Заклік любіць Касцёл можа гучаць як правакацыя, асабліва ў сучасным свеце. Не толькі людзі, далёкія ад веры, але нават ахрышчаныя католікі і праваслаўныя, якія называюць сябе вернікамі, нярэдка пагарджаюць Касцёлам, яго супольнасцю і навучаннем, сцвярджаючы, што ім не патрэбныя пасярэднікі, каб яднацца з Богам. Як можна любіць Касцёл з усімі яго заганамі, “цёмным мінулым”, недасканалымі духоўнымі асобамі і грэшнымі вернікамі? Адказ даволі просты: Касцёл можна любіць толькі тады, калі на яго глядзець вачыма сапраўднай веры.
Касцёл – наша Маці
Вачыма веры мы павінны глядзець на Касцёл не толькі як на рэлігійную арганізацыю з уласцівай ёй іерархіяй і структурай, але перадусім як на Маці. Чацвёртая Божая запаведзь “Шануй бацьку свайго і маці сваю”, што гаворыць пра любоў, пашану і ўдзячнасць, якая належыць бацьку і маці, датычыць таксама і адносінаў да Маці-Касцёла. Як зямныя маці нараджаюць і выхоўваюць сваіх дзяцей, так і Касцёл, наша Маці, нараджае нас праз хрост і выхоўвае як дзяцей Божых, корміць Словам і Целам Пана, аздараўляе з дапамогай сакраманту пакаяння.
Святы біскуп Цыпрыян з Карфагена прыгадваў хрысціянам у часе пераследу ў ІІІ стагоддзі, што “не можа мець Бога за Айца той, хто не мае Касцёл за Маці”. Сапраўды, толькі ў той меры, у якой чалавек любіць Касцёл як Маці, мае ён Духа Пана. Нянавісць жа да Касцёла, як да духавенства, так і да свецкіх вернікаў, з’яўляецца адкіданнем Таго, з Чыёй волі ён паўстаў.
Катэхізіс навучае, што адносна Касцёла-Маці хрысціяне павінны мець сапраўдны сыноўскі дух, у тым ліку ў стасунках да тых, хто кіруе Касцёлам (ККК 2040). Вернікі павінны з хрысціянскай паслухмянасцю выконваць пастанаўленні пастыраў, якія, будучы кіраўнікамі і настаўнікамі, прадстаўляюць самога Езуса Хрыста. Сыноўскі дух праяўляецца перадусім у вернасці і еднасці з Папам Рымскім, бачным галавой Касцёла і намеснікам Хрыста на зямлі, а таксама з біскупамі, якія застаюцца ў лучнасці са Святым Пасадам.
Супольнасць веры і ласкі
У Касцёле мы чуем слова веры і адказваем на яго. Менавіта ён захоўвае і сцеражэ скарб веры, згодна з загадам Езуса Хрыста. Абвяшчаючы Слова Божае, Касцёл аб’яўляе хрысціянскай сям’і яе сапраўдную тоеснасць, тое, чым яна насамрэч з’яўляецца і чым павінна быць паводле Божай задумы. Сучаснае грамадства, аднак жа, прызнае ўсё менш аўтарытэтаў, а тым больш аўтарытэт Касцёла, які не заўсёды гаворыць тое, што большасці хацелася б пачуць. Навучанне Касцёла для многіх з’яўляецца “цяжкай мовай”, падобна як прамова Езуса ў сінагозе ў Кафарнаўме, пасля якой “многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім” (Ян 6,60.66). Тым не менш, Езус не пабег за імі і не абяцаў, што залагодзіць свае вымаганні.
У Касцёле хрысціянская сям’я таксама ўзмацняецца і ўзбагачаецца ласкай Хрыста: дзякуючы ўдзелу ў святой Імшы і іншых сакрамантах, наследуючы святых і бласлаўлёных, дзеці Касцёла крочаць да Божага Валадарства. Таму той, хто адмаўляецца ад пасярэдніцтва Касцёла, крыўдзіць самога сябе, пазбаўляючыся ад багацця Божых ласкаў і пэўнага шляху да збаўлення.
Знак Хрыста ў свеце
Касцёл, наша Маці, не з’яўляецца выключна “зямной” арганізацыяй. Тым не менш, ён існуе ў свеце і з’яўляецца ў ім знакам Хрыста, а таксама стаіць на варце годнасці чалавечай асобы і духоўных каштоўнасцяў. Касцёл шануе грамадскія і палітычныя погляды чалавека, аднак у той жа час чакае ад грамадскай супольнасці пашаны да чалавека, каб у сваіх рашэннях і прысудах улада абапіралася на праўду, справядлівасць, на аб’ектыўныя паняцці дабра і зла. Да таго ж Касцёл мае права і абавязак навучання адносна маральнасці ў дзяржаўных і грамадскіх справах, асабліва калі яны датычаць асноўных правоў чалавека і яго збаўлення.
Касцёл – месца збаўлення
Нельга ісці за Хрыстом і любіць Яго, адначасова адкідаючы Касцёл, бо Касцёл – гэта Яго Містычнае Цела. І як галава і цела складаюць адно цэлае, так і Хрыста нельга аддзяліць ад Касцёла. Папулярнаму сёння дэвізу «Хрыстус – так, Касцёл – не» можна супрацьпаставіць словы вышэйзгаданага святога Цыпрыяна: “Па-за Касцёлам няма збаўлення”. Гэтая праўда нікому не адмаўляе магчымасці быць збаўленым, як і не гарантуе збаўленне тым, хто фармальна да Касцёла належыць. Яна азначае, што Касцёл, які Бог заснаваў дзеля нашага збаўлення, прысутны ўсюды, дзе гэтае збаўленне рэалізуецца. Кожны мае шанс быць збаўленым менавіта таму, што Касцёл існуе.
Святы Касцёл грэшных людзей
Калі хтосьці расчараваўся ў Касцёле, трэба спытаць, у які Касцёл ён верыў і як верыў? Можа, у яго ўяўленні гэта павінна быць ідэальная супольнасць святых людзей? Калі так, то, затрымаўшыся на чыста знешнім, павярхоўным поглядзе на Касцёл, можна і сапраўды страціць ілюзіі: раптам ён праяўляецца як супольнасць, што складаецца з недасканалых людзей і абмежаваных структур? Між тым па-сапраўднаму верыць у Касцёл – азначае верыць у сталую прысутнасць у ім Езуса Хрыста і Духа Святога. Касцёл святы, бо ў ім ёсць Хрыстос, бо Ён заснаваў яго на падмурку Апосталаў і абяцаў, што “брамы пякельныя не перамогуць яго” (Мц 16,18). Касцёл грэшны, бо ён належыць таксама да чалавечай рэчаіснасці, дзе грэшнасць часта зацямняе бляск святасці. Недасканаласць нашых братоў у Хрысце, згаршэнне, выкліканае людзьмі Касцёла, не павінна быць для нас падставай, каб адысці, а хутчэй, нагодай для малітвы і пакуты.
Ёзаф Ратцынгер (будучы Папа Бэнэдыкт XVI) у 1971 г. у сваіх разважаннях параўнаў Касцёл з Месяцам, які не мае ўласнага святла, але атрымлівае яго ад сонца, без чаго запанавала б поўная цемра. Месяц сам па сабе не што іншае, як скалы і пяскі, але ён адбівае святло. “Ці ж гэта не дакладны вобраз Касцёла? – пытаецца Ратцынгер. – Кожны, хто вывучае яго і паглыбляецца ў яго, таксама, як і на Месяцы, нічога не адкрые, акрамя пустэчы, пяскоў і скал – чалавечых слабасцяў. Бясспрэчным з’яўляецца той факт, што нават калі Касцёл – гэта пясок і каменне, аднак па Божай міласці ён з’яўляецца Святлом”.
Любіце Касцёл!
Удзячная любоў да Касцёла, да супольнасці братоў у Хрысце, звязана з любоўю і адданасцю самому Хрысту. Яна выражаецца асаблівым чынам у добраахвотнай дапамозе тым братам, якія найбольш яе патрабуюць, а таксама ў падтрымцы слабейшых у веры. Маім абавязкам з’яўляецца ўзмацняць іх сваім прыкладам, добрай радай і малітвай і не падвяргаць іншых згаршэнню, бо Касцёл мае таксама мой твар.
У далёкім 1968 годзе, калі моцныя хвалі крытыкі накрывалі Касцёл не толькі з боку свету, але пашыраліся і ў самой каталіцкай супольнасці, Папа Рымскі Павел VI заклікаў: “Любіце Касцёл! Надышоў час, каб любіць Касцёл сэрцам моцным і адноўленым. […] Калі нашым абавязкам з’яўляецца любіць бліжняга, незалежна ад таго, у якім выглядзе ён нам прадстаўлены, а любоў гэтая мусіць быць тым большай, чым больш ён зранены і пакутуе, то мы павінны памятаць, што Касцёл – і ён таксама – з’яўляецца нашым бліжнім. […] Заганы і недахопы Касцёла павінны зрабіць мацнейшай любоў у сэрцы таго, хто хоча быць жывым, здаровым і цярплівым чальцом Касцёла. Так паступаюць сапраўдныя сыны, так паступаюць Святыя”.
c. Дар’я Галубкова OV
для друку