Нягледзячы на тое, што да ўлады ў Злучаных Штатах прыйшлі палітыкі, якія дэкларуюць сваю хрысціянскасць і кансерватыўнасць, а дзве з трох найважнейшых пасадаў у краіне занялі католікі, у мясцовага Касцёла стасункі з імі не склаліся. Прычына гэтага – жорсткая антыміграцыйная палітыка, якую праводзіць новая адміністрацыя.
Ужо 20 студзеня, у дзень сваёй інаўгурацыі, Дональд Трамп падпісаў шэраг указаў адносна іміграцыйнай палітыкі. Ён абвясціў надзвычайнае становішча на паўднёвай мяжы ЗША і загадаў вайскоўцам «закрыць межы», скасаваў шэраг ініцыятываў для легальнай іміграцыі і пазбавіў грамадзянства народжаных у Злучаных Штатах дзяцей нелегальных мігрантаў.
Такія захады спрычыніліся да рэзкай крытыкі з боку каталіцкай іерархіі ЗША. Асаблівую занепакоенасць выклікала адмена абмежаванняў на затрыманне нелегальных мігрантаў у касцёлах, школах і бальніцах. Раней для гэтага патрабаваўся адмысловы дазвол. «Новыя распараджэнні будуць мець негатыўныя наступствы, ад якіх пацерпяць самыя слабыя сярод нас», – заявіў 22 студзеня старшыня Канферэнцыі Біскупаў ЗША арцыбіскуп Цімаці Брольё.
Мексіканскія біскупы абяцаюць дапамогу мігрантам
З крытыкай дзеянняў уладаў суседняй краіны выступіў і епіскапат Мексікі, у якую перадусім плануецца высылаць мігрантаў.
Ён выказаў сваю салідарнасць і гатоўнасць дапамагаць ім. «Не дазволім сябе падмануць тым, хто размахвае сцягам каталіцызму, але прыніжае безабаронных, прапагандуе культуру смерці і індывідуалізм. Вера хрысціянская заўсёды будзе імкнуцца да выканання евангельскага паслання, якое не выключае, а ахоплівае ўсіх і надае асаблівую ўвагу тым, хто мае найбольшую патрэбу», – заявілі іерархі.
Паводле біскупа Эўхеніё Ліры Ругарсіі, які адказвае за дапамогу мігрантам у мексіканскім епіскапаце, строгая іміграцыйная палітыка Злучаных Штатаў закранае «больш за 13,5 мільёнаў чалавек без дакументаў непасрэдна і мільёны іншых ускосна».
Ці пазбаўляць Камуніі тых, хто высылае мігрантаў?
Да кола яскравых крытыкаў палітыкі новых уладаў далучыўся і арцыбіскуп Дэтройта Эдвард Вайсэнбургер, які быў намінаваны на гэтую пасаду толькі 11 лютага.
У мінулую кадэнцыю Трампа ён прапаноўваў увесці кананічныя пакаранні – адмову ў святой Камуніі або адлучэнне ад Касцёла – для католікаў, якія ўдзельнічаюць у выкананні іміграцыйных законаў Трампа на мяжы.
У сваю чаргу арцыбіскуп Лос-Анджэлеса Хасэ Арацыё Гомес, які сам нарадзіўся ў Мексіцы і атрымаў амерыканскае грамадзянства ў 1995 годзе, прызнае неабходнасць кантролю межаў, бо «мы не хочам нелегальных імігрантаў-тэрарыстаў ці гвалтоўных злачынцаў у нашых супольнасцях». Таксама ён адзначае, што не кожны можа жыць у ЗША і што патрэбныя правілы і ўпарадкаваны працэс, «каб вырашыць, каго і колькі мы вітаем і на якіх умовах», тады як комплексная рэформа іміграцыйнай сістэмы ЗША не праводзілася з 1986 года.
Тым не менш, ён падкрэслівае: «Людзі нараджаюцца з натуральным правам іміграваць у пошуках лепшага жыцця». На яго думку, «заможныя краіны павінны быць шчодрымі і прымаць іх». Калі ж неабходная дэпартацыя, то яна патрабуе павагі да правоў і годнасці тых, каго яна датычыць.
Амерыканскія ўлады атакуюць
26 студзеня з крытыкай ужо на Касцёл абрынуўся віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс, каторы пазіцыянуе сябе як шчырага католіка. У інтэрв’ю тэлеканалу CBS News ён абвінаваціў мясцовую Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў у карысталюбстве, заявіўшы, што іх заявы матываваныя фінансавай выгадай: «Каталіцкі Касцёл атрымлівае больш за 100 мільёнаў долараў на перасяленне нелегальных мігрантаў».
«Як католік-практык я быў сапраўды засмучаны заявай біскупаў», – падкрэсліў Вэнс. Ён таксама абвінаваціў святароў у ігнараванні праблемы гандлю непаўналетнімі з прычыны палітыкі адкрытых межаў. У адказ біскупская канферэнцыя падкрэсліла шматгадовую гісторыю супрацоўніцтва з урадам у праграме перасялення ўцекачоў. Як заяўляецца, дзяржаўнага фінансавання недастаткова для пакрыцця ўсіх выдаткаў на праграмы дапамогі. «Гэтыя каментары зʼяўляюцца паклёпніцкімі і вельмі агіднымі», – адказаў Вэнсу Мітрапаліт Нью-Ёрка кардынал Цімаці Долан. Ён падкрэсліў, што дапамога Касцёла мігрантам і ўцекачам часта аказваецца па просьбе саміх уладаў.
У сваю чаргу біскуп Марк Сейц, адказны ў епіскапаце за пытанні міграцыі і прытулку, запрасіў віцэ-прэзідэнта азнаёміцца з працай Касцёла. «Калі такія памылковыя звесткі зыходзяць ад чалавека з такім уплывам, гэта можа нанесці велізарную шкоду як працы Касцёла, так і вельмі ўразлівым людзям», – падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што Вэнс «відавочна, атрымаў няправільную інфармацыю».
Некалькі дзясяткаў рэлігійных арганізацый ЗША падалі тры асобныя пазовы супраць новай міграцыйнай палітыкі прэзідэнта Дональда Трампа, перадусім праз скасаванне абмежаванняў дзеянняў паліцыі ў касцёлах і школах. Сярод заяўнікаў – больш за 20 рэлігійных арганізацый, уключаючы англікан, прэсвітарыян, менанітаў ды юдэяў. Касцёл, хоць і не далучыўся да гэтых позваў, падаў асобны іск супраць спынення фінансавання праграмы па перасяленні ўцекачоў.
Ватыкан падтрымлівае амерыканскі Касцёл
З крытыкай дзеянняў амерыканскіх уладаў выступіў і Ватыкан. Гэтак канадскі кардынал Майкл Чэрны, які ўзначальвае ватыканскую Дыкастэрыю па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, заклікаў амерыканскі Касцёл працягваць сваю місію дапамогі. А старшыня італьянскай біскупскай канферэнцыі кардынал Матэа Дзупі, які зʼяўляецца блізкім дарадцам Папы Францішка, рэзка адрэагаваў на фотаздымак закаваных у ланцугі мігрантаў, апублікаваны Белым домам. Ён падкрэсліў, што такія вобразы павінны выклікаць трывогу ў хрысціянскай супольнасці, бо сеюць нянавісць замест таго, каб «ісці шляхам сустрэчы і дыялогу».
11 лютага ліст падтрымкі біскупа ЗША даслаў і сам Папа Францішак. Ён нагадаў, што мігрантамі былі ізраільцяне ў Егіпце і што драму міграцыі перажыў таксама Сын Божы, калі прайшоў шлях выгнання з уласнай зямлі і быў вымушаны шукаць прытулак у чужым грамадстве і культуры. Паводле яго, сямʼя ўцекачоў з Назарэта зʼяўляецца ўзорам і суцяшэннем для мігрантаў і бежанцаў усіх эпох і народаў, для ўсіх тых, хто падвяргаецца пераследу або вымушаны пакінуць сваю радзіму, сямʼю і сяброў і адправіцца ў чужы край.
Папа заклікаў вернікаў і ўсіх людзей добрай волі «разглядаць законнасць нормаў і дзяржаўнай палітыкі ў святле годнасці чалавека і яго асноўных правоў, а не наадварот». Ён падкрэсліў, што хаця нацыя мае права абараняць сваю тэрыторыю і бяспеку «ад тых, хто здзейсніў гвалтоўныя або цяжкія злачынствы падчас знаходжання ў краіне або да прыбыцця ў яе», дэпартацыя людзей, каторыя пакінулі свае родныя землі праз крайнюю галечу, адсутнасць бяспекі, эксплуатацыю, пераслед ці экалагічныя крызісы, наносіць шкоду годнасці цэлых семʼяў, ставіць іх у становішча асаблівай уразлівасці і безабароннасці.
Папа падкрэсліў, што сапраўднае прававое грамадства вызначаецца не толькі выкананнем законаў, але і стаўленнем да самых безабаронных. «Тое, што пабудавана на аснове моцы, а не на праўдзе аб роўнай годнасці кожнага чалавека, дрэнна пачынаецца і дрэнна скончыцца», – гаворыцца ў пасланні Папы Францішка.
Папа падзякаваў біскупам ЗША за іх намаганні ў абароне правоў мігрантаў. Ён таксама заклікаў усіх вернікаў Касцёла і ўсіх людзей добрай волі не паддавацца дыскрымінацыйным наратывам, а замест гэтага жыць у салідарнасці і братэрстве, будаваць масты паразумення і вучыцца, як Езус, ахвяраваць сваё жыццё дзеля ўсеагульнага збаўлення.
Мечыслаў Гапановіч
