Папа Францішак заклікаў вернікаў выкарыстаць перыяд Вялікага посту 2025 года для ўмацавання супольнай надзеі, сінадальнасці і адкрыцця сябе міласэрнасці Бога ў кантэксце Юбілейнага года.
Святы Айцец апублікаваў 25 лютага 2025 года сваё традыцыйнае пасланне на Вялікі пост, які пачнецца праз тыдзень. У дакуменце пад назвай Крочыць разам у надзеі Пантыфік прапануе тры галоўныя накірункі для духоўнага шляху вернікаў у гэты літургічны перыяд, які ў 2025 годзе супадае з Юбілейным годам.
Перш за ўсё, Папа падкрэслівае важнасць самога паняцця крочыць – быць у руху як пілігрымы. Ён параўноўвае гэта з вандроўкай народа Ізраіля да абяцанай зямлі і заклікае вернікаў задумацца пра сучасных мігрантаў і пілігрымаў.
Усе мы пілігрымы ў жыцці
«У жыцці кожны з нас вандроўнік, але ці задумваемся мы, як гэта рэальнасць уплывае на нас? Ці я сапраўды ў дарозе ці хутчэй паралізаваны, статычны, са страхам і адсутнасцю надзеі, ці, можа, абжыўся ў сваёй зоне камфорту?» — задае пытанні Святы Айцец у сваім пасланні.
Другі накірунак Вялікага посту, паводле Папы, – гэта ўмацаванне сінадальнасці, здольнасці крочыць разам. Папа Францішак нагадвае аб тым, што гэта сапраўднае пакліканне Касцёла, і заахвочвае вернікаў быць «ткачамі адзінства».
Крочыць разам азначае быць ткачамі адзінства
«Крочыць разам азначае быць ткачамі адзінства, пачынаючы з агульнай годнасці дзяцей Божых; гэта азначае ісці побач, не таптаць і не падаўляць іншага, без зайздрасці ці крывадушнасці, не пакідаючы нікога ззаду або выключаным», — падкрэслівае Папа Францішак.
Трэці накірунак, які прапануе Святы Айцец, – гэта навяртанне да надзеі. Ён нагадвае вучэнне Бэнэдыкта XVI пра неабходнасць «безумоўнай любові» і цытуе словы апостала Паўла: «Ні смерць, ні жыццё… не зможа аддзяліць нас ад любові Божай, якая ў Хрысце Езусе, Пану нашым».
Надзея, якая не расчароўвае
«Дзякуючы любові Бога ў Езусе Хрысце, мы захаваны ў надзеі, якая не расчароўвае. Надзея – гэта якар душы, надзейны і моцны», — піша Папа, цытуючы Пасланне да Рымлянаў.
Папа Францішак заахвочвае вернікаў задаць сабе пытанні: «Ці ёсць у мяне перакананне, што Бог даруе мае грахі? Або я паводжу сябе так, як быццам магу збавіцца самастойна? Ці імкнуся я да збаўлення і заклікаю дапамогу Бога, каб прыняць яго?»
Пасланне заканчваецца згадкай пра святую Тэрэзу Авільскую і яе словы пра надзею, а таксама просьбай аб заступніцтве Дзевы Марыі, Маці Надзеі, падчас Вялікага посту.
Варта адзначыць, што пасланне на Вялікі пост 2025 года было падпісана Папам 6 лютага 2025 года, у дзень успаміну святых Паўла Мікі і яго паплечнікаў-мучанікаў.
Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
