Сумесныя паездкі сясцёр эўхарыстак з дарослымі з Цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў, што пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Браславе становяцца добрай традыцыяй. Раней яны наведвалі пра рэкалекцыі для людзей з інваліднасцю з наведваннем святыняў у Відзах, Далёкіх і Опсе.
Сёлета вырашылі працягнуць знаёмства з касцёламі Браслаўшчыны і прысвяцілі суботу міні-падарожжу па прыгожым і багатым на святыні родным краі. 19 чэрвеня пад кіраўніцтвам айца Адама Квяткоўскага SDS і сястры Ірыны Папакуль SJE 16 чалавек наведалі святыні ў Дрысвятах, Мілюнцах і Пагошчы.
Прыемна, што ініцыятарам паездкі стаў сталы наведвальнік Цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў Іван Дзярук. Ён прапанаваў наведаць Дрысвяты, што на самай мяжы з Літвой, а сястра Ірына Папакуль з радасцю падтрымала яго ідэю і арганізавала паездку.
Першай кропкай, якую наведалі, стаў касцёл святых Пятра і Паўла ў вёсцы Дрысвяты. Тут разам з вернікамі Дрысвяцкай парафіі ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую канцэлебравалі пробашч ксёндз Іван Кароткін і айцец Адам Квяткоўскі SDS.
Пасля Літургіі мясцовы пробашч кс. Іван Кароткін распавёў пра гісторыю прыгожай драўлянай святыні, якой хутка 100 гадоў, а пабудавана без адзінага цвіка.
Выходзячы са святыні, пілігрымы сустрэлі біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча. Ён раздзяліў наша захапленне краявідамі, што адкрываюцца з узвышша, на якім стаіць касцёл, а таксама растлумачыў паходжанне назвы вёскі Дрысвяты: «Тры святы, бо тут сустракаюцца тры «светы»: Беларусь, Літва і Латвія». Віцебскі ардынарый блаславіў удзельнікаў паездкі на добрую дарогу і мы паехалі ў вёску Мілюнцы, былыя Пеліканы.
Там наведалі пабудаваны з чырвонай цэглы ў 1907 годзе касцёл св. Якуба. Удзельніца паездкі Людміла Сінкевіч, тутэйшая парафіянка, распавяла, што гэта святыня спазнала падобны лёс да храма ў Дрысвятах.
У касцёле са стрыманым інтэр’ерам, які часта бывае ў святынях, узведзеных у гатычным стылі, мы звярнулі асаблівую ўвагу на цікавы эўхарыстычны сімвал, выразаны на драўляным алтары: пелікан, які корміць сваім целам птушанят. Менавіта гэты вобраз добра ілюструе былую назву вёскі Пеліканы, хоць названая яна так была па прозвішчы гаспадароў маёнтку Пеліканаў, які тут некалі быў.
Людміла запрасіла ўдзельнікаў вандроўкі на абед да сваёй гасціннай матулі Галіны. Пакуль чакалі каўбаскі з вогнішча, спявалі песні, праслаўляючы Госпада за жыццё, людзей, якіх Ён даў нам і за дзень, які можам перажыць разам. На гітары нам акампанаваў Аляксандр Жураўскі, які самастойна навучыўся граць на некалькіх музычных інструментах.
Пасля пасілку супольна памаліліся адну таямніцу ружанца і зрабілі фотаздымак на памяць каля карабля. Яго сваімі рукамі зрабіў старэйшы сын Галіны Аляксей (усяго ў яе 12 дзяцей!). Падзякаваўшы гаспадарам за гасціннасць, пачалі збірацца ў дарогу, хоць з’язджаць зусім не хацелася: у вялікай альтанцы так хораша было размаўляць і славіць Госпада спевам, знаёміцца адно з адным… Але нас чакалі ў апошнім на сённяшні дзень пункце нашай вандроўкі — у вёсцы Пагошча.
Ехалі, гледзячы на залітыя сонцам краявіды роднай Браслаўшчыны. Гэта была выдатная магчымасць паразважаць пра птушак нябесных і лілеі палявыя, праз вобразы якіх сёння прамаўляў да нас Езус у Святым Пісанні.
У Пагошчы мы, канешне ж, наведалі касцёл Божай Міласэрнасці. У цені каля фігуры Сэрца Езуса нас чакаў пробашч парафіі ксёндз Славамір Самковіч. У адрозненні ад касцёлаў, якія мы наведалі раней, гэты — зусім малады. Першы камень быў закладзены ў 1998 годзе, а завяршылася будоўля святыні ў 2002 годзе. Парафія ж у Пагошчы існуе з 1560 года.
Вярталіся ў Браслаў міма прыгожага мураванага касцёла ў вёсцы Опса, уздоўж прыгожых азёр і квітнеючых палёў і ў галаве віравалі думкі: колькі яшчэ адкрыццяў хавае чароўная Браслаўшчына і як хочацца адкрываць гэтую прыгажосць і паказваць яе іншым!
Ася Паплаўская, eucharystki
