Кардынал Макрыцкас расказаў пра падрыхтоўку магілы Папы

Кардынал Раландас Макрыцкас

Кардынал Раландас Макрыцкас, архіпрэзбітэр-каад’ютар Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ, вечарам 22 красавіка 2025 года расказаў журналістам пра дэталі падрыхтоўкі магілы Папы Францішка.

Надмагільная пліта будзе выраблена з мармуру, прывезенага з рэгіёна Лігурыя на поўначы Італіі – у памяць пра паходжанне сям’і Святога Айца. Згодна з тэстамэнтам Папы, магіла будзе сціплай: на ёй будзе змешчана толькі імя Пантыфіка, а на сцяне – павялічаная выява ягонага нагруднага крыжа.

Кардынал Макрыцкас расказаў, што Папа выбраў Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ ў якасці месца свайго пахавання з прычыны глыбокай адданасці абразу Маці Божай “Salus Populi Romani”, да якога ён 126 разоў прыходзіў падчас свайго пантыфікату.

Іерарх адзначыў, што рашэнне пра пахаванне ў галоўнай марыйнай базыліцы Рыма нарадзілася падчас сустрэчы з Папам у 2022 годзе. “Гэта быў май, мы размаўлялі пра падрыхтоўку дзвюх магіл для архіпрэзбітэраў. Адна з іх павінна была знаходзіцца ў капліцы “Salus Populi Romani”. Убачыўшы яго пабожнасць, я спытаўся ў Яго Святасці, ці не думаў ён калі-небудзь быць пахаваным тут. Ён адказаў, што звычайна Папаў хаваюць у Базіліцы Святога Пятра. Але праз тыдзень патэлефанаваў мне і сказаў: “Багародзіца сказала мне падрыхтаваць магілу”. І дадаў: “Я шчаслівы, што Маці Божая не забылася пра мяне. Раландас, знайдзі месца, дзе можа быць мая магіла, бо я хачу быць пахаваны тут”, — падзяліўся кардынал Макрыцкас.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку