Калядоўшчыкі шасці краін наведалі Еўрапарламент у Бруселі

Калядоўшчыкі (Sternsinger) з шасці еўрапейскіх краін наведалі Еўрапарламент у Бруселі, заклікаючы палітыкаў падтрымаць абарону клімату і правы дзяцей ва ўсім свеце.

15 студзеня 2025 года дэлегацыі з Аўстрыі, Германіі, Італіі, Венгрыі, Бельгіі і Румыніі прынеслі калядную вестку міру ў Еўрапейскі парламент. Як паведамляе арганізацыя Dreikönigsaktion, старшыня і віцэ-старшыня Еўрапарламента Раберта Метсола і Сабіна Фергеен сустрэліся з юнымі прадстаўнікамі ініцыятывы.

У гэтым годзе асаблівая ўвага надаецца дапамозе дзецям і моладзі ў Непале. Фінансавыя сродкі будуць прызначаны на дзейнасць арганізацый Yuwalaya і Opportunity Village Nepal, якія рэалізуюць праекты па барацьбе з беднасцю, эксплуатацыяй і гандлем людзьмі ў гэтай краіне.

Старажытная традыцыя калядавання, вядомая ў нямецкамоўных краінах як Sternsinger, за апошнія дзесяцігоддзі ператварылася ў адну з самых уплывовых дабрачынных ініцыятыў у свеце.

Сучасная форма гэтай традыцыі, закладзенай у Аўстрыі ў 1954 годзе, ператварылася ў магутны рух салідарнасці. Толькі ў нямецкамоўных краінах штогод больш за 400 тысяч дзяцей становяцца ўдзельнікамі высакароднай місіі. Яны не проста спяваюць калядкі і пішуць традыцыйнае благаслаўленне над дзвярыма дамоў, але і збіраюць ахвяраванні на дапамогу дзецям у найбяднейшых рэгіёнах свету.

З моманту заснавання ініцыятывы ў 1954 годзе было сабрана 540 мільёнаў еўра і рэалізавана больш за 75 тысяч праектаў у краінах Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі