Неяк з вуснаў адной манахіні я пачула такія словы: “Самай галоўнай з’яўляецца запаведзь любові, але не кожны правільна трактуе яе сэнс. Хрыстос заклікае любіць бліжняга як самога сябе. Аднак і сёння многія паміж сабой і бліжнім замест знака роўнасці ставяць больш або менш”. Гэтыя словы доўгі час не выходзілі з галавы. Я разумела, што сітуацыя сапраўды выглядае так. Частка людзей, паддаўшыся модным тэндэнцыям, стварае ўласную рэлігію эгаізму – ставіць сябе вышэй за іншых, стараецца жыць на поўную. Некаторыя ж, наадварот, ахвяруюць усё для іншага чалавека, забываючыся пра сябе. І першая, і другая пазіцыі, зразумела, з’яўляюцца крайнасцямі. Яшчэ адна крайнасць – клапаціцца пра душу і зусім не думаць пра ўласнае цела. Многія сцвярджаюць, што цела – гэта перашкода для духоўнага развіцця. Яно стварае бар’ер на шляху да святасці.
Некаторы час таму са мной здарылася сітуацыя, якая стала сапраўдным урокам. Чарговы раз я пайшла ў адпачынак. Усе чатыры тыдні распланавала загадзя. Хацелася з першых дзён кінуцца ў вір спраў. На першым тыдні планавала давесці да парадку хатнія абавязкі. Аднак тут мяне чакала неспадзяванка. Як толькі я распачынала нейкую справу, мяне апаноўвала апатыя, хацелася прысесці або прылегчы і адпачыць. Ужо праз некалькі дзён пачала дакараць сябе за тое, што стала лянівай і апатычнай, знікла цікавасць да спраў, а хобі адышлі на другі план. З кожным днём усё больш і больш я стала дакараць сябе за ляноту, якая зусім не спрыяе добраму хрысціянскаму жыццю. Напэўна, такі стан мог бы працягвацца доўга, але выпадак зрабіў сваю справу.
У пэўны дзень я выехала ў іншы горад. Ідучы па вуліцы, адчула, што ў мяне пакрысе цямнее ў вачах і пачынае круціцца галава. Я мусіла спыніцца, прысесці на лаву і крыху адпачыць. Такі стан яшчэ некалькі разоў паўтарыўся на працягу дня. Гэта сітуацыя падштурхнула мяне пайсці ў медыцынскі цэнтр і здаць разгорнуты аналіз. Праз некалькі дзён прыйшлі вынікі, якія паказалі анемію. Тады я зразумела, чаму не было сіл нават на самыя простыя рэчы.
Гонячыся за добрым хрысціянскім жыццём, я зусім забылася пра сваё цела. Прыгадала, што на працягу дня забывалася пра сняданкі, абеды, амаль цалкам выключыла са свайго рацыёну мяса. Парушэнне балансу, безумоўна, адбілася на стане здароўя і агульным самаадчуванні. Гэта сітуацыя дапамагла пераасэнсаваць многія рэчы, зрабіць вывады. Наша цела таксама патрабуе ўвагі і клопату. А гэты клопат праяўляецца праз добрае харчаванне, праз якасны сон, своечасовыя медыцынскія агляды. Клопат пра цела – гэта і падбор адпаведнага гардэробу. Жанчыны-хрысціянкі вельмі часта грэбуюць гардэробам, лічачы, што гэта не галоўнае. Аднак адзенне таксама закліканае паказаць прыгажосць жанчыны, вытанчанасць і грацыю, таксама яно спрыяе псіхалагічнаму камфорту, правільнаму ўспрыняццю сваёй жаноцкасці.
У нашым жыцці, на жаль, вельмі часта не хапае балансу. Робячы акцэнт на чымсьці адным, мы забываем пра іншыя рэчы, якія з’яўляюцца не менш важнымі і таксама патрабуюць увагі, таму штодня неабходна звяртацца па дапамогу да Духа Святога, Які, напэўна, адновіць у кожным дары мудрасці, розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці, боязі Божай. З дапамогай Духа Святога, бясспрэчна, можна будзе пазбегнуць многіх памылак і хібаў.
Сведка Божай любові
