Eternal Word Television Network, ці коратка EWTN, з’яўляецца адной з найбуйнешых каталіцкіх тэлекампаній у свеце. Сёлета EWTN арганізавала ў Рыме летнюю Акадэмію для журналістаў з усяго свету. Сярод удзельнікаў была і беларуска Ангеліна Марцішэўская – шматгадовая аўтарка тэкстаў для газеты “Слова Жыцця”, а таксама для “Каталіцкага Весніка”. Паразмаўлялі з гарадзенкай пра Акадэмію, яе фокус, вынікі ды пра каталіцкую журналістыку ў цэлым.
– Ці ўдзельнічаў хтосьці з беларусаў да цябе ў Летняй Акадэміі EWTN?
– У падобным маштабе, з правядзеннем конкурсу і ўдзельнікамі з усяго свету мерапрыемства адбывалася ўпершыню. Атрымліваецца, я – першая беларуска, якой пашчасціла там навучацца.
– Ці ведалі іншыя ўдзельнікі пра Беларусь і наш Касцёл? З чым нашу краіну асацыююць журналісты з іншых краін?
– Мне вельмі прыкра пра гэта казаць, але пра нашу краіну і Касцёл не ведаюць амаль нічога. Калі ў мяне пыталіся пра Беларусь, даводзілася даваць вельмі простыя адказы – падставы. Адзін амерыканскі журналіст, спытаўшыся пра маё паходжанне, адрэагаваў: “А-а, Беларусь… Лукашэнка!” Пры гэтым удакладніў, ці мае Беларусь выхад да акіяна (?)
Калі беларуская тэма і трапіла ў міжнародныя СМІ пасля 2020 года, то цяпер з інфармацыйнай павесткі са славянскага рэгіёну яе, зразумела, цалкам выцесніла тэма вайны ва Украіне. Гэта адчувалася і ў Акадэміі, тры ўдзельнікі якой былі ўкраінцы. Яны часта станавіліся цэнтрам увагі, да іх звярталіся з пытаннямі выкладчыкі, пра каментар іх прасіла каманда EWTN, каб зняць чарговы сюжэт навін. Беларусь, мясцовы Касцёл і нашыя праблемы застаюцца ў цені.
– З якімі праблемамі сутыкаюцца каталіцкія журналісты ў іншых рэгіёнах?
– Часцей за ўсё недахоп чалавечых рэсурсаў. Ну і неаднаразова ўзнімалі пытанні, як асвячаць “цёмныя” гісторыі з жыцця Касцёла, кшталту фінансавых скандалаў, выпадкаў педафіліі і г. д., як рэагаваць, калі іншыя СМІ атакуюць Касцёл. Відавочна, шмат журналістаў адчувае разгубленасць у гэтых пытаннях.
Прадстаўнік Дыкастэрыі па справах камунікацыі Даніэл Араса заклікаў не баяцца нападаў на Касцёл, ён бачыць у гэтым магчымасць тлумачыць рэчы лепш, бо за кожным абвінавачваннем можа хавацца пэўная праўда. А калі даводзіцца працаваць з абуральнымі гісторыямі, то не лінчаваць іх герояў, але і не станавіцца ў абарону.
– На што рабілі ўхіл на Акадэміі?
– Я б вылучыла тры галоўныя акцэнты. Па-першае, улічваючы, што EWTN – гэта перадусім пра тэлебачанне і відэа, нас вучылі працаваць з камерай, на камеру і з прадуктам, які зняла камера. Мы мелі лекцыі на тэму напісання гісторыі для відэасюжэта, здымкаў гэтай гісторыі і мантажу. Пасля адбываліся інтэнсіўныя практычныя заняткі па названых трох пазіцыях. Пры гэтым удзельнікі спрабавалі сябе ў кожнай з роляў: дыктара, аператара, мантажора. Падкрэслівалася, што ў часы, калі інфармацыя прадукуецца і распаўсюджваецца з хуткасцю святла, журналіст павінен валодаць універсальнымі ведамі і навыкамі, каб пры неабходнасці падрыхтаваць увесь матэрыял самастойна.
Па-другое, рабіўся акцэнт на працы ў камандзе. На тым, як важна адчуваць, што ты выконваеш супольную місію. Як важна мець лідара, які прадумвае стратэгію развіцця, вучыцца на памылках, інвестуе ў сваіх супрацоўнікаў. Як важна, каб людзі ў калектыве мелі прагу да свайго служэння, былі сціплымі, разумнымі і вялі актыўны дыялог паміж сабой. Усё пералічанае – гэта аснова плённых вынікаў працы ў каталіцкіх СМІ.
І па-трэцяе, шмат увагі надавалі ўвогуле значнасці існавання масмедыя ў Касцёле. Мне запомніліся словы, якія, калі не памыляюся, сказаў віцэ-прэзідэнт вашынгтонскага офіса EWTN др. Мэцью Бансан: “Калі ў дыяцэзіі здараюцца фінансавыя цяжкасці, то найгоршае рашэнне, якое можа прыняць біскуп, – гэта скараціць бюджэт дыяцэзіяльнага медыя ці ліквідаваць яго. Каталіцкія СМІ – гэта першыя памагатыя ў будаўніцтве касцельнай супольнасці, гэта мост паміж біскупам, духавенствам і паствай”.
– Ці былі нейкія важныя фокусы, над якімі працуюць у EWTN і якія табе падаліся пакуль непрымяняльнымі для нашай краіны?
– EWTN шмат супрацоўнічае з некаталіцкімі медыя і падкрэслівае важнасць гэтай кааперацыі дзеля тлумачэння свету асноў нашай веры і таго, што сабой уяўляе Касцёл як інстытуцыя. Своеасаблівы біч хрысціянства сёння – гэта ўпэўненасць нявернікаў, што яны ведаюць хрысціянства дастаткова, каб яго крытыкаваць ці рабіць нейкія суджэнні. Але праўда ў тым, што яны не ведаюць пра Хрыста і супольнасць Касцёла амаль нічога. Памятаю, прыводзілі прыклад, як журналіст з пэўнага ўплывовага медыя прыбыў у Ватыкан, каб рабіць матэрыял пра Папу. Дык ён нават не ведаў, што Касцёл мае біскупаў. Таму адна з місій каталіцкіх журналістаў – быць праваднікамі для людзей з па-за Касцёла ў каталіцкі свет.
Мне цяжка ўявіць падобную супрацу ў Беларусі, бо ніколі не ведаеш, як гэтая інфармацыя будзе выкарыстана.
– Можна пачуць меркаванне, што сённяшні час – гэта “эра прапаганды”, бо з’ява сталася настолькі глабальнай і ўсеабдымнай. Ці былі абмеркаванні на гэты конт?
– Так, гэтая тэма сапраўды ўздымалася. Лектары падкрэслівалі, што мы жывём у часы “прамыўкі мазгоў”. Перадусім казалі пра тое, што каталіцкая журналістыка сама не павінна ўпадобіцца да прапаганды. Яе задача – асвятляць, што ў Касцёле ёсць добрага, а што кепскага. Утойванне “цёмных” гісторый ніяк не абараняе Касцёл, а толькі замінае ў працы над памылкамі. Разам з тым раілі прысутнічаць на кожнай платформе, ад газеты да Tik tok, але не дзеля таго, каб крытыкаваць погляды іншых, але каб паказваць сваё меркаванне.
Характэрнай рысай “эры прапаганды” з’яўляецца і тое, што чалавек траціць давер да СМІ, да інстытуцый, таму і Касцёлу складана прамаўляць у падобных умовах. У Акадэміі лічаць, што адным са спосабаў процідзеяння гэтаму можа быць актывізацыя асабістых акаўнтаў у сацсетках – біскупа, святара, манахіні. Бо давер чалавека чалавеку не толькі захаваўся, але і ўзрос.
– Працягваючы тэму прапаганды, на тваю думку, якім павінен быць адказ каталіцкай журналістыкі?
– Мне вельмі спадабалася, якое параўнанне ў дачыненні да каталіцкага журналіста выкарысталі ў Акадэміі – a sheepdog (сабака, які пільнуе авечак – англ.). Ён не дазволіць, каб зло трыумфавала, бо праўда для яго не ўзнікае ў выніку тых ці іншых узаемадзеянняў паміж людзьмі. Для каталіцкага журналіста існуе аб’ектыўнае правільнае і няправільнае.
На практыцы гэта перш за ўсё павінна адбывацца праз тое, каб не быць генератарам пазітыўных навінаў, але аб’ектыўна адлюстроўваць рэальнасць Касцёла. Не паддавацца спакусе выказваць асабістае меркаванне. І з павагай ставіцца да разнароднасці ў каталіцкай супольнасці.
– З якімі думкамі ты вяртаешся з акадэміі EWTN?
– Што каталіцкую журналістыку можна рабіць на высокім, прафесійным узроўні. Што на ёй можна зарабляць і не думаць, дзе яшчэ шукаць якую працу. Што варта больш увагі прысвячаць ватыканскім дакументам пра камунікацыю, бо яны вельмі прагрэсіўныя, як і аднайменная Дыкастэрыя. Ну і што я не адна ў сваёй місіі.
– Кажуць, што такія сустрэчы важныя для навязвання кантактаў. Ці атрымалася штосьці ў гэтым плане?
– Галоўная задача, якую паставіла перад сабой Акадэмія, – гэта менавіта стварэнне сеткі каталіцкіх журналістаў з усяго свету. На працягу года для яе чальцоў будуць праводзіцца іншыя афлайн- і анлайн-мерапрыемствы. Напрыклад, падчас СДМ у Партугаліі каманда EWTN правяла і фармальную, і нефармальную сустрэчы для журналістаў з Акадэміі, што прыехалі ў Лісабон.
Таксама Летнюю Акадэмію плануюць арганізоўваць штогод, запрашаючы чарговых удзельнікаў. Таму кантакты ёсць і, спадзяюся, будуць пашырацца.
– Ты працуеш у беларускай каталіцкай журналістыцы каля дзесяці гадоў. Што цябе трымае ў гэтай сферы?
– Яна дае мне радасць і асэнсаванасць быцця. Так бы мовіць, гэта мая аддушына.
– Многія наракаюць на слабасць нашых каталіцкіх СМІ, недастатковасць прафесійнасці. Што ты кажаш у такіх выпадках?
– Ведаеш, ад свецкіх чытачоў я заўсёды чую словы пахвалы і падзякі. Негатыў сыходзіць часцей за ўсё ад духавенства. А можа, каб яно ахвотней ішло на супрацу, то і медыя нашыя былі б іншымі.
– Шмат журналістаў прыходзіла і сыходзіла з нашых СМІ. Ці справа толькі ў мізэрных заробках? Што ты думаеш на гэты конт?
– За іншых я адказваць не магу, але з уласнага досведу падзялюся. На працягу ўсіх гадоў не пакідае пачуццё, што ты працуеш сам па сабе, і тое, што робіш, толькі табе і патрэбна. Прафесіяналы ў нашай журналістыцы ёсць, але ёй моцна не хапае арганізацыі. Неяк нядбайна размяркоўваюцца абавязкі і адказнасць, пры ўзнікненні непаразумення ці праблемы невядома, хто і як павінен гэта вырашаць. Востра адчуваецца адсутнасць камунікацыі, як у калектыве, так і паміж каталіцкімі рэдакцыямі ў Беларусі. Няма супольнасці, а гэта цягне за сабой маруднасць прафесійнага і духоўнага росту.
– Ці ёсць нейкія аўтарскія планы ці мары? Што б хацелася зрабіць?
– Можа, таму, што з манахінямі звычайна цяжэй за ўсё ўсталяваць кантакт, мне хацелася б знайсці падыход і запісваць гісторыі іх жыцця да кляштара і ў кляштары, іх думкі і мары. Аповяды пра людзей заўсёды самыя цікавыя. У часы крызісу пакліканняў яны мелі б асаблівую каштоўнасць. Разам з тым я вельмі люблю фармат відэаінтэрв’ю, шмат гляджу на YouTube. Хацелася б, каб размовы з важнымі для Касцёла ў Беларусі людзьмі таксама здымаліся.