Ксёндз Францішак Будзька і каталіцкія выданні па-беларуску

Кс. Францішак Будзька

Летась перад святам Божага Нараджэння на адным з польскіх інтэрнэт-аўкцыёнаў мне трапілася невялікая кніжка, якую прадаваў чалавек з Кракава. Гэтая кніжка была выдадзеная ў 1914 годзе ў Вільні, надрукаваная па-беларуску лацінкай. Загаловак выдання – “Karotkaje wyjaśnieńnie abradau R-Katalickaho kaścioła”. Наверсе вокладкі ёсць надпіс – “Выданне “Беларуса” №5”.

На 64 старонках кнігі простымі словамі апісваюцца рэчы, якія датычаць каталіцкай літургіі – унутранае ўладкаванне касцёлаў, літургічнае адзенне, сакраманты, перыяды літургічнага года. “Яўнае набажэнства бярэ свой пачатак ад самога Бога, каторы яшчэ ў раю даў прыказанне Адаму і Еве святкаваць дзень суботні і ня есці плоду з забароненага дрэва (пазнання добрага і злога). Спаўняючы гэтае прыказанне, ужо першыя людзі аказывалі яўную паслушнасць свайму Стварыцелю. Так сама Патрыярхі рабілі Богу ахвяры, як сам Ён навучыў іх, каб паказаць сваю залежнасць ад Бога”, – пішацца на першай старонцы. Аўтар гэтай кнігі – кс. Дыянізій Банчкоўскі, які быў настаўнікам рэлігіі ў Кіеве. Ён напісаў і выдаў сваю кнігу па-польску, і яна аказалася папулярнай. Некалькі разоў перавыдавалася па-польску, была перакладзена на літоўскую і беларускую мовы. На тытульным аркушы беларускага перакладу ёсць сціплы надпіс: “З польскага ператлумачыў Х.”

За сціплым крыптонімам “Х” хаваецца святар, які стаяў ля пачатку беларускага адраджэння ў Касцёле. У адрозненне ад кс. Адама Станкевіча ці кс. Язэпа Германовіча, ён не быў вядомым пры жыцці, хоць закладваў падмуркі, на якіх працягвалі дзейнасць беларускія святары ў міжваенны час.

Гэты “Х” – гэта кс. Францішак Будзька. Ён нарадзіўся 23 студзеня 1884 года ў вёсцы Вознаўшчына ў Параф’янаўскай парафіі. Будзька скончыў школы ў Будславе і Вілейцы і ў 1901 годзе паступіў у семінарыю ў Пецярбурзе. У 1907 годзе прыняў святарскае пасвячэнне.

Пачатак ХХ стагоддзя быў часам для беларускай мовы неспрыяльным. Беларускае адраджэнне яшчэ ледзь-ледзь пачыналася. З 1864 да 1904 гг. у Расійскай імперыі дзейнічала забарона на выданне кніг на беларускай мове. У Касцёле Імша служылася на лацінскай мове, а касцельныя спевы, літаніі і іншыя малітвы, а таксама казанні былі на польскай. А большасць каталікоў, якія ў штодзённым жыцці былі беларускамоўнымі, дрэнна разумелі польскую мову. Людзі, якія ведалі кс. Францішка Будзьку, пісалі, што да разумення каштоўнасці беларускай мовы ён прыйшоў, сутыкнуўшыся з творчасцю Францішка Багушэвіча. Зборнікі ягоных вершаў друкаваліся ў Кракаве і Познані і напаўлегальна перапраўляліся ў Расійскую імперыю. У зборніку “Дудка беларуская” паэт напісаў прадмову з заклікам “Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. гэты заклік многім трапіў у сэрца.

“Karotkaje wyjaśnieńnie abradau R-Katalickaho kaścioła”, пераклад з польскай мовы кс. Францішка Будзькі. З калекцыі аўтара.

“Karotkaje wyjaśnieńnie abradau R-Katalickaho kaścioła”, пераклад з польскай мовы кс. Францішка Будзькі. З калекцыі аўтара.

Важным для Францішка Будзькі было знаёмства з кс. пралатам Стэфанам Данісевічам. З 1905 да 1908 года гэты святар быў адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі. Гэтая архідыяцэзія мела свой цэнтр у Пецярбурзе і ахоплівала большую частку Расійскай імперыі, была самай вялікай дыяцэзіяй у свеце. Кс. Данісевіч паходзіў з Чарэі, што каля Сянна, і добра разумеў патрэбы беларускіх вернікаў. У 1906 годзе кс. Данісевіч перавыдаў “Элементаж для добрых дзетак Католікаў”, які першы раз выйшаў у 1862 годзе ў Варшаве.

У 1906 годзе Францішак Будзька пераклаў з польскай на беларускую мову тры невялікія кнігі, прызначаныя для рэлігійнай асветы: «Кароткі катахізм для прыспасаблення дзяцей да першай Споведзі і Камуніі Святой» кс. Роха Філяхоўскага, «Кароткую гісторыю святую» кс. Шустара і «Кароткае выясненне абрадаў Р.-Каталіцкаго касцёла» кс. Банчкоўскага.

Дазвол касцельнай улады, неабходны для выдання трох гэтых кніг, падпісаў у 1907 годзе якраз кс. пралат Данісевіч. Праўда, тады кс. Будзька знайшоў грошы на выданне толькі адной з іх – “Кароткага катахізма”, які быў надрукаваны накладам 10.000 асобнікаў і хутка разышоўся сярод вернікаў. 9 студзеня 1908 года ксёндз Францішак Будзька атрымаў накіраванне вікарыем у Полацк. Ён выязджаў на фэсты ў вясковыя і местачковыя парафіі, дзе часам гаварыў казанні па-беларуску. Найчасцей ён прамаўляў па-беларуску ў Уле, дзе папярэдні пробашч Уладзіслаў Межвіньскі – рэдкі для тых часоў выпадак – карыстаўся ў касцёле беларускай мовай. У 1911 годзе кс. Будзька выдаў па-беларуску кнігу пра св. Андрэя Баболю, чые рэліквіі ў той час былі ў Полацку.

У 1912 годзе кс. Будзька быў накіраваны служыць у Пецярбург. У гэты ж час ён заняўся неабходнымі фармальнасцямі, каб пачаць выданне першай каталіцкай газеты па-беларуску. “Ад пачатку 1913 году выходзіць у Вільні тыднёвая каталіцкая газета “Biełarus”, нясе яна што тыдзень вясковаму беларусу-каталіку ў яго роднай мове жывое каталіцкае слова парады, пацехі, асветы”, – пісала рэдакцыя ў рэкламнай аб’яве. “Biełarus” даходзіў у многія вёскі і мястэчкі на Паазер’і. На яго старонках можна было сустрэць допісы чытачоў з Браслава, Новага Пагоста, Глыбокага, Мосара, Ваўкалатаў, Параф’янава. Акрамя газеты, рэдакцыя выдавала кнігі на рэлігійную і асветніцкую тэматыку. Сярод тых кніг былі зборнік вершаў Андрэя Зязюлі (кс. Аляксандра Астрамовіча) “З роднага загону”, падручнік па пчалярстве кс. Гэнрыка Бэты ды “Рады маткам для гадавання дзяцей”. У той жа серыі выданняў газеты “Biełarus” выйшлі і ранейшыя пераклады кс. Францішка Будзькі – “Кароткая гісторыя святая” і “Кароткае выясненне абрадаў”. Таксама была надрукаваная і адзіная кніга, якую кс. Будзька напісаў сам: “Некалькі слоў аб пакуце”. У ёй святар тлумачыў, як адбываць сакрамант споведзі. Гэтая выдавецкая дзейнасць не была б магчымай, калі б не было грошай. Але кс. Будзьку ўдалося знайсці фінансавую падтрымку ад князёўны Магдалены Радзівіл.

Газета “Biełarus” і вышэйзгаданыя кнігі выдаваліся лацінскім алфавітам. Выдаўцы лічылі, што лацінскі алфавіт больш зручны для беларусаў-каталікоў. Многія з іх патаемна навучыліся чытаць па-польску, каб разумець польскія малітоўнікі. З гэтай жа прычыны каталікі адчувалі большы давер да літаратуры, выдадзенай лацінскім шрыфтам. Але, шырэй гледзячы, гэта было часткай традыцыі беларускага пісьма і друку лацінкай. Лацінкай выходзілі творы Дуніна-Марцінкевіча, “Мужыцкая праўда” Каліноўскага, вершы Багушэвіча. У міжваенны час традыцыю выдавецтва лацінкай працягвалі газета “Krynica”, якую выдавалі хрысціянскія дэмакраты, блізкія да кс. Адама Станкевіча, а таксама каталіцкі часопіс “Chyścijanskaja Dumka”.

Газета “Biełarus” №5, 1914 з пасмяротным успамінам пра біскупа Стэфана Данісевіча.

Вернемся, аднак, да асобы кс. Францішка Будзькі. У 1916 годзе святар вярнуўся з Пецярбурга на Полаччыну і купіў фальварак каля станцыі Глушаніна. Там ён планаваў пабудаваць драўляны касцёл у беларускім стылі, праект якога распрацаваў архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года кс. Францішак Будзька быў адным з арганізатараў з’езда беларускіх ксяндзоў у Мінску. Таксама ён рупіўся пра адраджэнне Уніі. Магдалена Радзівіл ахвяравала дыяментавыя каралі, каб прадаць іх, а сродкі выкарыстаць на заснаванне навучальнай установы для беларускіх грэка-каталіцкіх святароў. Аднак усе далейшыя планы абарвалі бальшавіцкая рэвалюцыя і заўчасная смерць кс. Францішка Будзькі. Святар памёр ад запалення лёгкіх 2 лютага 1920 года, на Грамніцы, ва ўзросце 36 гадоў.

Яго магіла згубілася. Аднак мара кс. Францішка Будзькі здзейснілася: цяпер у незалежнай Беларусі беларусы-католікі могуць маліцца, слухаць казанні і чытаць рэлігійныя выданні на роднай мове.

Аўтар дзякуе Тарэсе Бітэль з Вішнева за фотаздымак кс. Францішка Будзькі.

Кастусь Шыталь

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі