Катэхеза. На Свой вобраз і падабенства: чалавек вачыма Бога

Кім ёсць чалавек? Адказ на гэтае пытанне спрабавалі знайсці на працягу стагоддзяў прадстаўнікі розных філасофскіх плыняў і светапоглядаў. Уласнае бачанне чалавека намагаліся перадаць у сваёй творчасці пісьменнікі і мастакі. А між тым поўную праўду пра чалавека Бог адкрыў нам праз сваё Аб’яўленне. Праз сваё Слова Ён паказвае нам канчатковую мэту і сэнс жыцця чалавека. Стварэнне і адкупленне надае кожнай чалавечай асобе найвышэйшую годнасць, якой яна не можа быць пазбаўлена.

Свет з розных бакоў імкнецца навязаць свае ўяўленні пра чалавека і яго перадвызначэнне. Фальшывыя і аднабаковыя тэорыі нярэдка выкарыстоўваюцца ў карыслівых і злачынных мэтах, напрыклад, каб зрабіць з чалавека інструмент для дасягнення прыбытку ці ўтрымання ўлады і кантролю над грамадствам. Таму нам, хрысціянам, так важна ведаць і памятаць, кім мы сапраўды з’яўляемся ў Божых вачах.

“І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага і падабенства Нашага, і няхай валадарыць над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над жывёламі, і над усёю зямлёю” (Бц 1,26). Ужо на першых старонках Кнігі Быцця ўвесь свет паўстае перад намі як Божае стварэнне, якое з’яўляецца добрым. Сярод стварэнняў чалавек атрымлівае асаблівае месца і пакліканне. Менавіта для чалавека былі створаны неба і зямля, сонца і месяц, расліны і птушкі, а сам ён стаў носьбітам Божага вобразу, адзіным стварэннем, якое Бог хацеў дзеля яго самога. Чалавек пакліканы быць саўдзельнікам Божага жыцця, пакліканы прыняць міласэрны дар Божы і адказаць на яго.

Чалавек, які носіць у сабе вобраз Бога, з’яўляецца істотай разумнай. У адрозненне ад іншых істот, нават найбольш развітых жывёл, ён здольны пазнаваць не толькі навакольны свет, але і сябе, сваё ўнутранае жыццё, свядома кіраваць сабой. Ён з’яўляецца кімсьці, а не чымсьці, адзінай у сваім родзе асобай.

Чалавек, які носіць у сабе вобраз Бога, з’яўляецца істотай вольнай. Ён можа выбіраць тое, што хоча, а не тое, што неабходна, да чаго яго схіляюць інстынкты ці грамадскія звычаі. Аднак гэта не азначае самавольства: свабода робіць чалавека адказным за свой выбар.

Чалавек, які носіць у сабе вобраз Бога, мае несмяротную душу. “І стварыў Бог чалавека з пылу зямлі, і ўдыхнуў ў яго дыханне жыцця, і стаў чалавек душою жывою” (Бц 2,7). Чалавек не проста мае душу і цела, але ёсць адначасова душой і целам, якія ў ім ствараюць еднасць. Гэтыя два элементы ў чалавеку нельга супрацьпастаўляць ці прыніжаць вартасць аднаго з іх.

Чалавек, які носіць у сабе вобраз Бога, пакліканы да дыялогу любові і яднання з Богам ды ўдзелу ў Яго Боскім жыцці. Чым бліжэй чалавек да Бога, тым больш ён становіцца чалавекам, узрастае як асоба. Сапраўдным адказам на Божую любоў з’яўляецца наша поўная аддання любоў да Яго.

Чалавек, які носіць у сабе вобраз Бога, дзейнічае як Ягоны супрацоўнік і прадстаўнік у адносінах да навакольнага свету, а не як Яго канкурэнт. З даручэння Божага чалавек павінен развіваць і ўдасканальваць створаны свет. Гэта не толькі прывілей, але і асаблівая адказнасць: чалавек павінен любіць і клапаціцца пра прыроду і жывых істотаў на ўзор іх Стваральніка.

Чалавек, які носіць у сабе вобраз Бога, пакліканы да жыцця ў супольнасці, на ўзор супольнасці Асобаў Найсвяцейшай Тройцы. “І сказаў Пан Бог: нядобра быць чалавеку аднаму” (Бц 2,18). Гэтыя словы Пісання не адносяцца выключна да саюзу мужчыны і жанчыны. Чалавек мае патрэбу ў іншым чалавеку, патрэбу ўтварэння супольнасці з іншымі людзьмі, развіцця супольных каштоўнасцяў.

Чалавек, які носіць у сабе вобраз Бога, з’яўляецца істотай, здольнай любіць сябе і бліжняга. Гэта азначае, што ён не толькі мае патрэбу нешта атрымліваць ад іншых, але і ахвяраваць сабой, аддаваць штосьці з сябе для бліжніх. Інакш кажучы, чалавек здольны скласці бескарыслівы дар з сябе і здольны прыняць гэты дар ад іншага чалавека. Без любові чалавек не можа быць сапраўдным чалавекам.

Чалавек, які носіць у сабе вобраз Бога, ніколі яго не страціць. Мы не з’яўляемся марыянеткамі ў Божых руках, бо Ён шануе нашу свабоду, якою сам нас абдараваў. Мы вольныя выбраць іншы шлях – адмоўна адказаць на Божае пакліканне. Першародны грэх якраз і заключаўся ў тым, што людзі не прынялі дару Бога, не паслухалі Яго і свядома разарвалі з Ім дыялог любові. Чалавек прагнуў сам вырашаць, што з’яўляецца дабром, а што злом, прагнуў дасягнуць поўнай незалежнасці ад Стваральніка. У выніку першародны грэх стаў крыніцай зла ў чалавеку, прычынай яго маральнага аслаблення, знішчэння гармоніі не толькі з Богам, але з навакольным светам і іншым чалавекам. Калі чалавек, пакліканы да жыцця ў любові і згодзе з бліжнімі, канцэнтруецца толькі на сабе, то адначасова дэградуе сам: паддаецца спакусам і найніжэйшым інстынктам, распальвае нянавісць, войны, падзелы. Тым не менш, нават пасля скажэння грахом, чалавек не страціў цалкам падабенства да Бога.

Тым, хто вярнуў чалавеку яго першасны вобраз Бога, стаў наш Збаўца Езус Хрыстус. Ён здзейсніў справу збаўлення – новага стварэння, паяднаў чалавека з Богам, і зноў учыніў яго здольным адказаць на Божы заклік, здольным любіць Бога і бліжняга. Езус аднавіў страчаную сувязь чалавека са светам і стварыў новы Божы народ, дзеля якога пакліканыя ўсе людзі.

Больш за тое, Сын Божы сам стаўся Чалавекам і найбольш дасканалым вобразам нябачнага Бога. Таму чым больш мы набліжаемся да Яго, тым глыбей мы адкрываем праўду пра сябе і жывём ёю. У Езусе Хрысце чалавек становіцца тым, кім ён сапраўды ёсць і да чаго пакліканы.

Напрыканцы гэтай катэхезы я хацела б прыгадаць цудоўнае выказванне святога Яна Паўла ІІ. У сваёй энцыкліцы Redemptor Hominis Папа піша, што чалавек, які хоча зразумець сябе да канца, павінен са сваім неспакоем, няпэўнасцю, а таксама слабасцю і грэшнасцю, са сваім жыццём і смерцю наблізіцца да Хрыста. Заглыбіцца ў Яго, у рэчаіснасць Уцелаўлення і Адкуплення, каб знайсці сябе. Калі гэта адбудзецца, то чалавек не толькі будзе праслаўляць Бога, але і будзе ў захапленні ад самога сябе.

c. Дар’я Галубкова OV

для друку для друку