Кітай: па дамове з Ватыканам пасвечаны яшчэ адзін біскуп

Ілюстрацыйнае фота

На гэтым тыдні Ватыкан абвясціў, што Папа Францішак стварыў новую дыяцэзію ў Кітаі і прызначыў яе першым біскупам айца Антонія Цзі Вэйчжуна. У кастрычніку мінулага года Папа вырашыў ліквідаваць дыяцэзію Фэн’ян у мацерыковым Кітаі, заснаваную ў 1946 годзе Папам Піем XII, і заснаваць замест яе новую дыяцэзію Люйлян, паведамляе CNA.

Дыяцэзіяльныя межы былі прадметам спрэчак паміж Ватыканам і Кітаем на працягу многіх дзесяцігоддзяў пасля таго, як Камуністычная партыя Кітая прыйшла да ўлады і пачала змяняць іх па сваім меркаванні, імкнучыся да большай адпаведнасці кітайскім адміністрацыйным межам Кітая.

Тэрыторыя зноў створанай дыяцэзіі будзе адпавядаць межам горада Люйлян, размешчанага прыкладна ў 640 км. на паўднёвы захад ад Пекіна ў заходняй правінцыі Шаньсі. Насельніцтва горада складае 3,3 мільёна чалавек, з якіх прыкладна 20 тысяч католікаў. Усяго ў дыяцэзіі служаць 51 святар і 26 законніц.

Як паведамляецца, Папа Францішак прызначыў Вэйчжуна біскупам Люйляна 28 кастрычніка 2024 г., зацвердзіўшы яго кандыдатуру ў адпаведнасці з часовым пагадненнем паміж Ватыканам і Кітаем.

51-гадовы Вэйчжун атрымаў святарскае пасвячэнне ў цяпер распушчанай дыяцэзіі Фэн’ян у 2001 годзе. Вучыўся ў Кітаі і Германіі, а затым служыў у Фэн’яне намеснікам пробашча, кіраўніком дыяцэзіяльнага душпастырскага цэнтра і генеральным вікарыем. 20 студзеня 2025 г. у катэдры Найсвяцейшага Сэрца Езуса атрымаў біскупскае пасвячэнне.

Вэйчжун з’яўляецца другім кітайскім біскупам, пасвечаным пасля таго, як у кастрычніку Ватыкан зноў працягнуў сваё пагадненне з Кітаем аб прызначэнні біскупаў — гэтым разам на чатыры гады. Неўзабаве пасля гэтага Мэцью Чжэнь Сюэбінь быў пасвечаны ў якасці новага біскупа-каад’ютара Пекіна.

Пагадненне, упершыню падпісанае ў верасні 2018 года, двойчы падаўжалася на двухгадовы тэрмін: у 2020 і 2022 гадах. Умовы пагаднення ніколі не былі апублікаваны, хаця Папа Францішак сказаў, што яны ўключаюць сумесную камісію паміж урадам Кітая і Ватыканам па прызначэнні каталіцкіх біскупаў пад кіраўніцтвам Дзяржсакратара Святога Пасаду П’етра Пароліна.

credo.pro
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі