы людзям аднавіць веру ў сябе і грамадства».
Вызваленне зняволеных на Кубе мае глыбокія гістарычныя карані ў адносінах з Касцёлам. У 1998 годзе Фідэль Кастра вызваліў каля 200 чалавек падчас візіту святога Яна Паўла II. Перад візітам Бэнэдыкта XVI у 2012 годзе і Францішка ў 2015 годзе з турам былі вызвалены тысячы зняволеных.
Пацвярджэннем значнай ролі Каталіцкага Касцёла ў міжнародных адносінах стаў яго ўдзел у аднаўленні дыпламатычных адносін паміж ЗША і Кубай у снежні 2014 года, калі абодва прэзідэнты – Барак Абама і Рауль Кастра – выказалі ўдзячнасць Папу Францішку за яго пасрэдніцтва.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
